Дадатковая адукацыя — даступная кожнаму

- 11:00Спецыяльная адукацыя

У 2005 годзе Гомельскі абласны ЦКРНіР выступіў з ініцыятывай запрасіць для работы з навучэнцамі з АПФР педагогаў дадатковай адукацыі абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі. Гэта стала важным крокам у кірунку раскрыцця патэнцыялу асаблівых дзяцей і кіраўнікоў аб’яднанняў па інтарэсах, для якіх работа з такімі дзецьмі была прафесійным выклікам. Наступны крок — арганізацыя работы з навучэнцамі цэнтра ў аб’яднаннях па інтарэсах на базе палаца сумесна з іх звычайнымі аднагодкамі.

“Дзейнасць па ўключэнні дзяцей з цяжкімі парушэннямі развіцця ў сістэму дадатковай адукацыі праходзіла паэтапна, — расказала дырэктар Гомельскага абласнога ЦКРНіР Таццяна Усава. — Арганізоўвалася дыягностыка і назіранне за дзецьмі з цяжкімі парушэннямі, у тым ліку з аўтызмам (РАС). Педагогі дадатковай адукацыі вучыліся спосабам камунікацыі з такімі дзецьмі і падачы ім матэрыялу, вывучалі прыёмы папярэджвання непажаданых паводзін. Прафесійнае суправаджэнне і падтрымку ім аказвалі спецыялісты ЦКРНіР, якія давалі інфармацыю аб індывідуальных асаблівасцях і сенсорных патрэбах дзяцей з РАС, спосабах камунікацыі з тымі, хто не размаўляе. Найбольш эфектыўнай формай сумеснай работы сталі тэатралізаваныя паказы, тэматычныя спектаклі “Ён не такі як усе”. Напісанне сцэнарыяў, рэжысура, падбор музычнага матэрыялу, рэпетыцыі і падрыхтоўка інтэрактыўнага дыялогу — вынік сумеснай работы калектываў дзяцей і дарослых цэнтра і палаца. Супрацоўніцтва ўстаноў дазволіла ўключыць 11 дзяцей з асаблівасцямі, у тым ліку з РАС, у аб’яднанні па інтарэсах на базе палаца”.

У выніку шматгадовага ўзаемадзеяння цэнтра і палаца былі распрацаваны метадрэкамендацыі для кіраўнікоў устаноў у кірунку інклюзіўнай дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і метадрэкамендацыі для педагогаў дадатковай адукацыі па стварэнні сацыяльных гісторый. Таксама з’явіліся праграмы аб’яднанняў па інтарэсах, якія падразумяваюць удзел дзяцей з парушэннямі ў развіцці, канспекты заняткаў для навучэнцаў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Я ведаю — ты зможаш”. Створаны камунікатыўныя планшэты, візуальныя падказкі, пааперацыйныя схемы ў практыцы работы, сцэнарыі спектакляў для навучэнцаў па фарміраванні талерантнага стаўлення да дзяцей з АПФР/аўтызмам для паказу ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.

Важным вынікам сумеснай работы ўстаноў стала зніжэнне аўтыстычных праяў у навучэнцаў з аўтызмам (у сярэднім на 5 балаў па рэйтынгавай шкале CARS) і павышэнне гатоўнасці іх звычайных аднагодкаў да прыняцця ў калектыў такіх дзяцей. Ідэя ўзаемадзеяння ўстаноў знайшла працяг у новым інавацыйным праекце “Укараненне кластарнай мадэлі рэалізацыі прафесійных намераў дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю і іх норматыповых аднагодкаў”, які рэалізуецца ў вобласці з 2019 года.

“Стратэгія інавацыйнага праекта робіць больш эфектыўным гэты кірунак дзейнасці, — адзначыла дырэктар Гомельскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Святлана Якіменка. — З 2019 года Кастрычніцкі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі і Цэнтр творчасці “Ювента” Светлагорска сумесна з рэгіянальнымі ЦКРНіР ствараюць кластарную мадэль фарміравання прафесійных намераў дзяцей з АПФР. На наш погляд, гэтая мадэль сацыяльна запатрабаваная і жыццяздольная, бо дазваляе збалансаваць прафесійныя інтарэсы навучэнцаў, іх псіхафізічныя асаблівасці і сучасныя патрэбы рынку працы. Задача адукацыйнага кластара заключаецца ў аб’яднанні намаганняў устаноў адукацыі (спецыяльнай, дадатковай, агульнай сярэдняй) і бацькоў дзяцей з АПФР.

Мы разумеем, наколькі важная матывацыйная работа з педагогамі ўстаноў дадатковай адукацыі па суправаджэнні асаблівых дзяцей. З гэтай мэтай для раённых цэнтраў творчасці былі арганізаваны і праведзены конкурс індывідуальных праграм аб’яднанняў па інтарэсах для работы з дзецьмі з АПФР, майстар-класы для педагогаў дадатковай адукацыі па фарміраванні навыкаў камунікацыі з дзецьмі, якія не размаўляюць, навучанне суб’ектаў адукацыйнага працэсу па прымяненні метаду сацыяльных гісторый для навучэнцаў з аўтыстычнымі парушэннямі, распрацаваны сцэнарый інклюзіўнага гала-канцэрта абласнога этапу XII Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод” і інш.”.

У ходзе рэалізацыі інавацыйнага праекта намаганнямі калектываў дзвюх устаноў былі створаны слоўнік прафесій “Калейдаскоп прафесій ад А да Я”, зборнік сцэнарыяў “Наш суботні марафон прафесій” (у рамках прафарыентацыйных мерапрыемстваў на працягу навучальнага года), распрацаваны індывідуальныя адукацыйныя праграмы аб’яднанняў па інтарэсах, наладжана сеткавае ўзаемадзеянне з установамі адукацыі, якія рэалізуюць інавацыйны праект. Акрамя таго, педагогам дадатковай адукацыі быў прапанаваны практычны матэрыял для арганізацыі работы па прафарыентацыі (метадычныя рэкамендацыі, сцэнарыі прафарыентацыйных гульняў, мерапрыемстваў, аўдыя-, відэа-, дыдактычныя матэрыялы). Далейшая рэалізацыя праекта дазволіць сістэматызаваць і структураваць метадрэкамендацыі па індывідуалізацыі адукацыйнага працэсу, пашырыць супрацоўніцтва ўдзельнікаў інавацыйнай дзейнасці праз сеткавае ўзаемадзеянне шляхам стварэння агульнай базы метадматэрыялаў, аўтарскіх напрацовак. Будуць сістэматызаваны формы і метады работы з сем’ямі навучэнцаў па аказанні псіхолага-педагагічнай дапамогі ў прафесійным станаўленні дзіцяці. Такім чынам, з’явіцца дзейсны механізм, які забяспечыць знаёмства навучэнцаў са зменлівымі патрэбамі рынку працы і патрабаваннямі, што прад’яўляюцца работадаўцамі да спецыялістаў той ці іншай прафесіі, з улікам асаблівасцей рэгіёна.

Надзея ЦЕРАХАВА.