Да ведаў і жыцця праз “Што? Дзе? Калі?”

 

Алег Іванавіч Клімовіч — настаўнік матэматыкі гімназіі Фаніпаля. За 20 гадоў працы заваяваў павагу не толькі калег, але і вучняў, іх бацькоў. Яго метады выкладання дазваляюць нават самым “безнадзейным” гуманітарыям пранікнуцца цікавасцю да дакладных навук, а яшчэ ён вядомы ў Дзяржынскім раёне як трэнер і аматар інтэлектуальных гульняў. На базе сваёй гімназіі Алег Клімовіч трэніруе каманды ўсіх узроставых катэгорый. Юніёрскі “Фенікс” і ювенальны “Ордэн Фенікса” ўваходзяць у лік лепшых інтэлектуальных каманд Беларусі.

Хто раскажа пра настаўніка лепш, чым яго вучні? Паліна Барздыка, цяперашняя першакурсніца Інстытута журналістыкі БДУ, а ў мінулым вучаніца гімназіі Фаніпаля, прызнаецца: хоць ёй і бліжэй вывучэнне моў, а не матэматыка, у школе гэты прадмет быў адным з самых любімых. “Мне заўсёды падабалася, што Алега Іванавіча хвалявала, ці будзем мы разумець тое, што ўспрымаем, — расказала Паліна. — Ён не абмяжоўваў сябе адным падручнікам: даваў задачы з кніжак для пераможцаў “Кенгуру” і са зборнікаў ЦТ, расказваў пра матэматычныя хітрасці накшталт хуткага множання трохзначных лікаў, вучыў, як выводзіць формулы, калі ты іх раптам забыў, распавядаў гісторыі пра жыццё навукоўцаў-матэматыкаў, прыдумваў гульні, рабіў прадмет “жывым”. На ўроках не было напружання, таму туды хацелася ісці. Але, на маю думку, больш за ўсё Алега Іванавіча любяць за “Што? Дзе? Калі?”.

Сам Алег Іванавіч расказвае, што стаж інтэлектуальнага гульца ў яго даўжэйшы за настаўніцкі: “У інтэлектуальныя гульні я яшчэ маладым прыйшоў, дзякуючы сваёй жонцы — захапіла яна мяне імі яшчэ ў студэнцкую пару, а цяпер актыўна гуляюць ужо нашы дзеці. Наогул, не дзялю свае амплуа гульца і настаўніка матэматыкі”. На яго ўроку лёгка можна прайсці сеанс інтэлектуальнага “покера”. “Напрыклад, я даю пытанні па вывучанай тэме, а вучні павінны адказваць, пляскаючы ў далоні. Калі той, хто пляснуў першым, адказаў правільна, яму прапануецца паспрабаваць адказаць на наступнае пытанне. Калі ён згаджаецца, то наступны правільны адказ будзе каштаваць не адзін бал, а два, трэці — ужо чатыры, і так у геаметрычнай прагрэсіі, але пры памылковым адказе ўсе балы згараюць. Калі вучань своечасова спыніцца, балы застануцца пры ім. Гэта дае магчымасць уцягнуць у працэс гульні-апытання і тых вучняў, якія звычайна не жадаюць адказваць, — тлумачыць Алег Клімовіч. — На ўроку абагульнення ведаў можна правесці брэйн-рынг ці “Сваю гульню”. Упэўнена магу сказаць, што такая форма вучэбнага працэсу дазваляе развіваць пазнавальную актыўнасць вучняў, дае магчымасць павысіць якасць адукацыі”.

Знакамітая ў раёне ўся сям’я Клімовіч: на самім Алегу Іванавічу, яго жонцы Таццяне і дачцэ Ганне трымаецца “народны” клуб інтэлектуальных гульняў “ЧК” у Дзяржынску, яны — ініцыятары правядзення адзінага ў Беларусі кругласутачнага інтэлектуальнага марафону, на які прыязджаюць каманды нават з-за мяжы. У гэтым годзе каманда “ЧК” стала чэмпіёнам Мінскай вобласці ва ўсіх гульнявых відах, таму Алег Іванавіч — дзеючы чэмпіён Мінскай вобласці сярод дарослых.

Вучні Алега Клімовіча таксама радуюць поспехамі: у 2014 годзе юніёрская каманда “Фенікс” стала абсалютным чэмпіёнам міжрэгіянальнага фестывалю “Ігуменская завея” ў Чэрвені, заняўшы першыя месцы ва ўсіх трох заліковых гульнях. З Ваўкавыска, дзе штогод праходзіць Рэспубліканскі фестываль раённых цэнтраў і малых гарадоў Беларусі, “Фенікс” таксама ніколі не прыязджае без узнагарод. Вучні нашага героя тры гады запар з’яўляюцца фіналістамі рэспубліканскага чэмпіянату сярод школьнікаў і ўваходзяць у шэраг лепшых каманд краіны па інтэлектуальных гульнях.

Па словах Алега Іванавіча, адначасовая праца і настаўнікам, і трэнерам толькі натхняе: “Калі б не было інтэлектуальных гульняў, мне было б сумна працаваць. У працэсе заняткаў ты атрымліваеш асалоду ад поспехаў, інтэлектуальнага росту сваіх вучняў. Самы яскравы доказ такіх вынікаў — бляск у вучнёўскіх вачах. Быў, напрыклад, хлопчык — адны “двойкі” ды “тройкі”. Настаўнікі такое дзіця не бачылі, не ўспрымалі ўсур’ёз як асобу, а калі ён прыйшоў да нас у клуб, то раскрыўся з нечаканага боку — аказалася, што ён чытаў такія творы, якія выдатнікі ў яго ж класе яшчэ не бачылі. Такія “шэрыя троечнікі” раскрываюцца менавіта падчас гульні, нефармальнай інтэлектуальнай дзейнасці. Дапамагае ўдзел у інтэлектуальных гульнях і нават самым глыбокім інтравертам. Калі бачыш вынікі сваёй працы, гэта надае ўпэўненасці ў тым, што ты робіш нешта правільнае і патрэбнае”.

На пытанне пра тое, за што, на думку настаўніка, вучні яго паважаюць, Алег Іванавіч адказвае: “Мабыць, за тое, што са мной заўсёды можна абмеркаваць любую тэму, не толькі вузкапрадметную. Я ніколі не адмаўляю дзецям, у якім бы настроі ні быў, калі ім патрэбна парада ці кансультацыя, заўсёды гавару: “Вы мяне можаце спыніць у любым месцы ў гімназіі, ля гімназіі, у Фаніпалі і нават у Дзяржынску, акрамя аднаго месца — у сталовай, калі я абедаю”, — усміхаецца матэматык. Таму вучні ахвотна ідуць на кантакт. Не было яшчэ сітуацыі, калі настаўнік не змог адказаць на пытанне. Дзеці гэта заўважаюць і цэняць.

Кацярына ЖОРАВА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *