Дадатковыя перспектывы мадэрнізацыі

Цырымонія падпісання пагаднення аб дадатковым фінансаванні Сусветным банкам праекта “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь” адбылася ў Любанскім раёне. Паводле пагаднення, банкам будзе выдаткавана 90 млн еўра.

Высокіх гасцей прымаў Стараюрковіцкі дзіцячы сад — сярэдняя школа. Удзел у мерапрыемстве ўзялі памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Мінскай вобласці І.У.Яўсееў, намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама І.С.Маркевіч. Свае подпісы на дакументах паставілі міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь І.В.Карпенка і кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі Аляксандр Крэмер.

Праект “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь” рэалізоўваецца ў нашай краіне з 2015 года. За гэты час капітальна адрамантаваны 40 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, сучаснае вучэбнае абсталяванне з’явілася ў 24 кабінетах хіміі і 11 кабінетах фізікі, праведзена міжнароднае параўнальнае даследаванне адукацыйных дасягненняў вучняў PISA-2018, пачалася распрацоўка інфармацыйнай сістэмы кіравання агульнай сярэдняй адукацыяй. Праект закрануў перш за ўсё ўстановы адукацыі, размешчаныя ў сельскай мясцовасці і малых гарадах. Прыкладам таго, якія вынікі дае праект, слу­жыць установа, дзе адбывалася падпісанне пагаднення. Стараюрковіцкі дзіцячы сад — сярэдняя школа быў цалкам адрамантаваны ў 2016—2017 гадах. Значная частка работ праводзілася з выкарыстаннем сродкаў, выдаткаваных Сусветным банкам. Таксама сродкі паступалі з раённага бюджэту. Сёння 86 вучняў і 17 выхаванцаў займаюцца ў цудоўных умовах.

Новае пагадненне дазволіць зрабіць яшчэ больш. Мерапрыемствы, якія прапануюцца ў рамках дадатковага пагаднення, плануецца ажыццяўляць па трох узаемазвязаных кірунках. Першы — стварэнне якасных умоў навучання ва ўстановах, размешчаных у сельскай мясцовасці і малых гарадах, у тым ліку ў тых, што прымаюць навучэнцаў з закрытых або рэарганізаваных школ. Плануецца праводзіць рэканструкцыю і капітальны рамонт, забяспечваць установы вучэбна-лабараторным абсталяваннем. У Віцебскай вобласці будзе рэалізаваны пілотны праект па выкарыстанні ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі для арганізацыі сацыяльна-адпачынкавай дзейнасці насельніцтва, аказання сацыяльна-педагагічных, псіхалагічных і іншых паслуг. Яшчэ адзін  пілотны праект плануецца ў Магілёўскай вобласці — тут на базе кабінетаў фізікі, хіміі, інфарматыкі, біялогіі навучальных устаноў бу­дуць створаны цэнтры інавацыйнага навучання. Усяго плануецца адрамантаваць 220 устаноў адукацыі краіны, забяспечыць абсталяваннем 262 вучэбныя кабінеты.

Другі напрамак рэалізацыі праекта — мадэрнізацыя сістэмы кіравання адукацыяй, што прадугле­джвае ўмацаванне нацыянальнай сістэмы ацэнкі якасці адукацыі, а таксама падтрымку мерапрыемстваў, звязаных з удзелам Беларусі ў праграмах PISA-2021.

Трэці кірунак — падтрымка рэалізацыі праекта, маніторынг і ацэнка.

Падчас цырымоніі падпісання пагаднення І.В.Карпенка падкрэсліў важнасць работы, якая право­дзіцца ў рамках праекта.

— Незалежна ад таго, маленькая вясковая школа або вялікая гарадская, знаходзіцца ўстанова ў сталічным рэгіёне або недзе на ўскрайку, усе дзеці павінны мець роўныя магчымасці для атрымання якаснай адукацыі. Гэта пасыл кіраўніка дзяржавы, і гэтае патрабаванне мы спрабуем рэалізоўваць, у тым ліку пры падтрымцы Сусветнага банка, праз праект мадэрнізацыі школ, — адзначыў міністр адукацыі. — Хачу падзякаваць усім, хто мае дачыненне да рэалізацыі праекта. Я перакананы, што наша далейшае супрацоўніцтва з Сусветным банкам будзе спрыяць стварэнню роўных умоў для дзяцей па атрыманні якаснай адукацыі. Будаўніцтва, рамонт, абсталяванне кабінетаў, тэхнічныя сродкі — усё накіравана на тое, каб дзіця ўсебакова развівалася, атрымлівала якасную адукацыю, сацыялізавалася, рыхтавалася да самастойнага жыцця. Думаю, мы яшчэ не раз убачым вынікі нашай сумеснай працы па мадэрнізацыі сістэмы адукацыі.

Пра значнасць інвестыцый у адукацыю гаварыў і Аляксандр Крэмер:

— Не будзе перабольшаннем сказаць, што школа з’яўляецца найбольш важным будынкам у вёсцы ці маленькім горадзе. І нао­гул, школы з’яўляюцца надзвычай важнымі для краіны. Беларусь сустракаецца з мноствам выклікаў на шляху стварэння сучаснай высокапрафесійнай школьнай сеткі. Дэмаграфічная сітуацыя мяняецца, і адаптацыя школьнай сеткі кладзецца на плечы Міністэрства адукацыі. Сусветны банк удзячны за работу, якая праводзіцца Міністэрствам для вырашэння гэтых праблем.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.