Да выхавання — праз турызм

Усе дзеці імкнуцца да прыгод і рамантыкі. Як задаволіць гэтую патрэбу? Па меркаванні настаўніка фізкультуры і здароўя гімназіі № 3 Бабруйска Ільі Рудага, лепшы сродак для гэтага — турызм. Педагог перакананы: турысцка-краязнаўчая дзейнасць дапамагае ў фарміраванні маральных якасцей асобы.

— Заняткі турызмам выпрацоўваюць шэраг вельмі каштоўных якасцей. Дзеці вучацца распальваць вогнішча, рыхтаваць ежу, правільна арыентавацца на рознай мясцовасці, актыўна выкарыстоўваць веды, атрыманыя на ўроках геаграфіі, біялогіі, астраноміі. Турызм таксама сродак узбагачэння духоўнага жыцця падлеткаў. У паходзе дзеці раскрываюцца зусім з іншага боку. Яны набываюць навыкі пераадолення цяжкасцей, вучацца калектывізму не на словах, а на справе. Рэгулярныя заняткі турызмам выпрацоўваюць у вучняў дысцыпліну, настойлівасць, адказнасць, — адзначыў Ілья Львовіч.

Сам педагог цікавіцца культурай і гісторыяй роднага краю са школьных гадоў. Цяпер ён актыўна даследуе Магілёўшчыну ўжо са сваімі вучнямі, захапляючы іх рамантызмам турыстычных паходаў.

Педагагічны патэнцыял турызму вельмі вялікі, але ён карысны толькі пры правільнай арганізацыі. Часам педагогі не маюць нават пачатковых турысцкіх навыкаў, таму паходы ператвараюцца ў не зусім удалыя мерапрыемствы.

— Каб паход пайшоў на карысць дзецям, яму павінна папярэднічаць дбайная падрыхтоўка: вывучэнне і складанне маршрутнага ліста, падбор неабходнага абсталявання, папярэдні збор інфармацыі пра славутасці той мясцовасці, куды накіроўваецца група, — паведаміў Ілья Львовіч.

За чатыры гады працы ў гімназіі ў паходах са сваімі навучэнцамі настаўнік вывучаў гераічны подзвіг савецкага народа часоў Вялікай Айчыннай вайны, даследаваў прыродныя асаблівасці Бабруйскага раёна. Часам пешшу ім даводзілася праходзіць і па 20 кіламетраў. Менавіта так было падчас падарожжа ў Клічаўскі раён для азнаямлення з гісторыяй партызанскага руху ў гэтых краях.

— Рыхтуючыся да турыстычных вандровак, я заўсёды выразна прапісваю іх мэты. У Клічаў мы ехалі не толькі адпачыць, але і вывучыць факты ўсенароднага супраціўлення ў гады вайны. Праз наведванне музеяў, помнікаў ахвярам фашызму, разглядванне макетаў ваеннай тэхнікі вучні далучаюцца да слаўнай гісторыі нашай Радзімы, — падкрэсліў Ілья Львовіч.

За 20-кіламетровы маршрут юныя турысты і іх педагогі за два дні наведалі помнік мірным грамадзянам — ахвярам фашысцкіх акупантаў, помнік мірным жыхарам Клічава, расстраляным гітлераўцамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, магілу ахвяр фашызму, Курган Бессмяротнасці, месца злучэння партызанскіх атрадаў з часцямі Чырвонай Арміі ў 1944 годзе, гарадскі краязнаўчы музей.

— Гімназісты даведаліся шмат цікавага аб мясцовых народных мсціўцах. Аказалася, партызаны ва Усакінскіх лясах на Клічаўшчыне з’явіліся яшчэ да рашэння Магілёўскага абкама партыі. І яны адразу ж пачалі актыўную барацьбу супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Важна, што падчас кожнага наведвання мемарыяла падлеткі не проста аддавалі даніну памяці, а займаліся ўборкай, добраўпарадкаваннем помнікаў. Гэта спрыяла развіццю ў іх пачуццяў грамадзянскасці, патрыятызму, любові і павагі да Айчыны, — упэўнены Ілья Руды.

Падчас пешых паходаў юныя турысты-краязнаўцы таксама адкрываюць прыгажосць і непаўторнасць роднай Магілёўшчыны, знаёмяцца з мясцовымі жыхарамі, запісваюць легенды пра паходжанне розных тапонімаў. Так, у 3-дзённым паходзе ў Асіповіцкі раён падлеткі перапраўляліся на лодках праз раку Бярэзіну, прабіраліся да лясных азёраў, а таксама наведалі вёску Свіслач з яе гістарычнымі месцамі.

— Гэтае падарожжа многім запомнілася першым вопытам палявой лазні. Зрабіць яе было вырашана з-за не зусім спрыяльных умоў надвор’я. З падручнага матэрыялу мы сабралі каркас у форме піраміды, герметычна абгарнулі яго плёнкай. Пасля назбіралі буйных камянёў, разагравалі іх на вогнішчы, на імправізаваных насілках заносілі ў будынак, зачынялі ўваход і палівалі камяні вадой. Такая лазня ўсім вельмі спадабалася, — расказаў Ілья Львовіч.

Увогуле, аб паходах, а іх адбылося ўжо звыш 30, у дзяцей застаюцца толькі станоўчыя ўспаміны. Ды і як інакш? Гімназісты набываюць навыкі ўзаемадзеяння ў побыце, дапамогі адно аднаму ў нестандартных сітуацыях. На прыкладзе свайго педагога падлеткі вучацца пераадольваць перашкоды, рыхтаваць ежу, секчы дровы, ставіць палатку. Незабыўныя ўражанні пакідаюць у іх таксама вячэрнія зборы каля вогнішча, сумесныя песні пад гітару, адкрытыя гутаркі пра ўсё, займальныя гульні. Нядзіўна, што навучэнцаў, якія жадаюць адправіцца ў чарговую вандроўку з Ільёй Львовічам, заўсёды многа.

Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі.