Да заканадаўства з павагай

Абласны фестываль прававых ведаў адбыўся на Віцебшчыне

Традыцыйнае рэгіянальнае мерапрыемства для дзяцей і падлеткаў праводзіцца з мэтай паглыблення ведаў навучэнцаў у сферы заканадаўства і права, яго гісторыі, пошуку новых форм прапагандысцкай і прафілактычнай работы па прадухіленні злачынстваў і правапарушэнняў у падлеткавым асяроддзі. Арганізатарамі фестывалю выступаюць упраўленне ўнутраных спраў і галоўнае ўпраўленне па адукацыі Віцебскага аблвыканкама, іх прадстаўнікі ўваходзяць у склад аргкамі­тэта і журы. Фестываль праходзіць у некалькі этапаў: установа адукацыі — раённы, гарадскі этап — абласны этап). Кожны з іх уключае два тур: алімпіяду “Знаўца права” для навучэнцаў, у дачыненні да якіх праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа і якія знаходзяцца на розных формах прафілактычнага ўліку, а таксама конкурс агітбрыгад па прапагандзе прававых ведаў.

— Сёлета наш фестываль змяніў фармат, — расказала загадчык аддзела сацыяльных праектаў і маладзёжных ініцыятыў Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Алеся Дарожка. — Алімпіяда на заключным этапе была арганізавана на платформе Google. Зарэгістраваныя ­ўдзельнікі спаборнічалі ў анлайн-рэжыме: у вызначаны час уключаўся таймер, гадзіна давалася на тое, каб адказаць на пытанні, затым аўтаматычна падводзіліся вынікі. Радуе, што ўсе нашы 20 фіналістаў паказалі даволі высокі ўзровень падрыхтоўкі, пераважная частка з іх адказала больш як на палову пытанняў. Самую вялікую колькасць балаў, 34 з 35 магчымых, набралі адразу два ўдзельнікі: навучэнцы сярэдняй школы № 11 Оршы Уладзіслаў Ярмак і сярэдняй школы № 2 Гарадка Марат Марачоў. Падобная сітуацыя склалася і з трэцім месцам, якое падзялілі паміж сабой Кірыл Даноўскі з Шайцераўскай сярэдняй школы Верхнядзвінскага раёна і Вікторыя Султанава з Машканскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя А.К.Гараўца Сенненскага раёна. На 2-м месцы – навучэнец сярэдняй школы № 1 Лёзна Глеб Трынькоў.

На конкурсе агітбрыгад, як і ў мінулым годзе, юныя сябры міліцыі выступалі ў трох узроставых групах. Аднак журы ацэньвала не выступленні на сцэне, а дасланыя відэа- і сцэнарныя матэрыялы, падрыхтаваныя навучэнцамі на месцах ва ўстановах агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі. Найбольш яркае, арыгінальнае і змястоўнае відэа атрымалася ў агітбрыгад “Сіла права” сярэдняй школы № 40 Віцебска і “Новае пакаленне ЮІР” Мазалаўскай сярэдняй школы Віцебскага раёна (пераможцы ў малодшай і сярэдняй узроставых групах адпаведна). У лік прызёраў увайшлі агітбрыгады “Правазнайкі” Баброўскага ясляў-сада — пачатковай школы Лепельскага раёна, “Прыгоды Сашы і Машы” Ушацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі, “Юнацтва” сярэдняй школы № 42 Віцебска, “Баявыя сяброўкі міліцыі” сярэдняй школы № 9 Оршы, “Правазнаўцы” Крулеўшчынскай сярэдняй школы Докшыцкага раёна. Усе пераможцы і прызёры ўзнагароджаны дыпломамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама і прызамі ўпраўлення ўнут­раных спраў аблвыканкама.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім абласным палацам дзяцей і моладзі.