Дакладнасць, хуткасць і бяспека: чаму чыгунка — стратэгічны аб’ект, добра ведаюць навучэнцы школы № 12 Оршы

- 13:24Пресс-тур «Настаўніцкай»

Чаму чыгунка з’яўляецца стратэгічным аб’ектам і якія перавагі маюць прафесіі, звязаныя з гэтай сферай, добра ведаюць навучэнцы сярэдняй школы № 12 Оршы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Першая група чыгуначнай накіраванасці, у склад якой увайшлі 12 чалавек, была адкрыта ва ўстанове адукацыі ў 2023/2024 навучальным годзе. Яе дзейнасць стала лагічным праця­гам праграмы факультатыўных заняткаў “Прафесія маёй мары” і праекта “Дарогі, якія мы выбіраем”, які рэалізоў­ваўся ў супрацоўніцтве з ДАІ і арганізацыямі чыгункі. Праз год да адзі­наццацікласнікаў далучылася яшчэ адна група дзесяцікласнікаў.

Чаму быў выбраны менавіта гэты кірунак, растлумачылі самі дзеці. У школе нават сфарміравана агітбрыгада юных чыгуначнікаў “Магістраль”. Яе прадстаўнікі пераканаўча прывялі аргументы, што іх атрад з’явіўся ў школе зусім не выпадкова. Па-першае, яны з дзяцінства ведаюць, што такое чыгунка, бо побач знахо­дзіцца аршанскі вакзал і лакаматыўнае дэпо. Па-другое, усю гэтую сістэму абслугоўваюць іх дзядулі, таты і мамы. І, па-трэцяе, не без гордасці заўважаюць, што чыгуначныя магістралі — гэта артэрыі краіны і што адчуваць сябе часткай вялікай справы вельмі ганарова.

— У арганізацыі руху на чыгунцы задзейнічана вялікая колькасць людзей, — падкрэс­ліваюць навучэнцы. — Гэта і касір, і машыніст з памочнікам, і рэвізор, і кантралёр, і пуцявы абходчык, і дыспетчар, і нават міністр. У кожнага свае абавязкі і свая зона адказнасці. Каб бліжэй азнаёміцца са спецыфікай кожнай з названых прафесій, мы адпраўляемся непасрэдна на аб’екты чыгункі і ў рэжыме реальнага часу назіраем за тым, што там адбываецца.

Яны нездарма называюць сябе знаўцамі правіл дарожнага руху, бо вывучаюць усё, што звязана з чыгункай. Дарэчы, назапа­шаныя веды стараюцца перадаваць малодшым школьнікам падчас акцый “Дзеці і бяспека”. Рыхтуюць для іх гульні, конкурсы. Расказваюць, што такое перон і семафоры, тлумачаць, як захо­дзіць у вагон і як там сябе паводзіць, каб не нанесці шкоды ні сабе, ні іншым пасажырам.   

— Нашы намаганні ў прафарыентацыйнай дзейнасці маюць канкрэтную мэту — дапамагчы дзецям зрабіць усвядомлены выбар будучай прафесіі, каб справа, якой яны прысвецяць сваё жыццё, прыйшлася ім да­спадобы і прыносіла задавальненне. Цалкам заканамерна, што мы засяродзілі ўвагу на чыгуначным транспарце: каля 65% бацькоў навучэнцаў працуюць у гэтай сферы. І патэнцыял рэсурсу пераемнасці пакаленняў трэба выкарыстоўваць з максімальным эфектам, — лічыць дырэктар школы Алена Куд­раўцава.

Тым не менш пры адборы вучняў уліч­валася не толькі заці­каўленасць прапанаваным кірункам, але і адзнакі па такіх прадметах, як матэматыка і фізіка, бо яны вывучаюцца на павышаным узроў­ні.

Таксама навучэнцы асвойваюць праграму факультатыву “Уводзіны ў прафесіі чыгуначнага транспарту”. Заняткі праходзяць на базе Аршанскага каледжа — філіяла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, займаецца з дзецьмі выкладчык гэтай установы адукацыі.

Разглядаюць тэмы, якія тычацца спецыфічных пытанняў, напрыклад, як арга­нізаваны працэс грузаперавозак, як адбываецца абслу­гоўванне чыгуначнага транспарту і іншыя тэхнічныя моманты.

— У лістападзе 2023 года школьнікаў запрасілі на 1-ы злёт навучэнцаў транспартных класаў чыгуначнай накіраванасці “Разам па дарозе магчымасцей”. Гэты форум сабраў 120 школьнікаў з 14 устаноў адукацыі Мінс­ка, Оршы, Баранавіч, Брэс­та, Гомеля, Магілёва, Віцебска, Жлобіна, Калінкавіч. Пляцоўкамі для абмену вопытам сталі беларуская сталіца і Баранавічы, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вольга Салтановіч. — Пра тое, што гэты кі­рунак з’яўляецца сёння актуальным, сведчаць лічбы: колькасць удзельнікаў 2-га злёту, які адбыўся ў кастрычніку 2024 года, у параўнанні з мінулагоднім узрасла больш чым у два разы. Таксама на сустрэчы прысутнічалі выхаванцы Дзіцячай чыгункі, навучэнцы спецыялізаваных каледжаў з усіх абласцей Беларусі. Арганізатары прапа­навалі вельмі насычаную праграму. Дзеці азнаёміліся з работай прадпрыемстваў Гомельскага чыгуначнага вузла, наведалі профільныя ўстано­вы адукацыі — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту і гомельскі каледж — філіял гэтай УВА, дарожны цэнтр па падрыхтоўцы, перапад­рыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кадраў Беларускай чыгункі.

Трэба заўважыць, што экскурсійнае жыццё юных транспартнікаў вельмі актыў­нае не толькі падчас тэматычных злётаў. На працягу 2024 года школьнікі наведалі шмат прадпрыемстваў чыгуначнага вузла Оршы: станцыю Орша-Цэнтральная, лакаматыўнае дэпо імя К.С.Заслонова, станцыю электраза­беспячэння і дыстанцыю грамадзянскіх збудаванняў, пост электрычнай цэнтралізацыі Орша-Цэнтральная. Наву­чэнцы ў рэальным часе прасачылі за фарміраваннем і расфарміраваннем цягнікоў, за работай спецыяльнага абсталя­вання.

Традыцыйнымі для навучэнцаў груп чыгуначнай накіраванасці сталі ўрокі на прадпрыемствах. Тут яны даведваюцца пра структурныя асаблівасці падраздзяленняў, як непасрэдна арганізавана работа кожнага з іх, маюць магчымасць паразмаўляць з супрацоўнікамі, распытаць пра нюансы іх абавязкаў.

— Сёння неабходна выбудоўваць трывалыя сувязі з заказчыкамі кадраў. Толькі сумесная работа прыносіць добры вынік. Прадпрыемствы павінны заахвоч­ваць выпускнікоў, прапаноўваць ім мэтавыя накіраванні, расказваць пра прывілеі работы менавіта ў сваім калектыве, — адзначае дырэктар школы. — Сучасныя дзеці ўжо ў школьным узросце думаюць пра далейшыя перспектывы, якая прафе­сійная будучыня іх чакае. І гэта на самай справе разумны падыход, менавіта так разважаюць мэтанакіраваныя людзі.

— Я планую стаць ма­шыністам электра­воза, — далучыўся да размовы Ілья Юрчанка. — Прафесія гэтая ў нашай краіне запатрабаваная. Нягледзячы на тое, што яна вельмі няпростая, бо ты адказваеш за бяспеку вялікай колькасці людзей, яна прываблівае мяне рамантыкай дарог. Кожны раз розныя пейзажы, края­віды — сумна не будзе ніколі.

Каб выклікаць хлопцаў і дзяўчат на адкрытую размову, прапаную ім параз­важаць над такім пытаннем: якія станоўчыя і адмоўныя моманты можна акрэсліць у прафесіях, звязаных з чыгункай. На некалькі хвілін узнікае паўза, але старшакласнікі не губляюцца і хутка пачына­юць прыводзіць свае меркаванні. Першае, што яны называ­юць сярод відавочных плюсоў, — такія спецыялісты ніколі не застануцца без работы, бо транспартныя паслугі патрэбны і звычайным пасажырам, і кожнай галіне народнай гас­падаркі. Так, яны маюць рацыю, з гэтым сцвярджэннем не паспрачаешся. Што тычыцца мінусаў, то тут навучэнцы ўзгадалі нестандартны графік работы — неабходна праца­ваць у тым ліку і ноччу.

— Нашы дзеці добра ведаюць, што Орша — буйны чыгуначны вузел, тут сотні пасажыраў, тоны грузаў, якія транспартуюцца круглыя суткі. Ад правільнасці і дакладнасці функцыянавання гэтага стратэгічнага аб’екта залежыць вельмі шмат — і наша бяспека, і своечасовая дастаўка многіх рэсурсаў і тавараў, і ўвогуле развіццё ўсёй краіны, — заўважае Алена Кудраўцава. — Такая адказная місія іх не палохае, наадварот, усведамляючы важнасць кожнага работніка на чыгуначнай магістралі, яны плануюць стать часткай вялікай каманды. А значыць, нашы намаганні даюць плён. І гэта добра матывуе ўвесь педагагічны калектыў.

Святлана ЛОЦМАНАВА
Фота Ігара ГРЭЧКІ