Дакладнасць і якасць

- 11:24Адукацыйная прастора, Алімпіядны рух

Падчас практычнага тура заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні дзяўчынкі шылі вокладку для кнігі, а хлопчыкі выраблялі сувенір з драўніны і металу. 

У спаборніцтвах па тэхнічнай і абслуговай працы, якія праходзілі на базе ўстаноў адукацыі Магілёва, прынялі ўдзел 36 хлопчыкаў і 38 дзяўчынак 9—11 класаў з усіх абласцей і Мінска. 

Як адзначыў старшыня журы старшы выкладчык кафедры тэхналагічнай адукацыі Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна Сяргей Гладкі, з тэарэтычным турам справілася вялікая колькасць школьнікаў, набраны добрыя балы. Тэорыя ўключала ў сябе 20 тэставых заданняў адкрытага і закрытага тыпу, 5 задач і 5 творчых заданняў. Тэсты прадугледжвалі як лёгкія заданні, з якімі справіліся ўсе, так і заданні сярэдняга і высокага ўзроўню. Так, хлопчыкам былі прапанаваны графічныя, канструктарска-тэхналагічныя заданні, правяралася іх уменне праектаваць (самастойна прыдумваць) выраб, складаць яго тэхналагічную карту і тэхнічны малюнак.  

На практычным туры ацэньвалася ўменне хлопчыкаў працаваць з драўнінай і металам, дакладнасць апрацоўкі вырабаў, якасць іх зборкі і творчасць. Вучням прапаноўвалася за 4 гадзіны вырабіць сувенір — рухомую рамку “Такарны станок”. Трэба было зрабіць рамку на шыпавым злучэнні і ўставіць у яе пано, якое будзе вярцецца. На пано з аднаго боку неабходна прымацаваць металічную дэталь у выглядзе такарнага станка, а з другога боку — дэталь з фанеры ў выглядзе надпісу “ТО 22”, што сімвалізуе алімпіяду па працоўным навучанні. Упершыню ў гэтым го­дзе прымянялася афарбоўка вырабу марылкай на воднай аснове, што надало яму эстэстыкі. 

У параўнанні з мінулымі гадамі ўсе ўдзельнікі справіліся са зборкай вырабу (была падабрана такая складанасць задання). Раней каля 20 працэнтаў вучняў не паспявалі гэта зрабіць.   

Дзяўчынкі на практыцы выраблялі на швейнай машынцы вокладку для кнігі з тканіны і ўпрыгожвалі яе вышыўкай. Тэарэтычны тур у дзяўчынак уключаў пытанні аб дэкаратыўна-прыкладным мастац­тве, прадуктах харчавання і тэхналогіі гатавання ежы, пасадцы раслін і дрэў, якасці тавараў, уласцівасцях тканіны і тэхналогіі вырабу швейных вырабаў. Былі, напрыклад, заданні, дзе трэба было скласці схему вязання, падабраць рацыянальны гардэроб на вясну.

У алімпіядзе таксама прымалі ўдзел вучні 8 і нават 7 класаў (выступалі за 9 клас). Васьмікласніца з сярэдняй школы № 40 Магілёва Уладзіслава Алесіч атрымала дыплом ІІІ ступені. 

Спецыяльны прыз міністра адукацыі атрымалі Тамара Ялковіч, вучаніца 10 класа Аношкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Нясвіжскага раёна, і Руслан Каралёў, вучань 10 класа Рубежскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Круглянскага раёна. Юнак паказаў лепшы вынік сярод хлопчыкаў. Падрыхтаваў школьніка настаўнік Віталь Кахоўскі.

Дыпломы І ступені заваявалі Мілана Сакалова, вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 45 Віцебска імя В.П.Маргелава, Настасся Бялянава, вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 1 Кіраўска, Карына Гарбузава, вучаніца 9 класа сярэдняй школы № 33 Магілёва, Руслан Каралёў, вучань 10 класа Рубежскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Круглянскага раёна, вучань 11 класа сярэдняй школы № 7 Крычава Ула­дзіслаў Шупілаў, вучань 11 класа Бацэвіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Клічаўскага раёна Раман Клімовіч.

— Руслан ужо тройчы перамагаў на абласных алімпіядах па працоўным навучанні, дзе ўдзельнічаў з 8 класа, і двойчы на рэспубліканскім узроўні, — гаворыць педагог. — Я зай­маюся з ім з 5 класа, у тым ліку дадаткова ў гуртку. За што б Руслан ні браўся, усё ў яго атрымліваецца выдатна, асабліва разьба па дрэве. Ён стварае шматлікія вырабы, многія з якіх адпраўляюцца на розныя конкурсы, напрыклад, пажарная машына, верталёт, самалёт. Таксама майструе шкатулкі, кухонныя лыжкі і лапаткі, наборы дошчачак, падстаўкі пад гарачае. 

Ёсць у мяне і іншыя таленавітыя хлопчыкі. На вобласці тройчы перамагаў Раман Мельнічонак. Днямі два першыя месцы і адно другое атрымалі ўдзель­нікі так званай малышковай алімпіяды па працоўным навучанні з 5 па 8 клас, якая прахо­дзіць у раёне. Сакрэт поспеху
адзі­н — каб перамагаць, трэба шмат працаваць.

Лепшы вынік сярод дзяўчынак прадэманстравала Мілана Сакалова, вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 45 Віцебска імя В.П.Маргелава.

— З дзіцячых гадоў я пераймала навыкі рука­дзелля ад сваёй мамы, — гаворыць Мілана. — У малодшых класах хадзіла на розныя гурткі. Умею я многае, але больш за ўсё люблю шыць адзенне, якое пасля з задавальненнем нашу. Люблю майстра­ваць падарункі сваім родным і сябрам. Мае поспехі адразу заўважыла настаўніца Ірына Голасава. У 7 класе я пачала ўдзельнічаць у алімпіядах. У мінулым го­дзе на рэспубліканскай алімпія­дзе атрымала дыплом ІІ ступені, а сёлета палепшыла вынік. 

Надзея ЦЕРАХАВА.