Дадатковая адукацыя — для ўзмацнення матывацыі

Другая Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Бесперапынная арыентаваная адукацыя ў галіне матэматыкі і прыродазнаўчых навук: стан, развіццё, перспектывы” прайшла ў анлайн-фармаце на базе БДУ. У ролі арганізатара выступіў “Юні-цэнтр-ХХІ” — навукова-даследчы і метадычны цэнтр выкладчыкаў і навучэнцаў на базе факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі і Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі ў галіне тэхналогій інфарматызацыі і кіравання Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У канферэнцыі прынялі ўдзел больш за 60 педагагічных работнікаў, выкладчыкаў універсітэтаў, інстытутаў развіцця адукацыі, навуковых устаноў з усіх рэгіёнаў нашай краіны, а таксама з Расіі і Балгарыі.

У першы дзень канферэнцыі былі разгледжаны пытанні арганізацыйна-тэхналагічнага характару. Пачаў канферэнцыю Барыс Задворны, намеснік дэкана факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі па прафарыентацыі і дадатковай адукацыі БДУ, начальнік “Юні-цэнтр-XXI”, расказаўшы пра тэндэнцыі і новыя магчымасці ў развіцці і ўзаемасувязі дадатковай адукацыі і інтэлектуальных мерапрыемстваў.

У прыватнасці, гаворачы пра перспектывы развіцця сістэмы дадатковай адукацыі, Барыс Валянцінавіч заўважыў, што найперш трэба ўмацоўваць яе падмурак і масавасць: “Пад падмуркам у гэтым кантэксце я разумею наступныя моманты: падмурак у мысленні чалавека: з якога ўзросту пачынаць (чым раней — тым лепш), і вучэбна-метадычны падмурак: па якіх праграмах і матэрыялах працаваць (дапаможніках, задачніках, электронных крыніцах і г.д.). Масавасць — гэта, зноў жа, з якіх класаў пачынаць, але разам з тым і ўцягванне як мага большай колькасці навучэнцаў з усіх рэгіёнаў краіны, пры гэтым няважна, пра які вучэбны прадмет або навуковы кірунак ідзе гаворка — у самых малодшых класах мы гаворым перш за ўсё пра развіццё мыслення на лагічных, развіццёвых задачах і конкурсах.

Па-другое, на гэтым падмурку, не забываючы пра класічныя прынцыпы і метады навучання, трэба нарошчваць новыя, заснаваныя на найноўшых тэхналогіях, метадалагічных і псіхолага-педагагічных распрацоўках, прычым у іх дыялектычным адзінстве і разнастайнасці”.

Барыс Валянцінавіч падкрэсліў, што гаворка не ідзе пра вынаходніцтва нечага новага. Неабходна расставіць акцэнты і прыярытэты. А яны ў выкарыстанні новых тэхналогій і інтэрактыўных сродкаў навучання (анлайн і афлайн) і псіхолага-педагагічных методык, іх укараненні ў сістэму дадатковага навучання пры абавязковым спалучэнні з класічнымі (па магчымасці вочнымі) формамі і метадамі навучання.

Гаворка ідзе і пра выкарыстанне найноўшых тэхналогій і інтэрактыўных сродкаў пры правядзенні алімпіядна-конкурсных мерапрыемстваў, семінараў, канферэнцый работ даследчага характару, турніраў. Па меркаванні Б.В.Задворнага, патрэбна ўкараненне новых методык (і, магчыма, фармату) правядзення заняткаў з навучэнцамі малодшай школы (1—4 класы), заснаваных не проста на гульнявым, займальным, кемлівым рэжыме (калі развіваюцца навыкі зразумець, здагадацца, прыдумаць), але і накіраваных на ўвядзенне ў заняткі заданняў, якія патрабуюць ад навучэнцаў пачатковых класаў лагічных разваг і высноў (не проста здагадацца, а здагадацца, пераадолеўшы нейкія этапы роздумаў і лагічных разваг). Усё гэта будзе спрыяць з’яўленню новых магчымасцей для дадатковай адукацыі і павышэнню кваліфікацыі настаўнікаў у галіне дадатковага і паглыбленага навучання школьнікаў.


Увогуле, дадатковае навучанне цесна пераплецена з асноўным. Гэта стала відавочным, калі давялося арганізоўваць вучэбны працэс падчас пандэміі. На сёння гэта рэаліі сучаснай адукацыі, дзе выкарыстанне анлайн- і афлайн-фарматаў стала вельмі актуальным. Пра асаблівасці арганізацыі такога навучання ў сваім рэгіёне гаварыла намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце гімназіі № 71 Гомеля настаўнік-метадыст Ірына Ганчарэнка:

“Вясной 2020 года, калі пачалася пандэмія, перад педагогамі паўстала класічнае пытанне “Што рабіць?”. Пасля некаторага замяшання стала зразумела, што патрабуецца стварэнне неабходных і дастатковых умоў (не зусім тых, да якіх педагогі прывыклі) для працягу працэсу навучання і развіцця дзіцяці, пры гэтым асобасна арыентаваная накіраванасць і індывідуалізацыя навучання не павінны былі губляцца.

У красавіку 2020 года ў рэжыме відэаканферэнцыі прайшло пашыранае пасяджэнне членаў нашага абласнога клуба “Зорнае крыло”, які аб’ядноўвае педагогаў, удзельнікаў конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” Гомельскай вобласці. Стала відавочна, што актуальнай будзе арганізацыя індывідуальнага адукацыйнага працэсу з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій (ІКТ). Таму пасяджэнне клуба было прысвечана абмеркаванню магчымых ма­дэляў дыстанцыйнага ўзаемадзеяння, найбольш эфектыўных тэхнічных сродкаў, рэсурсаў, іншых актуальных праблем, з якімі сутыкаюцца настаўнікі.

Было вырашана, што для мінімізацыі дадатковай нагрузкі на педагога неабходна знайсці аптымальную форму падачы вучэбнага матэрыялу, напрыклад, канспект, які настаўнік зможа выкарыстаць пры падрыхтоўцы і правядзенні ўрока. У той жа час ён павінен быць зразумелы навучэнцам, якія займаюцца дома самастойна, і іх бацькам.

Алена Аляксандраўна Ананчыкава, ды­рэктар сярэдняй школы № 13 Жлобіна імя В.В.Гузава, старшыня клуба, прапанавала форму такога канспекта і яго назву — маршрутны ліст. Прарэктар Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Аляксандраўна Блажко стала ініцыятарам стварэння на базе сайта інстытута інфармацыйнага рэсурсу “Вэб-настаўніцкая”, дзе былі размешчаны маршрутныя лісты па ўсіх вучэбных прадметах.

У работу ўключыліся настаўнікі-метадысты, творча працуючыя педагогі. Я распрацавала і размясціла на гэтым інфармацыйным рэсурсе серыю маршрутных лістоў для навучэнцаў 7 класа па матэматыцы. Таксама стварыла сістэму відэаўрокаў з распрацаванымі заданнямі на платформе “Яклас”. Па сутнасці, запрацавала тэхналогія змешанага навучання (blended learning), якая дазволіла спалучаць дыстанцыйнае і вочнае навучанне. Але яна не стала нейкім новаўвядзеннем для большай часткі маіх навучэнцаў. Выкарыстоўваючы такую тэхналогію, я на працягу многіх гадоў рыхтавала сваіх вучняў да рознага роду конкурсаў, канферэнцый, алімпіяд, турніраў юных матэматыкаў”.


Сваім вопытам арганізацыі сістэмы ўрочных і пазаўрочных заняткаў па матэматыцы ў 8—9 класах, якая актывізуе пазнавальную дзейнасць вучняў, падзялілася настаўнік-метадыст настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 31 Віцебска імя В.З.Харужай Наталля Шчаглова. “Для канструявання новага зместу ў сістэме ўрочна-пазаўрочных заняткаў выкарыстоўваю арганізацыю вывучэння вучэбнага прадмета на павышаным узроўні; пераразмеркаванне колькасці вучэбных га­дзін паміж часткамі і тэмамі; вар’іраванне глыбіні патрабаванняў у рамках стандарту; перастаноўку акцэнтаў унутры вучэбнай тэмы; распрацоўку набору развіццёвых заданняў”, — адзначыла Наталля Уладзіміраўна.

У сваёй педагагічнай дзейнасці настаўніца аб’яднала ў адзінае цэлае ўрокі, факультатыўныя заняткі, а таксама стымулюючыя і падтрымліваючыя заняткі. “З праграмай факультатыўных заняткаў навучэнцы знаёмяцца ў пачатку навучальнага года. Каляндарна-тэматычнае планаванне будую такім чынам, каб максімальна большая колькасць тэм факультатыўных заняткаў была звязана з тэмамі ўрокаў. Напрыклад, у 8 класе пры вывучэнні тэмы “Функцыі

і іх уласцівасці” мэтазгодна праводзіць факультатыўныя заняткі па тэме “Розныя ўласцівасці функцый і іх прымяненне (перыядычнасць, цотнасць, абмежаванасць)”. Гэта дазволіць пашырыць і паглыбіць матэрыял, які вывучаецца на ўроках.

Тэмы факультатываў, якія не звязаны з матэрыялам, што вывучаецца на ўроках, планую так, каб перамяжоўваць вывучэнне складаных тэм урока з больш простымі тэмамі факультатываў і наадварот. Напрыклад, у 8 класе пры вывучэнні тэмы “Прагрэсіі”, якая не выклікае цяжкасцей у навучэнцаў, планую факультатыўныя заняткі па тэмах “Мова тэорыі графаў. Найпростыя лікавыя характарыстыкі і тыпы графаў”, што дазваляе перанесці акцэнт на важныя тэмы факультатыву”, — працягвала Наталля Уладзіміраўна.

Навучэнцы, якія засвоілі матэрыял у поўным аб’ёме, маюць магчымасць наведваць стымулюючыя заняткі, а тыя, хто часткова засвоіў ці не засвоіў тэму, наведваюць падтрымліваючыя заняткі альбо звяртаюцца па дапамогу да тых, хто засвоіў тэму ў поўнай меры. “Стымулюючыя заняткі праводжу па тэмах урокаў або факультатываў у змешаных групах да 20 чалавек, аб’ядноўваючы вучняў 8—9 класаў. Вывучаем тэмы, пройдзеныя раней, і тэмы, якія патрабуюць пастаяннага паглыблення: “Тэарэма Віета”, “Даследаванне квадратычнай функцыі”, “Уласцівасці і прыкметы чатырохвугольнікаў”, “Плошчы”, “Падобнасць”, “Упісаныя і апісаныя трохвугольнікі, чатырохвугольнікі”, “Дробава-рацыянальныя ўраўненні” і інш. У навучэнцаў ёсць магчымасць выбару тэм па жаданні. Найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца такія тэмы, як “Камбінаторыка”, “Задачы на прымяненне вектараў”, “Інварыянты”, — расказала настаўніца.

У арганізацыйна-метадычным арсенале Наталлі Шчагловай — аўтарскія задачы, выкарыстанне ІКТ, дыстанцыйнага ўзаема­дзеяння, работа над даследчымі задачамі, развіццё самастойнасці вучняў, іх актыўны і выніковы ўдзел у алімпіядах і конкурсах, індывідуальныя планы для развіцця высокаматываваных і адораных навучэнцаў. Безумоўна, усё гэта спрыяе развіццю пазнавальнай цікавасці і глыбокаму засваенню матэматыкі.


У працяг гаворкі пра пазнавальную цікавасць хочацца адзначыць выступленне начальніка псіхалагічнай службы БДУ Руслана Папка, які спыніўся на некаторых аспектах псіхолага-педагагічнай работы з адоранымі дзецьмі пры далучэнні іх да даследчай дзейнасці, асаблівасцях іх матывацыі, расказаў пра праблемныя моманты і шляхі іх пераадолення.

Руслан Пятровіч раскрыў спецыфіку матывацыі ў навукова-даследчай дзейнасці і пералічыў яе прынцыпы па прыярытэтнасці.

1. Магчымасць задаволіць свае амбіцыі, вылучыцца ў канкурэнтнай барацьбе, але пры гэтым адчуваць сябе ў псіхалагічнай бяспецы. Гэта звязана з тым, што ў адрозненне, напрыклад, ад удзелу ў алімпіядзе, дзе выніковасць мае строга рэгламентаваны характар (размеркаванне па месцах) і звязана з абмежаванай колькасцю шансаў, навукова-даследчая дзейнасць звязана са стварэннем праекта, які можна прасоўваць, кожны раз удасканальваючы, і прэзентаваць некалькі разоў на розных пляцоўках.

2. Засваенне сістэмы эфектыўнага ўзаемадзеяння. Навукова-даследчая дзей­насць звязана з асаблівай атмасферай супрацоўніцтва, тым больш у такой яе эфектыўнай форме, як дыядныя парытэтныя зносіны.

3.  Заваяванне пэўнага статусу. Такі статус можна пазначыць як “даследчык”.

4. Фарміраванне мэтанакіраванасці. Наяўнасць любога прадукту дзейнасці вядзе да імкнення яго рэалізаваць. А гэта ў сваю чаргу фарміруе планы і стратэгіі дзейнасці, што для маладога чалавека, безумоўна, добры вопыт. А калі такая дзейнасць набывае сістэмны характар, тады і фарміруецца ўстойлівае, адэкватнае, рэалістычнае мэтавызначэнне.

5. Наяўнасць сістэмы стымулаў. Яны не носяць глабальнага характару, але ў штодзённай дзейнасці з’яўляюцца важным элементам накіраванасці ў дзейнасці, мэтанакіраванасці і настойлівасці. Важнымі з’яўляюцца ўзгодненасць стымулаў і іх за­дзейнічанне ў неабходныя моманты.

“У адпаведнасці з прыярытэтнасцю прынцыпаў можна вызначыць прымальныя спосабы фарміравання матывацыі, такія як іерархічная сістэма, праграмна-модульны копінг і сацыяльна-псіхалагічная медыяцыя. Сацыяльна-псіхалагічная медыяцыя заключаецца ў стварэнні ўмоў, з аднаго боку, прывабных для ўдзельніка, а з другога, такіх, якія дазваляюць рэалізоўваць дзеянні па дасягненні пастаўленых мэт. Напрыклад, работа ва ўмовах лабараторыі або даследчага гуртка. Уся атмасфера, арганізацыя, прастора, спосабы ўзаемадзеяння спрыяюць творчаму пошуку, дазваляюць не адцягвацца на другарадныя рэчы. Матывацыя заключаецца ў паглыбленні ў спецыяльнае асяроддзе, у якім камфортна і лёгка весці работу, а галоўнае — хочацца вяртацца.

Што тычыцца самаматывацыі, то варта адзначыць, што яе фарміраванне грунтуецца на суправаджэнні працэсу правільнымі і дарэчнымі педагагічнымі спосабамі. Для гэтага ў першую чаргу неабходна ўмець ­зняць запыт падлетка, зразумець яго патрэбу. Важным элементам з’яўляецца магчымасць зваротнай сувязі, калі падлетак мае магчымасць звярнуцца па падтрымку. Такая магчымасць павінна быць дакладна арганізаванай: у які час, у якім месцы, з якімі пытаннямі можна звярнуцца. Ну і, нарэшце, важным з’яўляецца ўзровень даверу ва ўзаемадзеянні. Гэта найважнейшы элемент фарміравання матывацыі, калі стымулы падмацоўваюцца вынікамі, прычым у гэтым выпадку гаворка ідзе не аб выніках навукова-даследчай дзейнасці, а аб маральнай, псіхалагічнай падтрымцы”, — адзначыў Руслан Пятровіч Папок.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.