Дакрануліся да творчасці майстра

- 11:33Адукацыйная прастора

У сталіцы падведзены вынікі інтэрнэт-квеста па біяграфіі і творчасці І.А.Крылова “Майстар эпісталярнага жанру”, які праводзіўся ў межах міжнароднага праекта “Сатырычны дух І.А.Крылова праз 250 гадоў” з мэтай папулярызацыі дзейнасці вядомага пісьменніка і байкапісца ў адукацыйнай інтэрнэт-прасторы.

Інтэрнэт-квест праходзіў з 3 студзеня па 24 красавіка ў сістэме дыстанцыйнага навучання Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі (https://dо.minsk.edu.by). Удзел у ім маглі прыняць усе жадаючыя навучэнцы 1—11 класаў. Арганізацыйную і інфармацыйна-метадычную падтрымку і правядзенне інтэрнэт-квеста ажыццяўляў аддзел тэхнічнага суправаджэння і дыстанцыйнага навучання цэнтра інфармацыйных тэхналогій інстытута.

За 4 месяцы ў інтэрнэт-квесце прынялі ўдзел 2811 навучэнцаў (вучні 1—4 класаў склалі 30% удзельнікаў, 5—8 класаў — 43, 9—11 класаў — 27%).

Інтэрнэт-квест для кожнага класа ўключаў 5 заданняў па біяграфіі і творчасці байкапісца І.А.Крылова: рэбусы, анаграмы, заданні тыпу “знай­дзі пару”, віктарыну (або крыжаванку). Паспяхова выканаўшы ўсе заданні і правільна ўвёўшы выніковы ключ інтэрнэт-квеста, удзельнік атрымліваў магчымасць спампаваць імянны электронны сертыфікат. Да канца выканалі заданні і атрымалі магчымасць спампаваць электронны сертыфікат 2100 удзельнікаў — 75% ад агульнай колькасці ўдзельнікаў (77% вучняў 1—4 класаў, 74 вучняў 5—8 класаў і 73% вучняў 9—11 класаў).

 Па меркаванні членаў экспертнай камісіі, навучэнцы прадэманстравалі веданне біяграфіі і творчасці І.А.Крылова, праявілі эрудыцыю, кругагляд, міжпрадметныя веды. Яны ­добра засвоілі, што спачатку літаратурная дзейнасць Івана Крылова была няўдалай. Ён напісаў трагедыю “Филомела”, пераймаючы класікаў. Тут былі некаторыя пробліскі таленту і вальнадумства пачынаючага аўтара, але ў літаратурным плане твор быў вельмі пасрэдным. Праўда, спыняцца малады літаратар не збіраўся. Першыя байкі І.А.Крылова былі надрукаваны без подпісу. Яны з’явіліся ў часопісе “Утренние часы” ў 1788 годзе. Тры творы, якія называліся “Стыдливый игрок”, “Судьба игроков”, “Новопожалованный осел” прайшлі амаль не заўважанымі чытачамі і не атрымалі адабрэння крытыкаў. У іх было шмат сарказму, з’едлівасці, але не майстэрства. У 1809 годзе пачынаецца сапраўдны творчы ўзлёт Івана Крылова. Першае выданне яго баек, якое складаецца з 23 твораў (сярод якіх усім вядомы “Слон и Моська”), карыстаецца вялікай папулярнасцю. З гэтых часоў Крылоў становіцца вядомым байкапісцам, чыіх новых твораў з нецярпеннем чакае публіка.

Інтэрнэт-квест садзейнічаў больш дасканаламу, глыбокаму вывучэнню твораў байкапісца, паспрыяў фарміраванню вобразнага мыслення яго ўдзельнікаў, развіццю пазнавальнай цікавасці, інтэлектуальных і творчых здольнасцей навучэнцаў на аснове вопыту самастойнага набыцця новых ведаў, аналізу і ацэнкі інфармацыі. 

Па водгуках педагогаў, вучні якіх прынялі ўдзел у праекце, падчас інтэрнэт-квеста былі створаны спрыяльныя ўмовы для развіцця пазнавальнай цікавасці навучэнцаў праз сістэму дыстанцыйнага навучання шляхам уключэння іх у конкурсны рух. Вынікі гэтых спаборніцтваў удзельнікі могуць паглядзець на інтэрнэт-рэсурсах http://mgiro.minsk.edu.by, http://iso.minsk.edu.by, а таксама https://dо.minsk.edu.by.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.