Дадаць інтэрактыўнасці

- 14:38Адукацыйная прастора

Знаёмства з музеем павінна надоўга запомніцца наведвальніку. Таму было вырашана зрабіць музейны пакой “Баявой славы” сярэдняй школы № 5 Навагрудка больш інтэрактыўным. Безумоўна, самыя далікатныя і каштоўныя экспанаты па-ранейшаму застаюцца пад шклом, затое ў наведвальнікаў з’явіўся шанс непасрэдна дакрануцца да ваеннай гісторыі.

Пасля непрацяглага аповеду пра гісторыю ваенных часоў госці могуць самастойна азнаёміцца з экспанатамі музейнага пакоя. Найбольш цікавяць навучэнцаў рознага ўзросту каскі савецкіх і нямецкіх салдат, гільзы гармат і кулямётаў, макеты ваеннай тэхнікі.

Для малодшых школьнікаў экскурсаводы прапануюць цікавую квест-гульню “Сёння я — салдат”, у якой хлопчыкі і дзяўчынкі выконваюць разнастайныя заданні. Напрыканцы мерапрыемства самыя актыўныя ўдзельнікі атрымліваюць ваенныя званні і віртуальныя ўзнагароды. А яшчэ гасцям прапануецца прымераць ваенную вопратку і амуніцыю. Наведвальнікі ахвотна фатаграфуюцца ў новым вобразе і дзеляцца сваімі фотаздымкамі ў сацыяльных сетках. А гэта своеасаблівая рэклама музейнага пакоя.

Новы падыход у патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення дае свой вынік: колькасць наведвальнікаў нашага музейнага пакоя “Баявой славы” ў параўнанні з мінулым годам значна вырасла.

Ігар ПАЛАЗОК,
кіраўнік музейнага пакоя “Баявой славы”, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства
сярэдняй школы № 5 Навагрудка.