Да зімы гатовыя

- 11:04Навіны рэгіёнаў

Усе ўстановы адукацыі Гомельшчыны своечасова атрымалі пашпарты гатоўнасці да работы ў асенне-зімовы перыяд 2020—2021 года. Пра гэта на пасяджэнні аблвыканкама і калегіі Міністэрства адукацыі расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў:

— 100% цеплакрыніц і спажыўцоў цеплавой энергіі да работы ў ацяпляльны перыяд былі гатовы да 1 верасня. На выкананне падрыхтоўчых мерапрыемстваў было выкарыстана звыш Br22,5 млн, з якіх Br2,4 млн — прыцягнутыя крыніцы фінансавання. Сродкі пайшлі на рамонт ацяпляльных кацельняў, цеплатрас, дахаў, унутраных і знешніх інжынерных сетак.

У выніку зроблены прафілактычны рамонт абсталявання 113 кацельняў, якія знаходзяцца на балансе ўстаноў адукацыі. Усяго адрамантавана 170 метраў пагонных участкаў цеплавых сетак, адрамантаваны дахі ў 112 установах, сістэмы водазабеспячэння і водаадвядзення — у 159, асвятлення — у 219.

Акрамя таго, паводле распрацаваных планаў арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў падрыхтаваны да работы, прыведзены ў тэхнічна спраўны стан 1335 цеплавых вузлоў, 715 рэгулятараў расходу цеплавой энергіі, зроблена ва ўстаноўленым парадку прамыванне сістэм ацяплення будынкаў 1327 спажыўцоў цеплавой энергіі, зроблена паверка 1648 лічыльнікаў цяпла, а таксама неабходнай колькасці вадамераў халоднай і гарачай вады, прыбораў уліку расходу электрычнай энергіі.

Як расказалі ў галоўным упраўленні адукацыі Гомельскага аблвыканкама, на энергаэфектыўныя заменена 22,5 тысячы кв.м. аконных блокаў, а таксама выканана тэрмарэнавацыя 28,3 тысячы кв.м. дахаў. Для выканання якаснага і своечасовага рамонту па абслугоўванні і эксплуатацыі абсталявання ў асенне-зімовы перыяд, крыніц інжынернага забеспячэння атэставаны тэхнічны персанал, адказны за стан цеплавой, электрычнай гаспадаркі. Усе кацельні, якія знаходзяцца на балансе ўстаноў адукацыі, забяспечаны палівам.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.