Да традыцый праз батлейку

- 16:26Выхаванне, Выхаваўчая работа

Педагагічны калектыў гімназіі № 3 Магілёва ўпэўнены: далучэнне дзяцей да беларускай гісторыі і нацыянальных традыцый — найлепшы спосаб развіцця сацыяльна­грамадзянскіх кампетэнцый і патрыятычных пачуццяў.

— Выхаванне моладзі ў нашай навучальнай установе ў такім жа прыярытэце, як і якасць адукацыі. Агульнымі педагагічнымі намаганнямі мы імкнёмся выхаваць кожнага гімназіста не спажыўцом, які клапоціцца толькі аб уласным дабрабыце і жыве па прынцыпе “мая хата з краю”, а годным грамадзянінам, які ведае гісторыю сваёй краіны, памятае і паважае традыцыі сваіх продкаў, прыкладае намаганні, каб зберагчы ўсё тое, што засталося ад мінулых пакаленняў, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Лілія Грамыка.  

У 3-й магілёўскай гімназіі назапашаны даволі вялікі эфектыўны вопыт работы па далучэнні навучэнцаў да культурнай спадчыны. За апошнія гады мясцовыя педагогі рэалізавалі шэраг інавацыйных праектаў. Настаўнікі шукалі інавацыйныя формы развіцця сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый дзяцей праз вусна-гістарычнае даследаванне роднага краю, стварэнне адукацыйных медыяэкскурсій і падарожжаў. Цяпер тут распрацоўваюць мадэль грамадзянскага і патрыятычнага выхавання на аснове гісторыі і традыцый беларускага народа.

— Да гэтага інавацыйнага праекта далучыліся з пачатку бягучага навучальнага года. Пэўныя напрацоўкі ў нас ужо ёсць, але стаяць на месцы не хацелася. Пасля творчага пошуку і працяглых разваг вырашылі спыніцца на тэатральным мастацтве. Толькі не на сучасным, а на спрадвечна народным — батлейцы. Чаму менавіта ёй аддалі перавагу? Лялькі, цацкі — гэта тое, што заўсёды блізкае дзецям. А праз гульню яны больш дакладна пачынаюць разумець сутнасць галоўных духоўна-маральных каштоўнасцей беларусаў, — адзначыла Лілія Уладзіславаўна.

Працэс стварэння гімназічнай батлейкі быў карпатлівым. Спачатку педагогі дасканала азнаёмілі навучэнцаў з асаблівасцямі гэтага беларускага тэатра.

Лялькі, цацкі — гэта тое, што заўсёды блізкае дзецям. А праз гульню яны больш дакладна пачынаюць разумець сутнасць галоўных духоўна-маральных каштоўнасцей беларусаў.

— Разам з вучнямі мы наведвалі розныя культурныя мерапрыемствы, дзе прадастаўлялася магчымасць непасрэдна азнаёміцца з батлеечным тэатрам. Таксама для навучэнцаў арганізоўваліся тэматычныя класныя гадзіны. На першым этапе было вельмі важна паказаць дзецям, што такое батлейка: як пабудавана і абсталявана скрыня, як рухаюцца лялькі, з чаго іх можна вырабляць, — паведаміла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ірына Церахава.

Асаблівасць гімназіі № 3 — калектыўныя творчыя справы. Таму наступным крокам да стварэння ўласнай батлейкі стала далучэнне да гэтай дзейнасці бацькоў, бабуль і дзядуляў навучэнцаў. Каб больш матываваць дзяцей, быў аб’яўлены конкурс на лепшую батлеечную ляльку. Творчае спаборніцтва знайшло вялікі водгук. Многія вучні настолькі захапіліся, што стварылі нават не аднаго персанажа.

— Батлейка зацікавіла не толькі мяне, а і маіх бацькоў. Мы разам выбіралі казачных герояў, потым шукалі спосабы вырабу лялек, падбіралі для гэтага неабходныя матэрыялы, — падзялілася вучаніца 6 класа Арына Івашкова.

Усяго на конкурсную выставу было прадстаўлена звыш 150 разнастайных лялек. Скрыню для батлейкі дапамог зрабіць настаўнік працоўнага навучання Ігар Смірноў. І вось нядаўна адбылася прэм’ера першай пастаноўкі.

— Непасрэднай рэалізацыяй праекта па стварэнні гімназічнай батлейкі займаюцца настаўніцы Ірына Церахава і Ала Несцяровіч, а таксама паралелі 6-х класаў. У першым спектаклі былі задзейнічаны навучэнцы Дар’я Цітова, Фёдар Кірэеў, Максім Усціновіч і Каміла Русаковіч. Пад кіраўніцтвам сваіх педагогаў яны зрабілі інсцэніроўку народнай казкі “Разумная дачка”. Гэты твор быў выбраны невыпадкова. Ён уваходзіць у вучэбную праграму па беларускай літаратуры і вучыць дзяцей дабрыні, спагадлівасці, кемлівасці і знаходлівасці, — падкрэсліла Лілія Грамыка.

Зараз пастаноўку паказваюць для навучэнцаў пачатковых класаў. А тыя дзеці, якія не змогуць наведаць паказ, пабачаць яго на экране тэлевізара, бо спектакль быў зняты на відэа.

Каб больш матываваць дзяцей, быў аб’яўлены конкурс на лепшую батлеечную ляльку. Многія вучні настолькі захапіліся, што стварылі нават не аднаго персанажа.

Батлейка вельмі добра далучае навучэнцаў да слаўнага беларускага мінулага, таму ў планах калектыву гімназіі працягваць развіваць гэты від тэатральнага мастацтва. У будучым навучальным годзе тут думаюць зладзіць яшчэ некалькі пастановак. Кожны паказ будзе накіраваны на фарміраванне ў дзяцей правільных жыццёвых прынцыпаў і арыенціраў, якасцей сапраўдных патрыётаў і грамадзян.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.