Дакажам, што мы лепшыя!

У чацвер, у самы разгар ІІ Еўрапейскіх гульняў, у Мінскай гарадской ратушы адбылася яшчэ адна спартыўная падзея: урачыстая цырымонія провадаў удзельнікаў ХХХ Сусветнай летняй універсіяды і ўганараванне пераможцаў Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў — 2019, якія сталі лепшымі ў сваіх відах спорту.

Спорт — гэта здароўе, прыгажосць, а яшчэ гэта сіла, якая аб’ядноўвае нацыю, краіну. Нездарма ўрачыстыя провады на ўніверсіяду прайшлі ў той час, калі нашы спартсмены паказваюць на спартыўных арэнах беларускай сталіцы высокія і вельмі годныя вынікі. Такіх жа вынікаў мы чакаем і ад нашых студэнтаў, якія з 3 па 14 ліпеня ў італьянскім Неапалі будуць змагацца з прадстаўнікамі амаль 120 краін (прыкладна 6 тысяч спартсменаў) за медалі юбілейнай ХХХ Сусветнай летняй універсіяды ў такіх відах спорту, як лёгкая атлетыка, мастацкая гімнастыка, дзюдо, тэніс, плаванне, спартыўная гімнастыка, фехтаванне і тэквандо. Усяго спаборніцтвы ўніверсіяды пройдуць па 18 відах спорту, будзе разыграна 222 камплекты медалёў.

Нашу дэлегацыю (дарэчы, у яе склад уваходзяць і ўдзельнікі ІІ Еўрапейскіх гульняў) прадставяць 45 спартсменаў з 9 устаноў вышэйшай адукацыі (Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы). За перыяд з 1993 года, калі Беларусь упершыню прыняла ўдзел у Сусветнай універсіядзе, нашымі спартсменамі на гэтых спаборніцтвах было заваявана больш за 200 медалёў. Гэта важкі ўклад у скарбонку вялікага спорту краіны. Спадзяёмся, гэтая скарбонка максімальна папоўніцца і неапальскімі медалямі.

— Рэспубліка Беларусь па праве з’яўляецца спартыўнай дзяржавай, паколькі ў нас ствараюцца максімальна спрыяльныя ўмовы для развіцця як прафесійнага, так і школьнага, студэнцкага спорту. Ужо каторы год беларускія спартсмены годна прадстаўляюць краіну на міжнародных школьных і студэнцкіх спаборніцтвах і радуюць сваімі вынікамі. Удзел у гэтых спаборніцтвах з’яўляецца цудоўнай нагодай заявіць пра сябе на ўвесь свет. Такія спаборніцтвы нездарма лічацца сімвалам маладосці, прыгажосці, мужнасці, фізічнай дасканаласці, сяброўства і супрацоўніцтва студэнтаў усяго свету. На ХХХ Сусветнай летняй універсіядзе нам трэба бу­дзе змагацца са спартсменамі са 120 краін. Гэта сур’ёзная задача і вялікая адказнасць. Вы — выдатны прыклад для падрастаючага пакалення, пачынаючых спартсменаў. Гэта вельмі важна, паколькі фізічна моцная моладзь — будучыня любой суверэннай дзяржавы. Дзякуй вам за працавітасць, за праяўленую мужнасць, за спартыўны характар, за волю да перамогі. Дзякуй вашым трэнерам за тое, што навучылі майстэрству, уменню сумленна змагацца і перамагаць, верыць у свае сілы, тым самым выхоўваючы сапраўдных чэмпіёнаў, сапраўдных грамадзян нашай Рэспублікі Беларусь, — адзначыў у прывітальным слове міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка.

Высокія вынікі ў спорце паказвае не толькі студэнцкая моладзь, але і школьнікі. Падчас урачыстай цырымоніі былі ўзнагароджаны пераможцы Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў — 2019 па летніх відах спорту. Гэта Ілья Касабуцкі (пераможца спартакіяды па боксе), Данііл Цвірко (па баскетболе), Варвара Кузьміна (па валейболе), Дзмітрый Зароўскі (па плаванні), Віялета Вайтовіч (па гандболе).

— У маёй калекцыі ёсць медалі і чэмпіянатаў Еўропы, і чэмпіянатаў свету, і Алімпійскіх гульняў, аднак асабліва каштоўны медаль універсіяды 2005 года. Я вучыўся ў Полацкім дзяржаўным універсітэце і з вялікім гонарам заваяваў медаль для сваёй УВА. Жадаю вам таксама заваяваць такія медалі і не забываць, што за вамі не толькі краіна, але і вашы ўніверсітэты, — звярнуўся да ўдзельнікаў нашай дэлегацыі на ХХХ Сусветнай летняй універсіядзе старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Ва­дзім Анатольевіч Дзевятоўскі.

“Разумеем усю адказнасць, ускладзеную на нас, і прыкла­дзём усе намаганні, каб паказаць свае лепшыя здольнасці, даказаць, што беларускія спартсмены лепшыя…” Мы, балельшчыкі, упэўнены, што гэтыя словы капітана каманды студэнта БДУФК Віктара Труса абавязкова спраўдзяцца.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.