Дадатковая адукацыя ідзе наперад

- 12:06Актуально, Рознае

На Гродзеншчыне ў абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі падвялі вынікі рэспубліканскага Тыдня ўстаноў дадатковай адукацыі. Гэтае мерапрыемства ў горадзе над Нёманам праходзіла ўжо другі раз. Удзел у ім прыняў намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык.

На першым паверсе палаца ўсе жадаючыя маглі азнаёміцца з выставамі. Асаблівую ўвагу прыцягвалі выставы робататэхнікі і ракета-касмічнага мадэлявання, а таксама тэхнічных знаходак. Гэта тое, што сёння вельмі цікавіць падрастаючае пакаленне, а ўстановы дадатковай адукацыі працуюць у адпаведнасці з запытамі часу. Гэта адзначыў і намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык.
— Па статыстыцы, кожны трэці школьнік краіны наведвае ўстановы дадатковай адукацыі. У нас, я лічу, дастаткова сфарміравана сістэма дадатковай адукацыі, якая ўзаемадзейнічае са школамі, іншымі ўстановамі адукацыі, з соцыумам. Але неабходна гаварыць аб далейшым развіцці гэтай сістэмы і перш за ўсё звярнуць увагу на тэхнічную творчасць і інавацыйныя напрамкі дадатковай адукацыі. З гэтага года 20 аб’яднанняў па ІТ-тэхналогіях і лега-канструяванні будуць адкрыты ў рэгіёнах, і іх колькасць будзе павялічвацца.
Віктар Віктаравіч падкрэсліў, што сучасныя падыходы неабходна спалучаць з традыцыйнымі. Напрыклад, у мастацкай творчасці, дзе больш за ўсё аб’яднанняў па інтарэсах, таксама важна інаватыка, што можна назіраць на фестывалі-конкурсе “Млын моды”. Тут выкарыстоўваецца інаватыка ў галіне канструявання адзення, але пры гэтым захоўваюцца традыцыі народнай творчасці.

Па словах Віктара Якжыка, асаблівая місія сёння адведзена дадатковай адукацыі ў турыстычнай дзейнасці. “Вельмі добра, што існуюць такія аб’яднанні па інтарэсах. Па статыстыцы, дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, ці непаўналетнія правапарушальнікі пасля таго, як прыходзяць займацца ў такія гурткі, у далейшым часцей за ўсё знімаюцца з уліку”. Таксама трэба разумець і неабходнасць развіцця адукацыйнага турызму, “каб цэнтры турызму не толькі давалі адпаведныя навыкі, але і маглі ўплываць на турыстычныя патокі навучэнцаў, вызначаць іх дзейнасць на ўвесь навучальны год, складаць маршруты”, — адзначыў намеснік міністра.
Важным момантам з’яўляецца і міжнароднае супрацоўніцтва. Аб тым, у якіх напрамках можа развівацца расійска-беларускае супрацоўніцтва ў сферы дадатковай адукацыі, расказаў Міхаіл Бастанжогла, дырэктар Федэральнага цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі.
— Дадатковая адукацыя ў нас абсалютна карэлюецца па праграмах і Саюзнай дзяржавы, і развіцця сістэм агульнай сярэдняй адукацыі нашых краін. Асаблівасцей амаль няма. Сёння мы бачым новага школьніка і таму шукаем новыя падыходы, каб даць магчымасць развівацца нашым дзецям як патрыётам, выхоўваць іх. Перспектывамі нашага ўзаемадзеяння з’яўляецца абмен педагогамі, кіраўнікамі і, безумоўна, праграмамі. У сферы турызму сёння ўжо ёсць буйныя саюзныя праекты. Напрыклад, турыстычны злёт навучэнцаў Саюзнай дзяржавы, які праводзіцца штогод на тэрыторыі то Расіі, то Беларусі.
На пасяджэнні рэспубліканскага Савета дырэктараў устаноў дадатковай адукацыі была прэзентавана работа Гродзенскай вобласці. Начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Генрыхавіч Сонгін адзначыў некаторыя асаблівасці і напрамкі работы ў сферы дадатковай адукацыі. Напрыклад, пры шматпрофільных цэнтрах захаваны 33 дзіцячыя пакоі па месцы жыхарства. Асаблівая ўвага накіравана на забеспячэнне даступнасці дадатковай адукацыі ў сельскай мясцовасці. Штоквартальна раённымі цэнтрамі праводзяцца дні сельскіх школьнікаў. А ў сельскіх малакамплектных школах, дзе па штатным раскладзе няма педагога-арганізатара, для падтрымкі дзіцячага руху адкрыты 38 аб’яднанняў “Лідар”.
Эфектыўна была вырашана праблема адсутнасці ў раёнах устаноў турыстычна-краязнаўчага, тэхнічнага або экалагічнага профілю. Загадамі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму гар(рай)выканкамаў з 2008 года вызначаны апорныя ўстановы адукацыі для правядзення сістэмнай работы па выбраным напрамку. Абласнымі ўстановамі вядзецца інструктыўна-метадычнае суправаджэнне, а аддзеламі адукацыі, спорту і турызму ўмацоўваецца іх матэрыяльна-тэхнічная база.

Немалаважным для развіцця сістэмы дадатковай адукацыі і захавання яе якасці з’яўляецца правядзенне штогадовых аглядаў і конкурсаў. Напрыклад, адзін раз у два гады раённыя ўстановы дадатковай адукацыі спаборнічаюць за права з’яўляцца брэндам адукацыі вобласці ў сваёй намінацыі.
І калі ў першы раз такі ганаровы тытул атрымала ўстанова, вядомая ў рэспубліцы, — Лідскі цэнтр творчасці, то ў 2013 годзе — невялікі па памерах, але вельмі цікавы па зместавым напаўненні работы Астравецкі цэнтр творчасці.
Прыярытэтнай формай работы з навучэнцамі была вызначана сацыяльна значная праектная дзейнасць. Напрыклад, вельмі значным стаў абласны праект “Дэпутацкая прыёмная”, які стаў асновай стварэння абласнога маладзёжнага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў. Вынік работы гэтага парламента — праведзены абласны “Кірмаш ідэй”, на якім дэпутатамі былі прадстаўлены сацыяльна значныя праекты па валанцёрстве, арганізацыі змястоўнага вольнага часу дзяцей, прафілактыцы правапарушэнняў сярод непаўналетніх, працоўнай занятасці моладзі, прадпрымальніцтве.
Напрыканцы пасяджэння адбылося падпісанне намеснікам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктарам Якжыкам і намеснікам дырэктара Дэпартамента дзяржаўнай палітыкі ў сферы выхавання дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі Соф’яй Мазгляковай Палажэння аб каардынацыйным савеце па развіцці дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Саюзнай дзяржавы, а таксама перадача Гомельскай вобласці памятнага знака рэспубліканскага Тыдня ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Аднак абмен вопытам на гэтым не завяршыўся. Свае поспехі прадстаўлялі гасцям Эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі, які славіцца азеляняльным комплексам “Квітнеючы вадаспад”. Былі прадстаўлены праекты Гродзенскага дзяржаўнага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства.
Надзвычай насычаным быў другі дзень: госці перамясціліся ў Слонім, дзе наведалі раённы Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Тэрэса Вацлаваўна Юшкевіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Слонімскага райвыканкама, падзялілася сваім вопытам работы і расказала пра кіраўніцтва якасцю дадатковай адукацыі ў раёне.
На сённяшні дзень, як адзначыла Тэрэса Вацлаваўна, актывізавана дзейнасць па прыцягненні дадатковых асігнаванняў для ўстаноў дадатковай адукацыі, заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве з базавымі прадпрыемствамі, паступова пашыраецца спектр платных адукацыйных паслуг. Установамі дадатковай адукацыі за 2013 год дадаткова прыцягнута 322,6 млн рублёў, за 8 месяцаў 2014 года — 273,9 млн рублёў.
Акрамя мэтанакіраванай метадычнай работы, для развіцця кадравага патэнцыялу педагогаў дадатковай адукацыі практыкуецца правядзенне ў рамках штогадовага раённага педагагічнага марафону “Інтэлект. Інавацыі. Поспех” Дня педагога дадатковай адукацыі, у ходзе якога педагогі маюць магчымасць абмяняцца вопытам, прэзентаваць творчыя напрацоўкі ў форме майстар-класаў. Таксама на працягу ўжо двух гадоў у практыку работы аддзела і падведамасных устаноў уключана правядзенне творчых справаздач калектываў школ разам з калектывамі ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі па эфектыўнасці рэалізацыі мерапрыемстваў праграм выхавання.

Пашырыўся і спектр адукацыйных паслуг з улікам запытаў навучэнцаў і іх бацькоў ці законных прадстаўнікоў. Для асобных катэгорый дзяцей і падлеткаў, якія патрабуюць павышанай педагагічнай увагі, вядзецца работа ў рамках аб’яднанняў па інтарэсах “Міласэрнасць”, “Беларуская гасцёўня”, “Чараўніца”, “Дзіцячы тэатр” і інш. Для дзяцей і падлеткаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, маладых інвалідаў аддзялення дзённага знаходжання Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва дзейнічаюць аб’яднанні экалагічнага профілю, ажыццяўляецца рэалізацыя індывідуальных праграм дадатковай адукацыі дома асоб з АПФР па мастацкім профілі.
Праведзеная работа па забеспячэнні якасці дадатковай адукацыі дае пэўныя вынікі. Так, больш за 90% бацькоў па выніках анкетавання на канец мінулага навучальнага года ў поўнай меры задаволены спектрам і якасцю адукацыйных паслуг, якія прадастаўляюцца іх дзецям. Эфектыўнасць работы раённых устаноў дадатковай адукацыі пацвярджаецца перамогамі ў абласных, рэспубліканскіх конкурсах, фестывалях, выставах і спаборніцтвах.
Напрыканцы ўдзельнікі і госці мерапрыемства прайшлі духоўна-маральным адукацыйным маршрутам да праваслаўных святынь Жыровіцкага Свята-Успенскага манастыра.

Антаніна ЖВІРЫДОЎСКАЯ.