Дадатак для Android і іншыя вучнёўскія пошукі

- 11:59Навіны рэгіёнаў

Напярэдадні Дня навукі ў гімназіі № 56 імя А.А.Вішнеўскага Гомеля сабраліся юныя даследчыкі, каб на XI адкрытых Скарынаўскіх гімназічных чытаннях прадставіць журы свае вучэбна-даследчыя работы.

Сёлета да абароны ў гімназічных чытаннях было дапушчана 176 даследчых работ, над якімі працавалі навучэнцы школ і гімназій абласнога цэнтра. Да гамяльчан далучыліся і госці — даследчыкі з Муніцыпальнай бюджэтнай агульнаадукацыйнай установы “Гімназія № 1 імя Ю.А.Гагарына” Клінцы Бранскай вобласці.

Даследчыя работы былі прадстаўлены ў 9 секцыях. Так, працавалі тры секцыі прыродазнаўчых навук па такіх прадметах, як “Біялогія”, “Хімія”, “Геаграфія”. Дзве філалагічныя секцыі, у якіх абараняліся работы па рускай мове і літаратуры і па беларускай мове і літаратуры. Знаўцы замежнай мовы працавалі ў секцыі англійскай філалогіі. Такія прадметы, як “Гісторыя”, “Грамадазнаўства”, “Краязнаўства”, юнакі і дзяўчаты прадстаўлялі ў гістарычнай секцыі. А тыя, каму бліжэй вылічэнні і лагічныя ланцужкі, паказвалі свой талент даследчыка ў дзвюх секцыях дакладных навук, адна з якіх аб’ядноўвала матэматыку і інфарматыку, а другая — фізіку і астраномію. Найбольш цікавымі для юных даследчыкаў аказаліся гістарычная секцыя, у якой было прадстаўлена 34 работы, секцыя дакладных навук, дзе абараняліся матэматыкі (30 работ), і секцыя англійскай філалогіі (28 работ).

На працягу некалькіх месяцаў удзельнікі Скарынаўскіх чытанняў вядуць велізарную пошукавую, даследчую работу, а абарона на чытаннях дае пэўную ацэнку іх дзейнасці. Тэматыка вучнёўскіх даследаванняў была даволі разнастайнай. Дзеці паднімалі праблему каланізацыі Марса, разважалі пра дапаможнік тэкставага набору Т9, веласіпедны рух у Гомелі, закранулі адметнасці культуры копыскай кафлі, знойдзенай на вуліцы Арцёма ў абласным цэнтры.

Здзівілі глыбінёй даследаванняў вучань сярэдняй школы № 44 імя Н.А.Лебедзева Гомеля Раман Роўба, які прадставіў ценявыя метады даследавання, навучэнец гімназіі № 36 імя І.Мележа Гомеля Ян Булгакаў, які ў сваёй рабоце “59 мікрараён Гомеля: ад архітэктурнага планавання — да асяроддзя пражывання” дэталёва прааналізаваў забудову новага мікрараёна. Дзіяна Сняткова з Гомельскай Ірынінскай гімназіі наогул прадэманстравала журы канчатковы прадукт сваёй работы — мабільны дадатак для Android “Падарожнічаем па Гомелі”.

Зацікаўленасць навучэнцаў даследчай дзейнасцю была відавочнай. Здавалася, што яны ўспрымаюць абарону сваіх навуковых работ не столькі як нейкі інтэлектуальны конкурс, а перш за ўсё як добрую магчымасць расказаць грамадскасці пра свае знаходкі, распрацоўкі і гіпотэзы. Акрамя таго, для падлеткаў было важна, што яны могуць пастаўленыя ў работах пытанні і праблемы абмеркаваць, а недзе нават і паспрачацца наконт іх з кампетэнтным журы.

Дарэчы, у склад журы ўваходзілі прадстаўнікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны: прафесар кафедры фінансаў і крэдыту доктар фізіка-матэматычных навук С.Ф.Каморнікаў, дэкан юрыдычнага факультэта І.І.Эсмантовіч, асістэнт кафедры рускага і славянскага мовазнаўства С.Н.Байкова, а таксама кандыдаты навук, метадысты, педагогі.

Мэтай адкрытых Скарынаўскіх гімназічных чытанняў з’яўляецца развіццё інтэлектуальнай творчасці навучэнцаў, прыцягненне іх да вучэбна-даследчай дзейнасці. Як паказвае практыка, цікавасць юнакоў і дзяўчат да мерапрыемства з кожным годам павялічваецца, становіцца шырэй тэматыка даследаванняў, пастаянна павышаецца ўзровень работ.

Наталля ЛУТЧАНКА.