Да свята гатовы!

- 10:26Актуально, Апошнія запісы

26 ліпеня адбылося чарговае пасяджэнне Рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні ў 2019 годзе мерапрыемстваў, прысвечаных 50-годдзю Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня”. У пасяджэнні ўзяў удзел намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка.

Знаёмячыся з бытавымі ўмовамі пражывання і адпачынку дзяцей і су­працоўнікаў, асаблівасцямі сістэмы метадычнай работы цэнтра, Ігар Віктаравіч адзначыў, што на такія высокія стандарты ў будучыні павінны арыентавацца ўсе летнікі і цэнтры, створаныя ў Беларусі для адпачынку і аздараўлення дзяцей.

Ігар Віктаравіч адзначыў высокі ўзровень арганізацыі медыцынскай дапамогі ў “Зубраняці”, дзе на гэты момант дзеці могуць атрымаць як своечасовую штодзённую дапамогу, так і комплекс платных паслуг па аздараўленні, якія не ўваходзяць у зацверджаны сацыяльны стандарт медыцынскага абслугоўвання. Намеснік прэм’ер-міністра ўпэўніўся, што ў цэнтры створаны ўсе ўмовы для таго, каб правесці першасныя абследаванні дзяцей, паставіць дыягназ і па медыцынскiх паказаннях аказаць дзецям адпаведныя аздараўленчыя працэдуры.

“Бацькі, адправіўшы сюды дзіця, могуць не хвалявацца, што нейкая дапамога яму не будзе аказана своечасова. Тут усё зроблена для таго, каб дзіця магло адпачыць, аздаравіцца і з новымі сіламі далей асвойваць вучэбную праграму”, — адзначыў віцэ-прэм’ер.
Ігар Петрышэнка меў магчымасць азнаёміцца з вучэбнай і навукова-практычнай базай цэнтра, наведаўшы школу, “Лідар-цэнтр” і сучасны лабараторны комплекс “Юніёр-плюс”.

Па словах Ігара Петрышэнкі, асаблівую гордасць выклікае той факт, што ў цэнтры адпачываюць і аздараўляюцца дзеці не толькі з Беларусі, але і з краін замежжа, у тым ліку па запрашэнні кіраўніка дзяржавы. Знаходзячыся на тэрыторыі цэнтра, Ігар Віктаравіч меў магчымасць паразмаўляць з дэлегацыяй дзяцей з Падляскага ваяводства Польшчы, якія падзяліліся з ім уражаннямі ад адпачынку, а таксама зрабілі фота на памяць.

Міністр адукацыі Ігар Карпенка далажыў віцэ-прэм’еру пра выкананне рашэнняў папярэдняга пасяджэння Рэспубліканскага аргкамітэта, якое адбылося ў красавіку бягучага года. За час падрыхтоўкі да свята прайшлі прэс-канферэнцыі і прэс-тур “Зубраняці” — 50”, у сродках масавай інфармацыі шырока асвятляецца гісторыя цэнтра і яго дасягненні, падрыхтавана да друку кніга “Краіна дзяцінства, радасці, мары: нарысы пра мінулае, сучаснасць і будучыню”, у якой сабраны звесткі пра гісторыю, развіццё і сучасны стан “Зубраняці”, вялікая колькасць фотаздымкаў, а таксама ўспаміны выхаванцаў і супрацоўнікаў розных гадоў.

“Зубраня” з’яўляецца ўзорам аздараўленчага цэнтра для дзяцей, які развіваецца, не стаіць на месцы”, — адзначыў віцэ-прэм’ер.

За асаблівыя дасягненні ў сацыяльна-культурным развіцці, арганізацыі навучання, выхавання і аздараўлення дзяцей і ў сувязі з 50-годдзем з дня заснавання ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Бе­ларусь НДЦ “Зубраня” быў прысу­джаны ганаровы Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. У Геральдычным савеце пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь зацверджаны нагрудны знак “Ганаровы сябар НДЦ “Зубраня”. На тэрыторыі цэнтра падчас юбілейных урачыстасцей будуць адкрыты памятны знак “Вожатское серд­це должно быть большим” і скульптурная кампазіцыя “Наш важаты — таварыш і сябар”. Таксама выпушчаны музычны дыск “Зоркі і зубраняцкія хіты”, зняты відэафільм і відэаролік пра гісторыю і дзей­насць цэнтра.

Адна з тэхнічных навінак, якую змо­гуць убачыць госці цэнтра, — інтэрактыўны 3D-макет генеральнага плана перспектыўнага развіцця НДЦ “Зубраня”, створаны студэнтамі БНТУ.

Вядзецца работа па падрыхтоўцы Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “50 гадоў разам: сацыяльнае партнёрства як рэсурс для пабудовы паўнавартаснага шматвектарнага і адкрытага адукацыйнага праекта”. У шматлікіх выхаваўча-аздараўленчых установах краіны прайшлі спартыўна-масавыя мерапрыемствы “Юбілейны зубраняцкі марафон”, рэалізаваны праект “Зубренка” голос звонкий”, акцыя “Павіншуем “Зубраня” разам”.

“Інфраструктура цэнтра гатова прыняць гасцей, якія плануюць прыехаць на юбілей “Зубраняці”. Мы рыхтуем насычаную праграму, у якую ўвойдуць урачыстыя, навуковыя і забаўляльныя мерапрыемствы, кожнае з якіх само па сабе стане падзеяй у жыцці цэнтра, яго выхаванцаў, супрацоўнікаў, сяброў і партнёраў, а таксама стане часцінкай нашага агульнага свята”, — азначыла дырэктар цэнтра Надзея Генадзьеўна Ануфрыева.

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота аўтара.