Да венгерскіх сяброў

- 15:59Нам пішуць

Маларыцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці не адзін год наладжвае міжнародныя сувязі. Сёння ва ўстанове адукацыі рэалізоўваюцца дамовы аб супрацоўніцтве са спартыўным аб’яднаннем імя Етвыша ў Дэбрэцэне (Венгрыя) на 2016—2019 гады, Таварыствам роўных магчымасцей у Ньірбаторы (Венгрыя) і Старавыжэўскім прафесійным ліцэем Валынскай вобласці Украіны.

Нядаўняя паездка маларытчан у Ньірбатор падштурнула да заключэння чарговай міжнароднай дамовы з адной з прафесійна-тэхнічных школ. Гэтая дамова, як і папярэднія, прадугледжвае цеснае ўзаемадзеянне ў сферы адукацыі, культуры, спорту і турызму. У рамках дамовы запланаваны розныя спартыўныя мерапрыемствы, майстар-класы, семінары, канферэнцыі, кансультацыі і нават сумесны адпачынак, якія будуць пашыраць кантакты паміж педагогамі дзвюх краін.

— Пяцідзённая паездка для 16 ліцэістаў атрымалася незабыўная і яркая, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ліцэя Таццяна Белаш. — Уразілі экскурсіі, культурна-масавыя і спартыўныя мерапрыемствы, мясцовая архітэктура, культура і прырода. Маларытчане пабывалі на прыёме ў мэра Ньірбатора. Мясцовае тэлебачанне падрыхтавала пра нас сюжэт для навін. У Венгрыю мы прыязджаем ужо даўно, і як да даўніх сяброў, з якімі ў нас шмат агульнага.

— Я ў захапленні ад паездкі, — гаворыць ліцэіст Ілья Кагут. — Многае ў Венгрыі прыемна здзівіла і ўразіла. Цікава было пазнаёміцца з замежнымі равеснікамі.

Плануецца, што ў красавіку наступнага года венгерская дэлегацыя чарговы раз наведае Маларытчыну. Сёння ў ліцэі распрацоўваюць праграму знаходжання гасцей.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.