Да якасці — праз абмен вопытам

Сістэму падрыхтоўкі навучэнцаў да цэнтралізаванага тэсціравання абмеркавалі на тэматычным семінары ў Чавускім раёне.

Як паведаміла загадчык раённага вучэбна-метадычнага кабінета Вольга Гурынава, мерапрыемства аб’яднала не толькі чавускіх педагогаў, але і настаўнікаў з суседняй Слаўгарадчыны.

— Семінар стаў добрай нагодай для абмену вопытам паміж педагогамі. Настаўнікі змаглі прадставіць калегам уласны эфектыўны стыль, тактыку падрыхтоўкі вучняў для паспяховай здачы ЦТ, — расказала Вольга Аляксандраўна.

Афіцыйную частку мерапрыемства адкрыў начальнік Чавускага аддзела па адукацыі Мікалай Варанцоў, які расказаў прысутным пра асноўныя напрамкі развіцця рэгіянальнай адукацыйнай сферы. Мікалай Уладзіміравіч адзначыў, што галоўнымі фактарамі, якія ўплываюць на якасць адукацыі, з’яўляюцца кадравы склад, фінансаванне і матэрыяльна-тэхнічная база, вучэбна-метадычнае забеспячэнне, узаемадзеянне ўсіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу.

— Падчас пасяджэння мы прадставілі калегам са Слаўгарадскага раёна свае разнастайныя напрацоўкі па падрыхтоўцы выпускнікоў да важнага жыццёвага іспыту. Падрабязна апісалі кожны асобны пункт сістэмнай работы: арганізацыйныя мерапрыемствы, прафарыентацыя, узаемадзеянне з бацькамі, псіхалагічныя аспекты падрыхтоўкі вучняў, бесперапыннае павышэнне кваліфікацыі педагогаў, інфармацыйнае, рэкламна-прапагандысцкае суправаджэнне. Дэталёва спыніліся і на кампанентах непасрэднай работы з вучнямі, такіх як вызначэнне парадку ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці, падбор неабходных падручнікаў, дапаможнікаў, вучэбна-метадычных матэрыялаў, арганізацыя абавязковага ўдзелу выпускнікоў у трох этапах рэпетыцыйнага тэсціравання, работа з трэнажорамі, выкананне дзецьмі тэставых заданняў, — адзначыла Вольга Гурынава.

Па яе словах, на семінары свой станоўчы вопыт прэзентавалі лепшыя, па выніках здачы ЦТ у 2018 годзе, педагогі раёна. Пра свой паспяховы алгарытм падрыхтоўкі вучняў да тэсціравання расказала настаўніца беларускай мовы Гарбавіцкага ВПК Святлана Зяцькова. Настаўніца гісторыі гэтай установы Марыя Чавусава акцэнтавала ўвагу на карысці выкарыстання інтэрактыўных тэставых праграм падчас падрыхтоўкі. Эфектыўнымі напрацоўкамі падзяліліся таксама прадстаўнікі чавускай сярэдняй школы № 1, а менавіта настаўніца англійскай мовы Ала Шандова, настаўніца матэматыкі Ларыса Базуценка, настаўніцы рускай мовы і літаратуры Галіна Пухнаўцава, Ірына Мамекіна. Яны адзначылі важнасць вучэбнай матывацыі дзяцей, укаранення актыўных форм навучання, значэнне сайта школы ў адукацыйным працэсе, расказалі пра магчымасці пераадолення цяжкасцей пры здачы тэсціравання. А настаўніца гісторыі школы Марыя Дударава нават прадставіла асабістую “ЦТ-канцэпцыю”.

Падводзячы вынікі, педагогі падкрэслілі значнасць такіх метадычных мерапрыемстваў, якія сапраўды дазваляюць удасканальваць работу, паляпшаць якасць навучання. Адметна, што ў найбліжэйшы час падобны семінар запланавалі правесці ў Слаўгарадзе. Як адзначыў начальнік мясцовага аддзела па адукацыі, спорце і турызме Аляксандр Аўчыннікаў, слаўгарадскім педагогам таксама ёсць пра што расказаць і што паказаць чавускім калегам.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Чавускім раённым вучэбна-метадычным кабінетам.