Дакраніся да сваёй мары

Да 17 сакавіка студэнты і школьнікі старшых класаў могуць адправіць плён сваёй творчасці на Рэспубліканскі літаратурны конкурс “БрамаМар”.

У наступным годзе конкурс адзна­чыць дзесяцігадовы юбілей. Кожны год ён збірае каля 300 удзельнікаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Конкурс з’яўляецца студэнцкім праектам, які ажыццяўляецца ў рамках творчай лабараторыі “Крытык” кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі факультэта журналістыкі БДУ.

У літаратараў-пачаткоўцаў ёсць выдатная магчымасць зрабіць першыя крокі да сваёй мары. Яны могуць заявіць пра сябе, здзейсніўшы першую публікацыю ў літаратурна-мастацкім выданні (“Бярозка”, “Маладосць” і інш.), а таксама атрымаць аб’ектыўную крытыку ад прафесійнага журы, у якое ўваходзяць вядомыя беларускія пісьменнікі і крытыкі А.Бадак, Л.Рублеўская, Г.Багданава. У гэтым годзе конкурс уключае ў сябе наступныя намінацыі: проза, паэзія (для школьнікаў); проза, паэзія, крытыка, драматургія (для студэнтаў і магістрантаў).

Рэспубліканскі конкурс літаратурнай творчасці студэнтаў “БрамаМар” з’яўляецца лаўрэатам I ступені конкурсу студэнцкіх праектаў БДУ (2012, 2015), уключаны ў пералік афіцыйных мерапрыемстваў універсітэта. Мэта конкурсу “БрамаМар” — раскрыццё творчага патэнцыялу студэнтаў і школьнікаў, стварэнне ўмоў для развіцця і ўдасканалення літаратурнай практыкі.

Сапраўдны талент на першапачатковым этапе мае патрэбу ў кваліфікаванай дапамозе, літаратурным прасоўванні. Дзякуючы конкурсу, сёння нікому не вядомыя аўтары робяць першыя прафесійныя крокі ў літаратурнай творчасці. У гэтым і заключана галоўная задача нашага конкурсу. Не прапусці шанс зрабіць свой першы крок!

Дар’я РУДЗЬ.