Дайце шанс вас заўважыць!

З пачатку года на тэрыторыі  Мінска здзейснена 125 наездаў на пешаходаў, у выніку якіх 120 чалавек атрымалі раненні і 9 загінулі. Адна з прычын наезду на пешаходаў адсутнасць у апошніх святлоадбівальных элементаў (флікераў), якія даюць магчымасць кіроўцу загадзя заўважыць пешахода і прыняць неабходныя меры.

З мэтай папярэджання дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам пешаходаў і папулярызацыі выкарыстання флікераў і камізэлек павышанай бачнасці ў цёмны час сутак Дзяржаўтаінспекцыя праводзіць рэспубліканскую акцыю “Стань больш заўважным!”. У рамках мерапрыемства асабісты склад Дзяржаўтаінспекцыі праводзіць выступленні ў замацаваных працоўных калектывах і ўстановах адукацыі, а ў гадзіны пік і ў цёмны час сутак выходзіць на нерэгуляваныя пешаходныя пераходы і ўчасткі дарог, дзе найбольшая рызыка наездаў на пешаходаў.

Часта дарожна-транспартныя здарэнні адбываюцца ў вячэрні час з надыходам цемры і, як правіла, на неасветленых участках дарог. Кіраваць аўтамабілем у гэты часавы прамежак досыць складана. Начная язда заўсёды больш небяспечная з-за таго, што вадзіцель не можа бачыць далёка і прадбачыць змены дарожнага становішча. Вадзіцелі выяўляюць пешаходаў, якія маюць святлоадбівальныя элементы, са значна большай адлегласці ў параўнанні з пешаходамі без іх, што дае дадатковы час на прыняцце найбольш правільнага рашэння, каб пазбегнуць магчымага наезду на пешага ўдзельніка дарожнага руху. Такім чынам, пешаход, пазначаючы сябе святлоадбівальнымі элементамі, уносіць свой уклад у захаванне бяспекі на дарогах.

Аднак варта памятаць, што святлоадбівальны элемент сам па сабе не гарантуе бяспеку. Мала замацаваць яго на вопратцы — неабходна няўхільна выконваць Правілы дарожнага руху і ўвесь час быць пільнымі на дарозе:

  • перасякаць праезную частку толькі ва ўстаноўленых месцах;
  • перад пераходам пераканацца, што кіроўцы вас заўважылі, спыніліся і саступаюць дарогу;
  • пры пераходзе не губляць увагі;
  • не выходзіць на праезную частку з-за прыпаркаваных транспартных сродкаў;
  • на рэгуляваных пешаходных пераходах чакаць зялёнага сігнала святлафора.

А флікеры трэба прымацоўваць так, каб яны былі бачныя з усіх бакоў. Святлоадбівальны элемент бачны заўсёды — дождж, туман не перашкода.

Аддзел ДАІ УУС адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска.