Дадатковая адукацыя: вынікі і перспектывы

- 11:50Навіны рэгіёнаў

Кіраўнікоў шматпрофільных устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Гомельшчыны сабраў абласны семінар “Вынікі і перспектывы дзейнасці шматпрофільных устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”.

Навучальны год скончыўся, а значыць, прыйшоў час прааналізаваць выніковасць удзелу шматпрофільных устаноў дадатковай адукацыі ў выставах, конкурсах, якасць іх метадычнага суправаджэння, пагаварыць аб далейшым развіцці, абазначыць перспектывы на будучы навучальны год. Удзел у мерапрыемстве прынялі намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Жанна Ждановіч і дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Надзея Васільчанка.

Вынікі дзейнасці шматпрофільных устаноў дадатковай адукацыі ў 2016/2017 навучальным годзе падвяла дырэктар Гомельскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Святлана Якіменка. Яна адзначыла, што ў цэлым на рэспубліканскім узроўні Гомельская вобласць выглядае добра, у скарбонцы дасягненняў — перамогі ў розных конкурсах як навучэнцаў, так і педагогаў дадатковай адукацыі. Гэты год, трэба сказаць, для педагогаў-дадаткоўцаў Гомельшчыны быў асабліва плённы, перш за ўсё таму, што на мінулагодняй жнівеньскай нарадзе ён быў абвешчаны годам дадатковай адукацыі. Аднак ёсць і недахопы, а значыць, ёсць над чым працаваць у перспектыве.

Зразумела, наўрад ці атрымаецца дасягаць новых вяршынь без метадычнай падтрымкі. А ва ўстановах дадатковай адукацыі вобласці яна сапраўды моцная. Гэта паказаў і праведзены нядаўна Абласны конкурс прафесійнага майстэрства “Метадыст года — 2017”. Дарэчы, у практычнай частцы семінара можна было ўбачыць пераможцаў і лаўрэатаў конкурсу ў дзейнасці — яны правялі майстар-класы ў розных секцыях. Акрамя таго, падчас семінара працавалі выставы метадычнай прадукцыі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і метадычных матэрыялаў мясцовага ўзроўню. Такім чынам, кіраўнікі ўстаноў дадатковай адукацыі маглі пазнаёміцца з перадавым вопытам, цікавымі знаходкамі педагогаў-дадаткоўцаў і метадыстаў, даведацца пра тое, як укараніць гэта ў сваёй працы.

Наталля ЛУТЧАНКА.