Да вытокаў гістарычнай спадчыны

- 8:59Метадычная скарбонка

У Юрацішкаўскім яслях-садзе — сярэдняй школе Іўеўскага раёна пры фарміраванні даследчай кампетэнцыі вучняў на вучэбных і факультатыўных занятках, а таксама ў пазакласнай рабоце актыўна выкарыстоўваюцца магчымасці школьнага краязнаўчага музея “Вытокі”.

Школьны музей цесна звязаны з усім адукацыйным працэсам установы адукацыі, ён стварае спрыяльныя ўмовы для індывідуальнай і калектыўнай дзейнасці навучэнцаў, дапамагае развіваць у іх уменне самастойна папаў­няць свае веды, арыентавацца ў патоку навуковай і палітычнай інфармацыі. Дзіцячая аўдыторыя традыцыйна з’яўляецца прыярытэтнай катэгорыяй музейнага абслугоўвання. Акрамя таго, цяпер ужо ні ў кога не выклікае сумненняў, што далучэнне да культуры варта пачынаць з самага ранняга дзяцінства, калі дзіця стаіць на парозе адкрыцця навакольнага свету. У школьных музеях дзіця выступае не толькі як спажывец прадукту музейнай дзейнасці, але і як актыўны яго стваральнік.

Згодна з праграмай, мной акрэслены 5 этапаў педагагічнай дзейнасці на базе музея:

1 этап — азнаямленчы (выхаванцы груп дашкольнай адукацыі) — дазваляе азнаёміць дашкольнікаў з паняццем музея;

2 этап — цікаўнасны (вучні пачатковых класаў) — спрыяе далучэнню навучэнцаў да вучэбна-даследчай работы;

3 этап — падрыхтоўчы (5—7 класы) — дазваляе прывіць навык работы з навуковай і даведачнай літаратурай, выкарыстоўваць элементы мікрадаследавання;

4 этап — развіццёвы (8—9 класы) — прадугледжвае замацаванне папярэдняга даследчага вопыту і набыццё новых навыкаў;

5 этап — даследчы (10—11 класы) — дазваляе вучню больш актыўна праявіць свой навуковы пошук. Школьнік можа аформіць свае назіранні ў вучэбна-даследчую работу. Даследчая дзейнасць прадугледжвае распрацоўку зместу, выбар метадаў і форм арганізацыі работы, прадстаўленне і ацэнку атрыманых вынікаў.

Упершыню знаёмства з музеем пачынаецца з асобных музейных экспанатаў у ясельнай групе. Выхаванцы сярэдняй і старшай груп наведваюць музей разам са сваімі выхавальнікамі. Першая экскурсія “Музей запрашае” заўсёды аглядная: дзеці знаёмяцца не толькі з музеем і з музейнымі экспазіцыямі, але і з правіламі паводзін у ім.

Малодшы школьны ўзрост — сензітыўны перыяд для развіцця навыкаў вырашэння праблем. Дзеці па прыродзе сваёй даследчыкі. З вялікай цікавасцю яны ўдзельнічаюць у розных даследчых справах. Навучэнцам пачатковай школы ўласцівы цікаўнасць і імкненне да актыўнай дзейнасці. Малодшыя школьнікі з задавальненнем фантазіруюць, эксперыментуюць, ро­бяць невялікія адкрыцці. Асабліва характэрна гэта для адораных дзяцей. Работа па іх развіцці павінна прахо­дзіць у класе пастаянна як ва ўрочнай, так і сістэмна ў пазаўрочнай дзейнасці. Настаўнікам варта право­дзіць урокі чытання, беларускай мовы, курса “Чалавек і свет” і асабліва курса “Мая Радзіма — Беларусь” з выкарыстаннем матэрыялаў школьнага музея. Гэта могуць быць экскурсіі ў музей і дэманстрацыя музейных экспанатаў у класе на ўроку.

Навучанне даследчым уменням павінна ажыццяўляцца на даступным для дзіцячага ўспрымання ўзроўні, само даследаванне павінна быць пасільным, цікавым і карысным.

Найбольш якаснае грамадзянскае станаўленне асобы школьніка адбываецца праз практычную дзейнасць. Вучні з задавальненнем прасуюць бялізну пры дапамозе валка і качалкі, круцяць кола калаўрота, разглядаюць ручнікі і прылады працы, даведваюцца, для чаго яны выкарыстоўваліся.

Фарміраванне даследчай кампетэнцыі на ўроках розных вучэбных дысцыплін ажыццяўляецца праз выкарыстанне метадаў праблемна-пошукавай дзейнасці.

Музейныя сродкі варта выкарыстоўваць на ўроках геаграфіі Беларусі ў 10 класе пры вывучэнні тэмы “Геаграфічныя назвы Беларусі”. Тут можна разгле­дзець такія пытанні, як назвы рэк і азёр, населеных пунктаў і іншых геаграфічных аб’ектаў нашай мясцовасці. Тэмай “Натуральны рух насельніцтва. Этнічны і рэлігійны склад” варта зацікавіць вучняў, выкарыстаўшы архіўныя звесткі і матэрыялы мясцовых даследаванняў. Тэма “Экалагічныя праблемы рэгіёна” вызначыць вялікую колькасць даследчых напрамкаў, якія могуць стаць тэмамі навукова-даследчых работ. Таксама варта звяртацца да краязнаўчага матэрыялу пры вывучэнні тэм “Лясная расліннасць”, “Жывёльны свет” і іншыя.

Матэрыялы школьнага музея можна шырока прымяняць на ўроках гісторыі Беларусі практычна ва ўсіх класах. Гісторыя і славутасці роднага краю, народная культура, рэгіянальныя прадметы быту розных гістарычных перыядаў і асаблівасці побыту насельніцтва, славутыя землякі — дзеячы навукі, мастацтва.

Асабліва важным бачыцца супрацоўніцтва настаўніка гісторыі з музеем пры выкладанні гісторыі Беларусі ў 10—11 класах. Урок па тэме “Наш край у 1917—1939 гадах” варта праводзіць ля музейных экспазіцый пэўнай тэматыкі. Гэта дапаможа вучням амаль самастойна вывучыць гэтую тэму. Пры вывучэнні тэмы “Наш край у гады Першай сусветнай вайны” можна выкарыстоўваць некаторыя дакументы і асабістыя рэчы ўдзельнікаў гэтай вайны. Засвоіць тэмы раздзела праграмы “Наш край у гады Другой сусветнай вайны і Вялікай Айчыннай вайны” дапаможа багаты краязнаўчы матэрыял. У музеі захоўваюцца газеты, дакументы, пісьмы з фронту, рэчы салдат і партызанаў, успаміны ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, даследчыя работы выпускнікоў ранейшых гадоў. Тэму “Наш край у другой палове 1950-х — 1980-я гады” варта праводзіць з выкарыстаннем матэрыя­лаў музейнай экспазіцыі “Славутыя выпускнікі”, матэрыялаў даследчых работ “Гісторыя Юрацішкаўскага медыцынскага вучылішча”, музейных калекцый, кніг, электронных носьбітаў інфармацыі.

На II ступені навучання музейныя сродкі будуць максімальна карыснымі на ўроках беларускай мовы, асабліва ў гарадскіх школах, дзе некаторыя дзеці не ўяўляюць, як жылі нашы продкі. На кожным уроку абавязкова знаёмімся з прадметамі беларускага побыту, дэталямі інтэр’ера. Экспанаты музея ці разглядаем непасрэдна ў самім музеі, ці прыносім іх у клас. Вучні атрымліваюць магчы­масць дакрануцца да сівой мінуўшчыны, а настаўнік, выклікаўшы ў іх эмацыянальны водгук, выкарыстоўвае яго на этапе запамінання слоў. Важна, каб такая работа право­дзілася не стыхійна, а паслядоўна і сістэматычна. Як гэта зрабіць? Адзін з варыянтаў такой работы прадстаўлены ў табліцы.

Табліца. Фрагмент сістэмы работы па фарміраванні даследчай кампетэнцыі з выкарыстаннем экспанатаў музея ў 6 класе

Музей і яго справы аб’ядноўваюць вучняў, настаўнікаў і бацькоў у рэалізацыі сістэмы выхаваўчай работы, якая носіць дзейсны характар.

У школьным краязнаўчым музеі “Вытокі” створана і працуе група экскурсаводаў, якія праводзяць самыя разнастайныя экскурсіі як для вучняў рознага школьнага ўзросту, так і для дарослага насельніцтва. Разнастайнасць матэрыяльнай культуры беларусаў, рэгіянальныя асаблівасці побыту насельніцтва Іўеўшчыны, дакументы аб гісторыі вёсак Юрацішкаўскага пасялковага Савета, узрушаныя аповеды аб лёсах землякоў — усё гэта гучыць з вуснаў экскурсаводаў музея. Вучні 10—11-х класаў праводзяць экскурсіі для наведвальнікаў музея на рускай, англійскай і нямецкай мовах.

Юрацішкаўскі яслі-сад — сярэдняя школа з’яўляецца ўдзельнікам інавацыйнага праекта Міністэрства адукацыі па ўкараненні мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі навучэнцаў ва ўмовах узаема­дзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі, сям’і і соцыуму. Распрацавана праграма прафесійных проб “Экскурсавод”, дзякуючы якой у вучняў была магчымасць паназіраць за работай экскурсаводаў у Іўеўскім музеі нацыянальных культур, а таксама паспрабаваць сябе ў ролі экскурсаводаў у школьным музеі.

У Іўеўскім музеі нацыянальных культур ёсць надзвычай цікавая форма работы — “музей у чамадане”. Заключаецца яна ў тым, што работнікі музея з цікавымі экспанатамі едуць да сваіх наведвальнікаў ва ўстановы адукацыі і аграгарадкі. У рамках праграмы супрацоўніцтва Юрацішкаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы з Іўеўскім музеем нацыянальных культур вучні прынялі ўдзел у акцыі “Музей у чамадане для музея”. Сутнасць такой формы работы заключаецца ў тым, што экспанаты па нейкай тэме выстаўляюцца ў Іўеўскім музеі нацыянальных культур і з’яўляюцца працягам папярэдняй акцыі. “Зашыфраваная апо­весць пра жыццё” — так называецца выстава ручнікоў з края­знаўчага музея “Вытокі” ў Іўеўскім музеі нацыянальных культур.

У рабоце школьнага музея вялікае месца займае даследчая дзейнасць юных краязнаўцаў. Удзельнічаючы ў розных мерапрыемствах, вучні паказваюць добрыя веды, жаданне як мага больш спазнаць свой родны край. Яны спрабу­юць працаваць над навуковымі работамі, вучацца супастаўляць звесткі з розных крыніц, аналізаваць іх, рабіць вывады і тым самым набываць навыкі самастойнага мыслення. Да кожнай тэмы кіраўнік краязнаўцаў указвае асноўную і дадатковую літаратуру, раіць, які краязнаўчы матэрыял выкарыстаць, прапаноўвае самім падабраць неабходную літаратуру для сваёй навуковай дзейнасці.

Этнаграфічныя і краязнаўчыя матэрыялы кладуцца ў аснову навукова-даследчых работ вучняў: “Айконімы Юрацішкаўскага сельсавета Іўеўскага раёна”, “З гісторыі Юрацішкаўскага медыцынскага вучылішча”, “Мой радавод”, “Уласныя імёны жыхароў прыхода храма Свяціцеля Мікалая Цудатворцы ў першай палове XIX стагоддзя”, “Прозвішчы жыхароў прыхода храма Свяціцеля Мікалая Цудатворцы ў першай палове XIX стагоддзя”. Многія работы сталі прызёрамі абласнога конкурсу даследчых работ (канферэнцыі) “Крышталёвая альфа”. Школьны краязнаўчы музей “Вытокі” падтрымлівае сувязь з кафедрай беларускай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і атрымлівае падтрымку ад навукоўцаў у справе даследчай дзейнасці і тым самым у фарміраванні даследчай кампетэнцыі.

Практыка паказвае, што выкарыстанне даследчых метадаў дапамагае выхоўваць па-сапраўднаму адукаваных, зацікаўленых людзей, здольных самастойна прымаць рашэнні і супрацоўнічаць. Менавіта праз музейную дзейнасць існуе магчымасць фарміраваць даследчую і камунікатыўную кампетэнцыі на дакладных прыкладах, на далучэнні вучняў да гістарычнай і культурнай спадчыны.

Галіна МІНАЕВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры, кіраўнік школьнага краязнаўчага музея “Вытокі” Юрацішкаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці.