Дадзены старт 11 сезону “100 ідэй для Беларусі”

- 11:32Інфармацыйная гадзіна

11 верасня стартаваў 11 сезон рэспубліканскага маладзёжнага праекта “100 ідэй для Беларусі”, паведаміла афіцыйны прадстаўнік Цэнтральнага камітэта БРСМ, кіраўнік праекта “100 ідэй для Беларусі” Наталля Сталпінская.

“Праект “100 ідэй для Беларусі” за 10 гадоў стаў не толькі візітнай карткай БРСМ, але і брэндам маладой незалежнай Беларусі. Упершыню праект стартаваў 11 верасня 2011 года… Мы запрашаем да ўдзелу ў ім маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 31 года, аўтарскія калектывы і маладых навукоўцаў ва ўзросце да 35 гадоў. Традыцыйна палажэннем вызначаны дзве асноўныя групы ўдзельнікаў. Першая — навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Другая група — студэнты, курсанты, слухачы ўстаноў вышэйшай адукацыі, працуючая моладзь, маладыя навукоўцы”, — расказала Наталля Сталпінская.

Свае заяўкі маладыя інаватары могуць накіроўваць праз запаўненне формы на сайце 100ideas.by. “Тэрмін падачы заявак — да 10 кастрычніка 2021 года. Матэрыялы павінны максімальна дакладна і зразумела апісваць праект, яго актуальнасць, навізну, мэты і задачы, якія будуць вырашаны пры рэалізацыі праекта, а таксама тэхнічныя (эканамічныя, сацыяльныя) перавагі праекта, — патлумачыла кіраўнік праекта. — Далей у адпаведнасці з палажэннем пройдзе адбор заявак, раённыя або занальныя выставы маладзёжных праектаў і навукова-тэхнічных распрацовак з вызначэннем пераможцаў, якія возьмуць удзел у абласных (Мінскім гарадскім) турах. У гэты ж перыяд свае праекты прэзентуюць прадстаўнікі НАН Беларусі. Фінальны тур запланаваны на люты 2022 года”.

Па словах Наталлі Сталпінскай, вызначаны 10 намінацый праекта: “Энергетыка, у тым ліку атамная энергетыка, і энергаэфектыўнасць”, “Аграпрамысловыя тэхналогіі і фермер­ства”, “Прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі”, “Ахова здароўя (медыцынскія тэхналогіі, фармацыя, бія- і нана­індустрыя)”, “Хімічныя тэхналогіі, нафтахімія”, “Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі”, “Экалогія (рацыянальнае прыродакарыстанне і глыбокая перапрацоўка прыродных рэсурсаў)”, “Нацыянальная бяспека і абарона ад надзвычайных сітуацый”, “Грамадства і сацыяльная сфера”, “Лепшая бізнес-ідэя”.

Арганізатарамі праекта выступаюць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях пры падтрымцы Міністэрства адукацыі.