“На яго ўроках вітае дух творчасці”, — так гавораць дзеці пра настаўніка хіміі брэсцкай сярэдняй школы № 10 Уладзіслава Эдуардавіча Лупакова, які ўжо амаль 20 гадоў аддае сябе любімай педагагічнай справе.
Усе, хто ведаюць Уладзіслава Эдуардавіча, прызнаюць, што яму ўласцівы высокая эрудыцыя, нястомны творчы пошук, метадычнае майстэрства. Вялікую ўвагу ў сваёй рабоце настаўнік удзяляе развіццю ў вучняў навыкаў самастойнага набыцця ведаў. Педагог імкнецца зрабіць свае заняткі псіхалагічна камфортнымі для ўсіх выхаванцаў. Грунтоўная падрыхтоўка да ўрокаў і факультатываў, невычэрпная энергія і шчыры энтузіязм, які сёння з’яўляецца каштоўнай уласцівасцю на фоне агульнага прагматызму, робяць на вучняў надзвычай моцнае ўражанне.
Кожнае дзіця знаходзіцца пад пільнай увагай настаўніка. Яго цікавыя ўрокі надоўга застаюцца ў памяці. Не абыходзіць увагай Уладзіслаў Эдуардавіч і навукова-даследчую работу, да якой актыўна далучае вучняў. “За сваё жыццё хачу шмат паспець зрабіць” — такая пазіцыя настаўніка.
Уладзіслаў Эдуардавіч — актыўны ўдзельнік розных навукова-практычных канферэнцый. Так, яго работа “Новае ў методыцы выкладання хімічных і экалагічных дысцыплін” была адзначана дыпломам І ступені на адной з рэгіянальных міжуніверсітэцкіх канферэнцый. Акрамя таго, настаўнік падрыхтаваў і выдаў шэраг метадычных даведнікаў: “Агульная хімія для старшакласнікаў і абітурыентаў”, “Хімія ў літаратуры”, “Выкарыстанне літаратурных твораў на ўроках хіміі”, “Агляд найважнейшых металаў”, “Хімія металаў з асновамі электратэхнікі”, “Паходжанне хімічных тэрмінаў” і “Спатканні рэчываў і слоў”.
Кола асабістых інтарэсаў педагога вельмі шырокае. Адным з найбольш важных яго захапленняў з’яўляецца паэзія. Многія вершы настаўніка былі надрукаваны ў перыядычных выданнях.
У асобе Уладзіслава Эдуардавіча гарманічна спалучаюцца сумленнасць, інтэлігентнасць, сціпласць і прафесіяналізм. У.Э.Лупакоў — цікавы субяседнік, заўсёды адкрыты для дыялога. Ён добры сем’янін, клапатлівы бацька для трох дачушак — Насці, Марыі, Вольгі — і сына Мікалая.
Уладзіслаў Эдуардавіч — чалавек высокай духоўнай культуры. Яго ўрокі дапамагаюць вучням разумець хімію, запатрабаваную жыццём. Вершы вядомых паэтаў педагог умела выкарыстоўвае падчас урокаў. Напрыклад, пасля прачытання ўрыўка з твора С.Грахоўскага
“Цвітуць да замаразкаў астры.
На ціхі сонечны бульвар
У крэйдзе, вапне, алебастры
Выходзіць з вёдрамі маляр”
настаўнік пытаецца ў дзяцей: “Што агульнага ў хімічным складзе пералічаных матэрыялаў?”. Адказ: усе яны ўтрымліваюць злучэнні кальцыю. Далей педагог просіць вучняў назваць формулы гэтых рэчываў. Адказ: крэйда — СаСО3, вапна — СаСОН2, алебастр — 2СаSО4Н2О.
На ўроках хіміі У.Э.Лупакова ажываюць старонкі мастацкіх твораў розных жанраў: раман Л.Дайнекі “Меч князя Вячкі” і аповесць Янкі Маўра “У краіне райскай птушкі”, паэма Якуба Коласа “Новая зямля” і вершы Р.Барадуліна, А.Куляшова, П.Панчанкі і М.Аўрамчыка. Выкарыстанне мастацкіх твораў на ўроках хіміі робіць іх надзвычай эмацыянальнымі і цікавымі. Міжпрадметныя сувязі дапамагаюць разнастаіць вучэбны матэрыял.
Нестандартныя практыкаванні рэалізоўваюць шмат прынцыпаў дыдактыкі — выхаваўчага навучання, даступнасці, свядомасці і актыўнасці вучняў, сістэмнасці, навуковасці і сувязі з жыццём. Урокі, напоўненыя такім зместам, паказваюць, што ў жыцці любога чалавека “хімія распасцірае свае рукі”. І няважна, якую прафесію ў далейшым выберуць вучні. Веданне хіміі будзе карысным у штодзённым жыцці.
Сёння Уладзіслаў Эдуардавіч працуе над новымі цікавымі тэмамі: “Заалагічныя назвы на мовах усходніх славян”, “Таямніцы ў назвах краін” і “Назвы рэчываў у назвах гарадоў”. Настаўнік не марнуе час. Ён, нібы мастак, кожны пражыты дзень расквечвае рознакаляровымі фарбамі, закладвае ў дзіцячыя душы дабрыню і спагаду, а ў розум — трывалыя падмуркі ведаў.
Ніна ДРЫК.
Фота аўтара.