Дакрануцца да духоўнасці

- 12:01Навіны рэгіёнаў

Пасяджэнне метадычнага аб’яднання намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце школ Полацкага раёна на тэму “Узаемадзеянне сістэмы ўстаноў адукацыі і Полацкага епархіяльнага ўпраўлення Беларускай Праваслаўнай Царквы ў пытаннях маральнага развіцця і выхавання падрастаючага пакалення” адбылося на базе полацкай сярэдняй школы № 18 імя Ефрасінні Полацкай.

Выбар месца правядзення сустрэчы не быў выпадковым: установа адукацыі носіць імя вялікай асветніцы, духоўнай заступніцы нашай зямлі. Пасяджэнне праходзіла ў духоўна-асветніцкім цэнтры Ефрасінні Полацкай і пачалося з яго прэзентацыі. Усё — пачынаючы з эстэтычнага афармлення цэнтра і заканчваючы багатым метадычным матэрыялам, сабраным сіламі педагогаў і навучэнцаў устаноў адукацыі горада і раёна — настройвала на рабочы лад. Выкладчык полацказнаўства і арганізатар дзейнасці асветніцкага цэнтра Святлана Шавель расказала аб вялікай і плённай сумеснай рабоце педагогаў і выхаванцаў. Школьная тэатральная студыя “нявывучаных урокаў” пад кіраўніцтвам настаўніцы рускай мовы і літаратуры Наталлі Хурбатавай прадставіла гасцям кампазіцыю “Слова аб Ефрасінні Полацкай”. Артысты-выканаўцы ўразілі прысутных адухоўленасцю, пранікнёным выкананнем, выдатным артыстызмам. Сапраўды, кожны, хто ў гэты момант дакрануўся да імя прападобнай, стаў чысцейшым і дабрэйшым.
Тэма, якая сабрала ўсіх за круглым сталом, асабліва актуальная ў нашы дні. Як аднавіць маральную і культурную пераемнасць, духоўныя традыцыі народа? Як змяніць уяўленні выхаванцаў пра дабрыню, міласэрнасць, велікадушнасць, грамадзянскасць і патрыятызм, калі матэрыяльныя каштоўнасці дамінуюць над духоўнымі? Адказы многія педагогі знайшлі, звяртаючыся да вопыту праваслаўнай педагогікі. Аб рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання каштоўнасна-сэнсавых кампетэнцый удзельнікаў адукацыйнага працэсу з дапамогай духоўна-асветніцкіх цэнтраў” расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 2 Полацка Святлана Самкова.
Цікавым вопытам работы ўстановы адукацыі па выкарыстанні патэнцыялу праваслаўных традыцый і каштоўнасцей у духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні дзяцей і вучнёўскай моладзі падзялілася намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Гаранскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Полацкага раёна Наталля Маліноўская. Вельмі карысным і змястоўным стала выступленне намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяны Касцюковай, якая расказала аб правядзенні ў школе Тыдня па духоўна-маральным выхаванні “Па дарозе дабрыні”, пазнаёміла з выставай і раздала прысутным метадычны матэрыял па выхаванні навучэнцаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа.
Сустрэча яшчэ раз пацвердзіла: каштоўны вопыт работы па духоўна-маральным выхаванні моладзі мае практычна кожная ўстанова адукацыі Полаччыны, ідзе пастаянны актыўны і плённы абмен напрацоўкамі паміж педагагічнымі калектывамі. У раёне сфарміравалася свая арыгінальная і эфектыўная мадэль работы ў гэтым напрамку.

Ірына СТРАЛЕНКА,
галоўны спецыяліст сектара агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі,
сацыяльнай і выхаваўчай работы аддзела адукацыі, спорту і турызму
Полацкага райвыканкама.