Да якасці праз інавацыі

Сістэма адукацыі зараз знаходзіцца ў стане пастаяннага дынамічнага развіцця, таму інавацыйная дзейнасць у навучальных установах набывае асаблівую значнасць. Наватарскія праекты спрыяюць павышэнню прафесійнай кампетэнцыі педагогаў і станоўча ўплываюць на паляпшэнне якасці адукацыі. Гэтыя пастулаты добра ведаюць у Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытуце развіцця адукацыі, супрацоўнікі якога стымулююць педагагічныя калектывы вобласці на інавацыі.

Як паведаміла начальнік аддзела педагагічных інавацый інстытута Наталля Афанасьева, на дадзены момант на Магілёўшчыне на базе ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі рэалізуецца 80 рэспубліканскіх інавацыйных праектаў.

— Праекты разнапланавыя. Яны накіраваны на вырашэнне такіх актуальных пытанняў, як развіццё інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу навучэнцаў, іх духоўна-маральнае, грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, фарміраванне ў дзяцей медыякультуры, прадпрымальнасці, пераемнасць навучання на розных ступенях адукацыі, развіццё інфармацыйна-адукацыйнай прасторы навучальных устаноў, — расказала Наталля Рыгораўна.

Адметна, што педагагічныя калектывы займаюцца інавацыйнай дзейнасцю не толькі ў сваёй установе. Педагогам, якія задзейнічаны ў рэалізацыі наватарскіх праектаў, супрацоўнікамі інстытута аказваецца пастаянная кансультацыйная падтрымка. Для іх арганізуюцца семінары, канферэнцыі, сустрэчы, дзе ёсць магчымасць абмяняцца вопытам з калегамі, што дазваляе зрабіць інавацыйныя праекты больш дасканалымі.

— Ужо не першы год мы праводзім для настаўніцтва выязныя дні інавацый. Ва ўстановах адукацыі праходзяць майстар-класы, адкрытыя ўрокі, пазакласныя мерапрыемствы, выставы, творчыя справаздачы педагогаў-наватараў. Акрамя таго, з мэтай сістэматызацыі накопленага вопыту і павышэння якасці забеспячэння прафесійнага развіцця настаўнікаў на базе МДУ імя Куляшова створаны рэгіянальны кластар бесперапыннай педагагічнай адукацыі. У яго структуру ўвайшлі навучальныя ўстановы, большасць з якіх займаецца інавацыямі, — адзначыла Наталля Афанасьева.

Нядаўна ў МДАІРА адбыўся чарговы інавацыйны фестываль. Ён аб’яднаў прадстаўнікоў устаноў адукацыі рэгіёна. Падчас прэзентацый навучальнымі ўстановамі было прадстаўлена шмат цікавых распрацовак. Так, былі прадэманстраваны арыгінальныя метады рэалізацыі мадэлі інтэграцыі фізікі і матэматыкі пры дапамозе арганізацыі міжпрадметных факультатываў. Значны вопыт накоплены настаўнікамі ў плане выкарыстання электронных адукацыйных рэсурсаў у інфармацыйна-адукацыйнай прасторы. Каб паспяхова развіваць дыстанцыйнае навучанне, школы пастаянна працуюць над удасканаленнем тэхнічнага забеспячэння. Установы ў дастатковай колькасці абсталяваны камп’ютарамі, тэлевізарамі, інтэрактыўнымі дошкамі, якія эфектыўна выкарыстоўваюцца педагогамі ў вучэбным працэсе. Шмат увагі педагагічныя калектывы надаюць таксама ўжыванню асобасна арыентаванага падыходу да дзяцей, выкарыстанню на занятках метапрадметнасці, праектна-даследчай дзейнасці, укараненню ў навучанне сучасных, нестандартных адукацыйных тэхналогій і методык, што спрыяе павышэнню пазнавальнай актыўнасці вучняў.

— Падчас фестывалю былі праведзены майстар-класы, метадычныя трэнінгі, практыкумы, творчыя майстэрні, дзелавыя гульні. Усяго свой прафесіяналізм у пытаннях выкарыстання інавацыйных тэхналогій у адукацыі прадэманстравалі 37 педагогаў. Наогул, фестываль стаў крыніцай набыцця новых ведаў, азнаямлення са станоўчымі методыкамі, формамі і метадамі навучання і дапамог вызначыць напрамкі далейшага прафесійнага росту педагогаў, — падкрэсліла Наталля Рыгораўна.

Прадстаўленыя на фестывалі інавацыйныя ідэі ўжо правераны часам і даказалі сваю эфектыўнасць. Але галоўная выснова, да якой прыйшло магілёўскае настаўніцтва, — працягваць эксперыментаваць, укараняць у сваю работу новае і перадавое, каб зрабіць рэгіянальную адукацыю максімальна якаснай.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена МДАІРА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *