Дабрачынны забег Мінскага паўмарафону ў дапамогу дзецям

- 12:37Сацыяльны ракурс

Упершыню ў гэтым годзе напярэдадні і падчас Мінскага паўмарафону пройдзе маштабная інфармацыйна-дабрачынная акцыя “Дабрачынны забег Мінскага паўмарафону”. Ідэя збору сродкаў для дапамогі дзецям аб’яднала вядомыя арганізацыі: некамерцыйную ўстанову “Каманда “Крылы анёлаў”, фонд “Шанс”, Беларускі дзіцячы хоспіс і “SOS-Дзіцячыя вёскі”. Ініцыятыва была падтрымана Беларускай федэрацыяй лёгкай атлетыкі і іншымі арганізатарамі паўмарафону.

Дабрачыннасць — неад’емная частка самых вядомых марафонаў і паўмарафонаў свету, бо ў час масавых спартыўных падзей сіла волі і добрыя памкненні аднаго чалавека могуць быць памножаны шматразова дзякуючы падтрымцы тысяч людзей. Ініцыятары дабрачыннага забегу лічаць, што гэтую велізарную сілу можна накіраваць на вырашэнне сацыяльных задач, якія іншы раз здаюцца невырашальнымі, на пераадоленне перашкод, якія здаюцца непераадольнымі.

Рухавіком “Дабрачыннага забегу Мінскага паўмарафону” стануць бегуны-фандрайзеры — вядомыя спартсмены, прадстаўнікі бізнесу, СМІ, вядучыя, трэнеры і аматары бегу, якія паставілі перад сабой амбіцыйную мэту — сабраць 80 тысяч рублёў для дапамогі дзецям. Сярод іх будуць Надзея Скардзіна, Віталь Гуркоў, Каця Самсонава, Вольга Хіжынкова, Саша Раманава, Юрый Салодкі і іншыя.

На працягу 42 дзён да старту паўмарафону і непасрэдна падчас забегу фандрайзеры будуць заахвочваць людзей аказваць дабрачынную дапамогу на набыццё неабходных дзецям медыкаментаў і медыцынскага абсталявання, стварэнне адаптыўнай спартыўнай пляцоўкі ў летнім цэнтры адпачынку дзяцей з інваліднасцю, на ўладкаванне жыцця дзяцей у SOS-вёсках, спецыяльныя каляскі для ўдзелу дзяцей з цяжкай формай інваліднасці ў спорце.

Арганізатары дабрачыннага забегу запрашаюць ініцыятыўных і сацыяльна актыўных удзельнікаў Мінскага паўмарафону — 2018 паспрабаваць свае сілы ў якасці бегуноў-фандрайзераў. Падтрымаць фандрайзераў можа любы балельшчык або глядач і па жаданні перавесці любую суму на рахунак праектаў, якія прадстаўляюць дабрачынныя бегуны.

На сайце Мінскага паўмарафону створана старонка “Дабрачынны забег”. Тэхнічны партнёр акцыі — краўдфандынгавая пляцоўка “Вулей”, сэрвіс якой служыць для размяшчэння праектаў і зручнай сістэмы аплаты. Інфармацыя аб сумах, якія паступаюць на рахункі праектаў, будзе адкрыта анлайн і абнаўляцца аўтаматычна. Такімі ж празрыстымі стануць і справаздачы аб расходаванні сабраных сродкаў.

Ulej.by — першая ў Беларусі краўдфандынгавая пляцоўка, якая садзейнічае ажыццяўленню ініцыятыў і ідэй крэатыўных беларусаў. За 3 гады існавання пляцоўкі было рэалізавана больш за 160 праектаў, якія прыцягнулі сродкі на агульную суму ў 1 млн беларускіх рублёў. Пляцоўка Ulej.by арыентавана на крэатыўныя праекты ў галіне культуры, адукацыі, бізнесу і сацыяльных праблем.

* * *

Удзельнікі паўмарафону збіраюць сродкі на 4 дабрачынныя праекты.

Мэта ўдзельнікаў каманды “Крылы анёлаў” — сабраць 20 тысяч рублёў на праект “Бегавыя каляскі для дзяцей з ДЦП”. На гэтыя грошы плануецца набыць 2 спецыяльныя каляскі для ўдзелу дзяцей з ДЦП у марафонах і забеспячэння іх транспарціроўкі да месца спаборніцтваў, а таксама для тэхнічнага абслугоўвання і захоўвання прыстасаванняў на працягу года. На кожныя сабраныя дадаткова 6 тысяч рублёў будзе набывацца яшчэ адна каляска.

Грамадская дабрачынная арганізацыя “Беларускі дзіцячы хоспіс” з праектам “БЛАГОустроим!” таксама спадзяецца на суму 20 тысяч рублёў. Сабраныя сродкі пойдуць на набыццё і ўсталяванне адаптыўнай гульнявой пляцоўкі ў летнім цэнтры “Бусел”. Кожнае лета ў “Летнім доміку“ — так падапечныя называюць цэнтр — адпачываюць дзеці з інваліднасцю з розных куткоў Беларусі.

Міжнародны дабрачынны фонд дапамогі дзецям “Шанс” з праектам “Адшукваецца ген! Генетычны аналіз — дапамога ў лячэнні дзяцей” мяркуе таксама сабраць суму ў 20 тысяч. Сродкі плануецца патраціць на аплату дарагога генетычнага аналізу дзяцей з неўралагічнымі захворваннямі. Кошт аналізу для аднаго дзіцяці — 1300 рублёў, ён назначаецца спецыялістамі ў асабліва складаных сітуацыях і дапамагае паставіць дакладны дыягназ, выявіць прычыну захворвання і прадказаць яго далейшае развіццё, падабраць найбольш эфектыўнае лячэнне і вызначыць рызыку спадчыннасці захворвання для будучых пакаленняў.

МГА “SOS-Дзіцячыя вёскі” выступае з праектам “Ні адно дзіця не павінна расці ў адзіноце”. Удзельнікі праекта таксама заяўляюць суму ў 20 тысяч рублёў. Сабраныя сродкі будуць накіраваны на набыццё прадметаў першай неабходнасці для дзяцей, якія паступілі ў “SOS-Дзіцячыя вёскі”, на аплату работы SOS-мам, паслуг псіхолагаў і педагогаў сацыяльных, набыццё матэрыялаў для заняткаў з дзецьмі, у тым ліку ў творчых гуртках і спартыўных секцыях, а таксама на аплату камунальных паслуг домікаў, дзе жывуць дзеці са сваімі новымі сем’ямі.

Падрыхтавала Надзея ЦЕРАХАВА.