Дадатковая адукацыя дарослых: звяно, якое злучае прафесійную адукацыю і рынак працы

- 11:23Суразмоўца

Ва ўмовах развіцця лічбавай эканомікі, інфарматызацыі, навукаёмістых вытворчасцей устойлівай тэндэнцыяй з’яўляецца пераход ад аднаразовага атрымання кваліфікацыі да пастаяннага ўдасканалення прафесійных ведаў і навыкаў, імкнення да самаадукацыі на працягу ўсяго жыцця. Гэтаму спрыяе дадатковая адукацыя дарослых. Як сёння яна развіваецца, якія рысы ёй характэрны, што патрэбна для яе сугучнасці з рэаліямі рэчаіснасці — аб усім гэтым расказвае начальнік аддзела дадатковай адукацыі дарослых галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі А.А.МАШАРСКІ.

— Алег Аляксандравіч, сістэму дадатковай адукацыі дарослых можна па праве назваць тым звяном, якое злучае прафесійную адукацыю і рынак працы. Менавіта дадатковая адукацыя дарослых з’яўляецца своеасаблівым адлюстраваннем сённяшняга стану працоўных рэсурсаў як у колькасным, так і ў якасным складзе.

— Дадатковая адукацыя дарослых нашай краіны з’яўляецца адным з найважнейшых фактараў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і ўяўляе сабой гнуткую, мабільную сістэму, якая пастаянна развіваецца і вырашае задачы забеспячэння галін эканомікі прафесійнымі кадрамі адпаведнай кваліфікацыі, ажыццяўляе кадравую падтрымку інавацыйных працэсаў, імкнецца задаволіць патрэбы нашых грамадзян у прафесійным удасканаленні з улікам імклівых змяненняў, якія адбываюцца ў эканоміцы.

Асноўнымі прынцыпамі дадатковай адукацыі дарослых з’яўляюцца яе агульнадаступнасць і сістэмнасць, у чым, безумоўна, пераканаліся тыя грамадзяне, якія звярнуліся да гэтага ўзроўню адукацыі. У нас цалкам забяспечваюцца сацыяльныя гарантыі работнікам, якія накіроўваюцца наймальнікам на прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі і стажыроўку. У ліку іх — захаванне сярэдняй заработнай платы па месцы працы на перыяд навучання, аплата праезду да месца вучобы, пражыванне, выплата камандзіровачных, сутачных і інш.

У дадатковай адукацыі дарослых істотную ролю адыгрываюць вядучыя ўстановы вышэйшай адукацыі. У кожнай з іх створаны інстытуты і факультэты павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў па профілі дзейнасці вышэйшай навучальнай установы. Для паспяховага развіцця сістэмы дадатковай адукацыі дарослых мэтазгодным было б вызна­чыць вядучыя ўстановы ў кожнай галіне эканомікі. Ускласці на іх функцыі навуковага, вучэбна-метадычнага і арганізацыйнага забеспячэння. І гэта, па сутнасці, сёння робіцца. Таксама вядзецца актыўная работа па ўпарадкаванні структуры сістэмы дадатковай адукацыі дарослых. А працэс ліцэнзавання адукацыйнай дзейнасці дазволіў аптымізаваць структуру, змест функцыянавання ўстаноў дадатковай адукацыі дарослых і забяспечыў павышэнне яе якасці.

— Ці расце ў нашага насельніцтва попыт на дадатковую адукацыю?

— Сёння дадатковай адукацыяй дарослых займаюцца каля 400 устаноў адукацыі і арганізацый. Яны розныя па статусе, ведамаснай падпарадкаванасці і форме ўласнасці, але іх аб’ядноўвае адзін галоўны напрамак — задаволіць патрэбы грамадзян у дадатковай адукацыі, ва ўдасканаленні сваіх прафесійных ведаў і навыкаў.

Штогод у нашай краіне праходзіць павышэнне кваліфікацыі, стажыроўку, перападрыхтоўку, прафесійную падрыхтоўку каля 350 тысяч чалавек. Непасрэдна перападрыхтоўка ў нас ажыццяўляецца ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, ва ўстановах дадатковай адукацыі дарослых — па 392 спецыяльнасцях.

Пры гэтым пералік спецыяльнасцей перападрыхтоўкі пастаянна карэкціруецца з улікам патрабаванняў, якія прад’яўляюць заказчыкі кадраў.

Створана сістэма прафесійнай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі па 4,7 тысячы прафесій. Ажыццяўляецца навучанне грамадзян з ліку вызваленага, беспрацоўнага і незанятага насельніцтва па напрамках службаў занятасці на базе дзеючых устаноў адукацыі. Там штогод атрымліваюць неабходную кваліфікацыю каля 25 тысяч чалавек. Лічбы даволі высокія і пацвярджаюць, што попыт на дадатковую адукацыю дарослых не змяншаецца. Наадварот. Улічваючы зменлівасць і імклівасць экананамічных і інавацыйных працэсаў, у апошнія гады намецілася тэндэнцыя павышэння попыту ў нашых грамадзян на дадатковую адукацыю, асабліва ў моладзі. Маладыя людзі дакладна адсочваюць змены на рынку працы, запатрабаванасць эканомікі ў той ці іншай кваліфікацыі, яе зместавае напаўненне, практыкаарыентаванасць і імкнуцца аператыўна ўдасканаліць свой прафесійны ўзровень.

— Так ужо склалася, што пад паняццем “дадатковая адукацыя” мы традыцыйна маем на ўвазе павышэнне кваліфікацыі, перападрыхтоўку і стажыроўку кадраў. Ці пашырылася гэтае паняцце сёння?

— Асаблівасцю сістэмы дадатковай адукацыі дарослых у нашай краіне, у адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Бе­ларусь аб адукацыі, з’яўляецца ўключэнне ў яе нароўні з навучальнымі ўстановамі адукацыйнай галіны тых арганізацый, якія падпарадкаваны іншым міністэрствам і ведамст­вам, а таксама індывідуальных прадпрымальнікаў, якія, згодна з заканадаўствам, маюць права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць. Такім чынам, дадатковую адукацыю дарослых могуць рэалізоўваць ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку не толькі ўстановы дадатковай адукацыі дарослых, але і іншыя ўстановы адукацыі і арганізацыі, а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі.

З прыняццем Кодэкса аб адукацыі яшчэ ў папярэдняй рэдакцыі, дзе дадатковай адукацыі прысвечаны цэлы раздзел, само паняцце гэтага адукацыйнага ўзроўню пашырылася. Цяпер у дадатковую адукацыю дарослых уключаны 12 адукацыйных праграм. Сярод іх — адукацыйныя праграмы павышэння кваліфікацыі і стажыроўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў, адукацыйныя праграмы перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў, якія маюць вышэйшую альбо сярэднюю спецыяльную адукацыю; адукацыйная праграма спецыяльнай падрыхтоўкі, неабходнай для займання асобных пасад; адукацыйныя праграмы павышэння кваліфікацыі, перападрыхтоўкі, прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых); адукацыйная праграма вучэбных курсаў; адукацыйная праграма навучання ў арганізацыях; адукацыйная праграма ўдасканалення магчымасцей і здольнасцей асобы; адукацыйная праграма падрыхтоўкі асоб да паступлення ва ўстанову адукацыі.

Акрамя таго, у абгрунтаванні, якое мы прапаноўваем для ўнясення ў новую рэдакцыю Кодэкса аб адукацыі, унесена яшчэ некалькі адукацыйных праграм. Спынюся на адной з іх, якая тычыцца рэпетыцыйнага тэсціравання. Неабходна засяродзіць увагу на тым, што толькі адзін від установы дадатковай адукацыі дарослых — інстытут кантролю ведаў — будзе рэалізоўваць адукацыйную праграму рэпетыцыйнага тэсціравання. Вызначаюцца і іншыя функцыі гэтага віду ўстановы дадатковай адукацыі. Да функцый РІКВ плануецца аднесці і правядзенне атэстацыі навучэнцаў пасля завяршэння іх навучання і выхавання на II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама правядзенне ўступных iспытаў пры прыёме дзяцей у асобныя віды ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Варта адзначыць, што атэстацыя навучэнцаў таксама адносіцца да адукацыйнай дзейнасці.

Сама сетка ўстаноў дадатковай адукацыі дарослых будзе дапоўнена новымі відамі ўстаноў, такімі як акадэмія адукацыі, дзе разам з рэалізацыяй вызначаных адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дарослых будуць выконвацца фундаментальныя і прыкладныя навуковыя даследаванні ў галіне педагогікі, карэкцыйнай педагогікі, псіхалогіі, спецыяльнай псіхалогіі, узроставай фізіялогіі, сацыялогіі, філасофіі адукацыі, прыватных методык навучання і выхавання, тэорыі і кіравання адукацыяй і сумежных з імі навук як асновы ўдасканалення адукацыі, а таксама будуць ажыццяўляцца іншыя віды дзейнасці. Акрамя таго, мы плануем уключыць у пералік адукацыйных праграм, якія будзе рэалізоўваць акадэмія адукацыі, адукацыйную праграму магістратуры. У пералік устаноў дадатковай адукацыі дарослых можа ўвайсці інстытут прафесійнай адукацыі, паколькі гэтая ўстанова рэалізуе адукацыйныя праграмы дадатковай адукацыі дарослых і праходзіць дзяржаўную акрэдытацыю як установа дадатковай адукацыі дарослых, а таксама інстытут кантролю ведаў, пра які мы ўжо гаварылі. Было б мэтазгодным аб’яднаць два віды ўстаноў дадатковай адукацыі дарослых (Цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў і Цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі працоўных) у адзін від пад назвай “Цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў”. Гэта дасць магчымасць выключыць неабходнасць змены віду ўстановы адукацыі пры арганізацыі павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў.

Будзе таксама ўдакладнены пералік адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дарослых, якія могуць рэалізоў­ваць іншыя арганізацыі, індывідуальныя прадпрымальнікі, якія ажыццяўляюць адукацыйную дзейнасць. Будуць вызначаны ўмовы рэалізацыі іншымі арганізацыямі, якія ажыццяўляюць адукацыйную дзейнасць, адукацыйнай праграмы прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых), адукацыйнай праграмы павышэння кваліфікацыі рабочых, адукацыйнай праграмы перападрыхтоўкі рабочых (служачых). Устанаўліваюцца паўнамоцтвы Міністэрства эканомікі па вызначэнні парадку стварэння бізнес-школы іншымі арганізацыямі з ліку камерцыйных арганізацый для рэалізацыі адукацыйнай праграмы павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў.

— Як будзе развівацца сістэма павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі педагагічных кадраў?

— Асноўнай мэтай яе з’яўляецца забеспячэнне адукацыйнай галіны нашай краіны работнікамі неабходнай кваліфікацыі і высокага ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці, гатовых да інавацыйнай дзейнасці, творчых і мэтанакіраваных, здольных пастаянна ўдасканальваць сваё прафесійнае  майстэрства. Рэалізацыя гэтай мэты прадугледжвае ўдасканаленне сістэмы апераджальнага навучання кіраўнікоў і спецыялістаў адукацыі, стварэнне сучаснай сістэмы навукова-метадычнага і інфармацыйна-метадычнага забеспячэння педагагічнай дзейнасці.

Далейшае развіццё атрымае міжгаліновая кааперацыя ў павышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўкі педагагічных кадраў. У гэтым кірунку сёння паспяхова працуюць Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы, Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, абласныя (Мiнскi гарадскi) інстытуты развіцця адукацыі і інш.

Павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка педагагічных кадраў вядзецца ў дзённай, вячэрняй і завочнай (дыстанцыйнай) формах навучання, у асноўным за кошт бюджэтных сродкаў. Штогадовая колькасць слухачоў — каля 50 тысяч чалавек, у тым ліку ў абласных інстытутах развіцця адукацыі — звыш 35 тысяч. Гэта самы высокі колькасны паказчык сярод галіновых сістэм павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў па краіне, у тым ліку і па перыядычнасці праходжання навучання кожным педагагічным работнікам.

— Алег Аляксандравіч, якія асноўныя задачы ставяцца перад сферай дадатковай адукацыі дарослых на найбліжэйшы час і на перспектыву?

— Сфера дадатковай адукацыі дарослых сёння і ў далейшым будзе скіравана на ўдасканаленне сістэмы перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў, забеспячэнне практыка-арыентаванага падыходу ў рэалізацыі адпаведных адукацыйных праграм, забеспячэнне адпаведнасцi зместу дадатковай адукацыі дарослых патрабаванням спажыўцоў адукацыйных паслуг. Мы плануем больш эфектыўна развіваць дыстанцыйную форму навучання, абнаўляць навукова-метадычнае суправаджэнне дадатковай адукацыі дарослых, пашыраць пералік спецыяльнасцей перападрыхтоўкі з улікам запытаў грамадзян і работадаўцаў. Неабходна ўкара­няць новыя вучэбныя праграмы павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў у адпаведнасці з інавацыйнымі напрамкамі і тэндэнцыямі развіцця сістэмы адукацыі, забяспечваць праектаванне адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дарослых на аснове кампетэнтнаснага падыходу і модульнага прынцыпу. У перспектыве пры рэалізацыі адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дарослых плануем развіваць сеткавае ўзаемадзеянне, аптымізаваць дзейнасць вучэбна-метадычных аб’яднанняў у сферы дадатковай адукацыі дарослых за кошт іх інтэграцыі з вучэбна-метадычнымі аб’яднаннямі ў сферы вышэйшай адукацыі, вызна­чыць і заканадаўча замацаваць парадак  і крытэрыі атрымання дазволу на рэалізацыю адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дарослых. Таксама плануем наладзіць больш эфектыўнае ўзаемадзеянне шырокага кола сацыяльных партнёраў (міністэрстваў, мясцовых органаў улады, навучальных устаноў, арганізацый і г.д.), весці маркетынгавыя даследаванні патрэб галін эканомікі ў рабочых, служачых, спецыялістах, больш дасканала вывучаць рынкі працы.

Плануецца і далей удасканальваць механізм фінансавання адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дарослых па прыя­рытэтных напрамках сацыяльна-эканамічнага развіцця грамадства.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.