Дабрабыт, стабільнасць, мірнае існаванне Беларусі знаходзяцца ў руках моладзі

Аб гэтым 26 чэрвеня заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на Рэспубліканскім балі выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў.

Кіраўнік дзяржавы заклікаў маладых людзей звязваць сваю будучыню з Беларуссю. “Гэта ваша зямля. Тут, на гэтай зямлі, вы заўсёды будзеце патрэбны. Вы тут будзеце дома. Вы тут будзеце гаспадарамі. Вашы веды, навыкі і ініцыятыва абавязкова знойдуць прымяненне. Любіце сваю краіну, працуйце ёй на карысць. Вы зможаце не толькі дасягнуць матэрыяльнага дастатку, але і заслужыць павагу сваіх землякоў, а гэта важней за грошы”, — даў наказ Аляксандр Лукашэнка.
“Вы, маладыя, у адказе за нашу Беларусь. Яе дабрабыт, стабільнасць, мірнае існаванне — з сённяшняга дня ў вашых руках”, — сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да выпускнікоў. Прэзідэнт падкрэсліў, што беларускі народ зможа з упэўненасцю глядзець у будучыню, калі моладзь будзе імкнуцца ствараць і быць на сваёй зямлі гаспадарамі, разумець і цаніць прыгажосць і дабро. Важна, каб маладыя людзі паважалі мудрыя традыцыі, завешчаныя продкамі, і стараліся пакінуць пасля сябе як мага больш добрага для будучых пакаленняў, дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што бягучы год аб’яўлены Годам моладзі. “Гэта невыпадкова. Сёння ваша роля ва ўсіх сферах жыцця краіны значна ўзрастае. Вам будаваць будучыню”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да моладзі. Нехта з выпускнікоў выбера кар’еру на вытворчасці, нехта прысвеціць сябе навуцы, зоймецца бізнесам або ўнясе свой уклад у сістэму дзяржаўнага кіравання. “Мы зацікаўлены ў вашым поспеху. Бо энергія і мэтанакіраванасць маладых — важны рэсурс у развіцці дзяржавы. Ваш поспех — гэта і наш поспех”, — заўважыў прэзідэнт.
“Самы цяжкі перыяд у вашым жыцці скончыўся. Пры адной толькі ўмове — калі далей вы не будзеце дапускаць паспешлівых памылак, калі будзеце правільна вырашаць задачы, якія будзе ставіць перад вамі жыццё. Калі вы правільна, раз і назаўсёды, выберыце далейшы шлях. Калі, узвёўшы фундамент свайго жыцця, правільна далей пабудуеце свой дом, у якім будзеце жыць”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Выпускнікі змаглі многае пазнаць і шмат чаму навучыцца, адзначыў прэзідэнт. “А галоўнае, вы не проста пасталелі, вы сталі абсалютна дарослымі людзьмі. Вы навучыліся стаяць перад цяжкасцямі, не адступаць і не станавіцца на калені перад гэтымі цяжкасцямі”, — выказаў упэўненасць Аляксандр Лукашэнка.
Цяперашнія выпускнікі ўступаюць у дарослае жыццё ў няпросты для краіны перыяд, прадоўжыў кіраўнік дзяржавы. “Але гэта менавіта той час, калі асабліва запатрабаванымі становяцца высокі прафесіяналізм, маральныя прынцыпы і сур’ёзнае стаўленне да справы, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Нідзе не паважаюць тых, хто працуе спусціўшы рукавы. Затое высока цэняцца працавітасць, адказнасць, здольнасць прапанаваць свежую ідэю, ажыццявіць яе”.
Прэзідэнт адзначыў, што для выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў настала адказная пара, калі ім трэба будзе на практыцы асвойваць выбраную прафесію, ствараць сям’ю, наладжваць самастойнае жыццё. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што маладыя людзі мелі магчымасць набыць самыя сучасныя веды і карысныя ўменні. Дзяржава паклапацілася, каб забяспечыць кожнага гарантаваным рабочым месцам, дадаў беларускі лідар. “Але атрыманне дыплома — толькі першы крок у станаўленні сапраўднага спецыяліста. Я спадзяюся, вы зможаце пранесці праз усё жыццё шчырую любоў да ведаў, прагу да самаадукацыі і павагу да сваіх настаўнікаў”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
На Рэспубліканскім балі выпускнікоў прысутнічалі лепшыя прадстаўнікі выкладчыцкага корпуса. “Педагог выконвае вельмі важную функцыю ў жыцці грамадства, ён фарміруе будучыню нацыі. І поспехі вашых вучняў сведчаць аб тым, што вы спраўляецеся з гэтай нялёгкай задачай”, — падкрэсліў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў спакойную сітуацыю ў беларускім грамадстве. “Значыць, мы чагосьці вартыя. Значыць, мы стварылі, можа, не без памылак, магчыма, яшчэ не зусім тое, што нам хацелася б, але сваю краіну, дзе мы будзем гадаваць сваіх дзяцей, вучыць іх, вучыць жыццю. І гэта ўсё наша Радзіма”, — сказаў ён.
Прэзідэнт адзначыў, што не хацеў бы спрачацца з тымі, хто імкнецца паехаць за мяжу. “Я не стану спрачацца, але несумненна і бясспрэчна адно — іншай зямлі ні ў кога з вас не будзе. Зямлі, на якой мы з вамі нарадзіліся. Радзіму, сваю родную зямлю, і маці не выбіраюць. Іх нават не крытыкуюць. Яны такія, якія ёсць, такія, якімі падарыў іх нам Гасподзь”, — падагульніў Аляксандр Лукашэнка.

Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА.