Да выхавання асобы праз узаемасувязь сям’і і школы

- 11:30Адукацыйная прастора

Стратэгічныя арыенціры развіцця сістэмы адукацыі Магілёўшчыны абмеркавалі на абласным педагагічным савеце. Ён аб’яднаў каля тысячы ўдзельнікаў: кіраўнікоў і педагогаў устаноў адукацыі рэгіёна, намеснікаў старшынь гар-, райвыканкамаў, прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання, прафсаюзаў, грамадскіх арганізацый. Удзел у мерапрыемстве прынялі таксама кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц, першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава і іншыя ганаровыя госці.

Сярод гарадскіх упраўленняў па адукацыі лепшай па выніках мінулага года была прызнана работа ўпраўлення па адукацыіМагілёўскага гарвыканкама пад кіраўніцтвам Ірыны Рыбаковай. Падчас абласнога педсавета ІрынаЛеанідаўна была таксама адзначана нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”.

Падчас пленарнага пасяджэння былі падведзены вынікі папярэдняга навучальнага года, вызначаны арыенціры для далейшай дзейнасці. Неаднаразова адзначалася: сёння галоўная задача галіны — прадастаўленне якасных адукацыйных паслуг на ўсіх узроўнях. І ў навучальных установах Магілёўшчыны яна цалкам выконваецца. Уста­новы ўсіх профіляў функцыянуюць стабільна і эфектыўна. Напрыклад, ва ўстановах дашкольнай адукацыі забяспечаны ахоп навучаннем 97,7% дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў. І важна, што гэты паказчык не мяняецца на працягу шэрага гадоў. Установы прафесійнай адукацыі ў поўным аб’ёме выконваюць патрэбы рынку працы рэгіёна, захоўваюць пазіцыі па працаўладкаванні выпускнікоў.

Эфектыўная работа наладжана па арганізацыі самарэалізацыі дзяцей і падлеткаў. Яна скіравана на асобаснае і сацыяльнае развіццё кожнага вучня. Як вынік — у 2019/2020 навучальным годзе ў творчых конкурсах міжнароднага і рэспубліканскага ўзроўню навучэнцамі і педагогамі вобласці заваяваны 673 пераможныя дыпломы, што амаль у два разы больш, чым годам раней. Дзякуючы сістэматычнай інфарматызацыі сферы адукацыі, істотна павысілася выніковасць удзе­лу магілёўскіх школьнікаў у розных міжнародных і рэспубліканскіх інтэрнэт-алімпіядах, анлайн-турнірах.

— Мы дасягнулі пазітыўных вынікаў у якасці агульнай сярэдняй адукацыі. Перш за ўсё ў развіцці здольнасцей навучэнцаў. Па выніках 2019/2020 навучальнага года 68% школьнікаў маюць высокі і дастатковы ўзровень ведаў. Атэстат 8,5 бала і больш мае 31% выпускнікоў сярэдняй школы. Атэстаты асобага ўзору з узнагароджаннем залатым або сярэбраным медалямі сёлета атрымаў 341 выпускнік 11-х класаў, пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі з адзна­кай выда­дзены 465 выпускнікам 9-х класаў. Сёння можна ганарыцца поспехамі нашых навучэнцаў на алімпіядах. На рэспубліканскім этапе алімпіяды па вучэбных прадметах у агульным рэйтынгу сярод абласцей каманда Магілёўскай вобласці заняла 1-е месца, заваяваўшы 36 прызавых дыпломаў. За апошнія два гады прадстаўнікамі рэгіёна заваявана 9 медалёў рознай вартасці на міжнародных алімпіядах па хіміі, геаграфіі, матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы. На цэнтралізаваным тэсціраванні сёлетнімі выпускнікамі атрымана 25 стабальных сертыфікатаў. Такія вынікі — наступствы высокай матывацыі навучэнцаў, іх падрыхтоўкі, прафесіяналізму педагогаў, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага абл­выканкама Андрэй Заблоцкі.

Паводле яго слоў, падчас няпростай эпідэмічнай сітуацыі ўстановамі адукацыі вобласці былі створаны неабходныя ўмовы для арганізацыі анлайн-навучання ў чацвёртай чвэрці. На сайтах устаноў адукацыі з’явіліся раздзелы “Індывідуальнае навучанне”, на рэсурсе Магілёўскага дзяржаўнага інстытута развіцця адукацыі стаў працаваць партал “У дапамогу настаўніку”, на якім былі размешчаны падрыхтаваныя сіламі лепшых педагогаў вобласці відэа-ўрокі і заданні для сама­стойнай работы па ўсіх вучэбных прадметах.

— Вучыць і вучыцца ў дыстанцыйным рэжыме было ня­проста. Сур’ёзна вырасла нагрузка на педагогаў, трэба было хутка асвойваць новыя тэхналогіі, наладзіць тэхніку, інакш рыхтавацца да ўрокаў, — падкрэсліў Андрэй Барысавіч. — Думаю, што і для бацькоў важнасць настаўніцкай працы адкрылася па-новаму. Адукацыйны працэс літаральна прахо­дзіў у іх на вачах, бо ў асноўным дзеці займаліся дома. Значна, што наша сістэма адукацыі і нашы школьнікі, студэнты, педагогі вытрымалі гэтыя выпрабаванні годна.

Разам з тым, як заўважыў Андрэй Заблоцкі, якасць сучаснай адукацыі вызначаецца не толькі яе зместам і адукацыйнымі тэхналогіямі. Самае важнае для адукацыі — настаўнік. Ад узроўню культуры, маральных каштоўнасцей, прыстойнасці, дабрыні і іншых чалавечых якасцей педагогаў зале­жаць характары, лёсы, а часам і жыцці сотняў і тысяч дзяцей.

— У сучасным свеце адукацыя становіцца асноўнай умовай устойлівага развіцця дзяржавы. Але да адукацыі нельга ставіцца толькі як да працэсу назапашвання і перадачы ведаў. Зараз асноўная задача адукацыі — выхаваць грамадзяніна, патрыёта сваёй краіны, развіць яго аналітычныя здольнасці, уменне крытычна думаць. У сувязі з гэтым неабходна разумець важнасць цеснай узаемасувязі педагогаў, бацькоў і дзяцей. Менавіта ад сумеснай працы, ад адзінства меркаванняў у выхаванні залежыць, якім вырасце малады чалавек. Толькі пры гэтай умове магчыма выхаванне цэльнай асобы. Упэўнены, што пастаўленыя сёння на педагагічным савеце задачы будуць паспяхова рэалізаваны дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы і прафесійнаму патэнцыялу педагогаў Магілёўшчыны, — падкрэсліў Андрэй Заблоцкі.

Асаблівы акцэнт у ходзе пасяджэння быў пастаўлены на развіцці інтэлектуальных здольнасцей навучэнцаў, падрыхтоўцы педагагічных кадраў рэгіёна. Першы народны настаўнік Беларусі настаўнік фізікі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 Валерый Барашкоў звярнуў увагу прысутных на ўплыў сучасных крыніц інфармацыі на фарміраванне асобы навучэнцаў. А намеснік старшыні Па­стаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры і навуцы Ірына Рынейская выказалася пра важнасць фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі сучасных школьнікаў, неабходнасць цеснага ўзаемадзеяння сям’і і школы.

Аб умацаванні ўзаемадзеяння паміж педагогамі, бацькамі і дзецьмі гаварыла таксама першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава.

— Сёння важна забяспечыць адзінства і ўзгодненасць дзеянняў сям’і і ўстаноў адукацыі. Узаемадзеянне з бацькамі павінна стаць стымулам для педагогаў да паляпшэння сваёй працы. Давер да школы — гэта галоўны рэсурс, які спараджае жаданне супрацоўнічаць з ёй. Лічым, што гэтая праца будзе арганізавана ў тым ліку ў рамках рэалізацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт”. Прыкладная праграма работы бацькоўскіх універсітэтаў размешчана на інтэрнэт-партале міністэрства, а ў дапамогу класнаму кіраўніку нядаўна распрацаваны дапаможнік “Метадычны інструментарый класнага кіраўніка”, — расказала Ірына Анатольеўна.

Ірына Старавойтава падкрэсліла, што ўсе ўмовы для якаснай працы педагогаў створаны. “Установы адукацыі — не аб’екты палітычных спрэчак і рознагалоссяў, таму настаўнікі зараз павінны выконваць сваю галоўную місію — даваць годную, якасную адукацыю нашым дзецям”.

Перад настаўніцтвам Магілёўшчыны выступіў і кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка. Ён заўважыў, што Магілёўшчына сёння займае шэраг лідзіруючых пазіцый у адукацыйнай сферы. За ўсімі дасягненнямі — плённая праца педагогаў, якая будзе адпаведна адзначана на дзяржаўным узроўні. Ігар Пятровіч адзначыў, што неабходна максімальна вызваліць настаўнікаў ад бюракратычнай нагрузкі, работу класных кіраўнікоў падтрымаць матэрыяльным стымуляваннем, а таксама падкрэсліў, што педагагічная грамадскасць зараз павінна сканцэнтравацца выключна на прафесійнай дзейнасці.

— Галоўная задача педагогаў напярэдадні новага навучальнага года — арганізавана і якасна правесці першыя дні верасня ва ўсіх школах краіны. Ад таго, наколькі ўдалым бу­дзе пачатак, залежыць выніковасць далейшай работы, — сказаў Ігар Сергяенка.

Вынікі абласнога педагагічнага савета падвёў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. Ён высока ацаніў дасягненні сістэмы адукацыі вобласці.

— Мне вельмі прыемна, што Магілёўшчына заняла першае месца сярод рэгіёнаў нашай краіны ў алімпіядным руху, што нашы вучні атрымалі больш залатых медалёў, што больш стала іх перамог на розных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, спаборніцтвах. Гэта самы галоўны вынік працы педагогаў. І гэтая праца не застанецца незаўважанай, — запэўніў Леанід Канстанцінавіч.

Старшыня аблвыканкама адзначыў пераможцы спаборніцтваў на лепшую арганізацыю работы па ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці сярод структурных падраздзяленняў гарадскіх, раённых выканаўчых камітэтаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы адукацыі, лідары сярод устаноў адукацыі вобласці, а таксама ўладальнікі звання “Лепшы па прафесіі” за 2019 год. Акрамя таго, некалькі дзясяткаў прадстаўнікоў педагагічнай грамадскасці былі ўзнагаро­джаны ганаровымі граматамі, падзякамі Міністэр­ства адукацыі, Магілёўскага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў. Нагруднымі знакамі “Выдатнік адукацыі” былі ўзнагароджаны метадыст Быхаў­скага цэнтра турызму, края­знаўства і экскурсій дзяцей і моладзі Ала Замяціна; настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 2 Мсціслава Ала Прахаранкова; начальнік упраўлення па адукацыі Магілёў­скага гарвыканкама Ірына Рыбакова; майстар вытворчага навучання Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Галіна Смірнова; намеснік дырэктара Магілёў­скага дзяржаўнага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П.Арлоўскага Наталля Цішкова.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.