Дакладнасць інфармацыі выходзіць сёння на першы план

Адказнасць за распаўсюджванне інфармацыі павінна быць аднолькавай для ўсіх СМІ, заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на сустрэчы з Саветам кіраўнікоў дзяржаўных інфармацыйных агенцтваў СНД.

Беларускія дэпутаты ў чацвер у першым чытанні разгледзелі змяненні ў Закон аб СМІ. Андрэй Кабякоў звярнуў увагу, што плануемыя змяненні не прадугледжваюць стварэння нейкіх фільтраў для інтэрнэт-кантэнту. “Але ў той жа час галоўная задача заключаецца ў тым, каб адказнасць за распаўсюджванне інфармацыі была аднолькавай — як для друкаваных СМІ, тэлевізійных, так і для інтэрнэт-СМІ”, — падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада.

Прэм’ер-міністр адзначыў, што сёння дакладнасць інфармацыі выходзіць на першы план. “Дакладная і аператыўная інфармацыя — гэта адна з самых важных патрэб чалавека, без гэтага, напэўна, цяжка ўявіць існаванне цывілізаванага чалавецтва. Таму пытанне дакладнасці і аператыўнасці надзвычай важнае, і гэта тое, чым непасрэдна займаюцца інфармацыйныя агенцтвы”, — сказаў ён.

На думку Андрэя Кабякова, у выпадку распаўсюджвання негатыўнай інфармацыі СМІ можна параўнаць са зброяй масавага паражэння. Сённяшнія магчымасці дастаўкі інфармацыі, яе ўсёпранікненне толькі ўзмацняюць уплыў СМІ.

Прычым гэты ўплыў распаўсюджваецца і на эканамічную сферу. “Інфармацыя ўплывае не толькі на стан міру і вайны (хоць гэта галоўнае пытанне для чалавецтва), але і на эканоміку, рынкі як развітых дзяржаў, так і тых, што сталі на шлях развіцця. Адна з найважнейшых эканамічных катэгорый у апошні час, пра якую пачалі часта гаварыць, — гэта давер. А ён фарміруецца, зыходзячы з інфармацыйнага ўздзеяння. Калі не будзе даверу ўкладчыкаў да банкаў, інвестараў — да дзяржаў, то зразумела, што эканоміка ў гэтых краінах будзе далёкая ад тых мэт, якія ставяцца”, — сказаў прэм’ер-міністр.

Андрэй Кабякоў падзякаваў кіраўнікам інфармагенцтваў СНД за высокую ацэнку работы Беларускага тэлеграфнага агенцтва. “Нам вельмі важная ваша ацэнка агенцтва БелТА, якое ў гэтым годзе святкуе 100-гадовы юбілей, як сучаснай, даволі мабільнай і адпавядаючай патрабаванням часу ўстановы”, — сказаў прэм’ер-міністр.

Генеральны дырэктар ТАСС Сяргей Міхайлаў расказаў, што на пасяджэнні інфармсавета СНД абмяркоўваліся пытанні творчага ўзаемадзеяння дзяржінфармагенцтваў, якім даводзіцца працаваць ва ўмовах сур’ёзнай канкурэнцыі з іншымі сродкамі масавай інфармацыі, інтэрнэт-прасторай. Як адзначыў гендырэктар ТАСС, у інтэрнэт-прасторы ў тым ліку шмат фэйкавых навін, такая інфармацыя распаўсюджваецца даволі хутка, і інфармагенцтвам трэба быць канкурэнтаздольнымі ў гэтых умовах.

“Дакладнасць інфармацыі, каму можна давяраць, а каму нельга — гэта, вядома, выходзіць на першы план, — лічыць Сяргей Міхайлаў. — Мы перакананы, што прафесіяналізм, аператыўнасць, дакладнасць у адлюстраванні пунктаў гледжання — гэта гарантыя поспехаў нашых інфармагенцтваў”.

У інфармсавет СНД, утвораны ў лістападзе 1995 года, уваходзяць кіраўнікі дзяржінфармагенцтваў Азербайджана (АЗЕРТАДЖ), Арменіі (Арменпрэс), Беларусі (БелТА), Казахстана (Казінфарм), Кыргызстана (Кабар), Малдовы (Малдпрэс), Расіі (ТАСС) і Таджыкістана (ХОВАР).