Даказалі, што можам прыняць і чэмпіянат свету

- 11:27Інфармацыйная гадзіна

Чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні ў Мінску стаў цудоўным святам не толькі для беларускага народа, але і ўсяго свету. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 27 студзеня, наведваючы гала-паказ чэмпіянату ў “Мінск-Арэне”.

Кіраўнік дзяржавы выйшаў на лёд пасля выступленняў знакамітых фігурыстаў і пераможцаў турніру, калі ўсе яны сабраліся на арэне, каб развітацца з гледачамі. Прычым прэзідэнт таксама стаў на канькі.

“Выходзячы на лёд “Мінск-Арэны”, я, перш за ўсё, падумаў пра мужнасць. Усё жыццё прастаяўшы на лёдзе на каньках і робячы першыя крокі вось так вось, неабароненым, я адчуў нейкі страх і падумаў: а як яны, распранутыя, напаўголыя, скачуць, верцяцца, круцяцца, такія выпісваюць фігуры? Не хакеісты самыя мужныя людзі, а яны!” — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ўдзельнікі чэмпіянату падарылі цудоўнае свята не толькі беларускім гледачам, але ўсёй Еўропе і свету.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што аматары спорту, назіраючы за выступленнем фігурыстаў на чэмпіянаце Еўропы ў Мінску, нават забылі пра іншыя буйныя спаборніцтвы: турнір “Вялікага шлема” ў Аўстраліі, этап Кубка свету па біятлоне ў Італіі, чэмпіянат свету па хакеі з мячом у Швецыі.

“Мы забылі пра ўсё! І што цяпер, калі вы паедзеце? — спытаў Аляксандр Лукашэнка. — Я думаю, вы, асабліва беларусы, зразумелі, да чаго я вяду. Тая атмасфера, якая была ў “Мінск-Арэне”, той стан нашага беларускага грамадства на гэтым тыдні. Мы заслужылі (я звяртаюся да арганізатараў), мы даказалі, што можам прыняць чэмпіянат свету”.

Ад імя беларусаў і гасцей сталіцы прэзідэнт падзякаваў Міжнароднай федэрацыі канькабежнага спорту за тое, што даверыла Беларусі ўпершыню ў яе суверэннай гісторыі правесці чэмпіянат Еўропы. “Я чую ацэнкі — яны станоўчыя. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што мы здольныя да большага. І калі вы вырашыце прыехаць сюды з большым, я абяцаю, што вы не пашкадуеце”, — запэўніў кіраўнік дзяржавы.

Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да суддзяў, падкрэсліўшы іх прафесіяналізм. Словы ўдзячнасці Аляксандр Лукашэнка таксама адрасаваў трэнерам і іншым спецыялістам у гэтым відзе спорту. “Без іх не было б гэтай прыгажосці. Тварыце і прыязджайце часцей у Беларусь! Лепш на работу — мы хочам выступаць на такім жа ўзроўні”, — рэзюмаваў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз цёпла прывітаў і паразмаўляў са спартсменамі, зрабіўшы з імі некалькі памятных фатаграфій. У падарунак ад прэзідэнта пераможцам і прызёрам чэмпіянату перадалі па ўпакоўцы прысмакаў.