Дакрануцца да дзіцячай душы

Таццяна Васільеўна Лышчык — адна з самых вопытных і аўтарытэтных выхавальнікаў Маларытчыны. Педагагічнай дзейнасці жанчына аддала 39 гадоў, хаця працаваць у дашкольнай установе не планавала. Выхавальніца ясляў-сада № 6 Маларыты Т.В.Лышчык не шкадуе, што прысвяціла педагогіцы амаль усё жыццё.

— Яшчэ ў школьныя гады вырашыла, што стану настаўніцай геаграфіі і біялогіі, — гаворыць Таццяна Васільеўна. — На выбар паўплывала тое, што вельмі любіла чытаць кнігі пра падарожжы і геаграфічныя адкрыцці, заўсёды цікавілася прыродай роднага краю. Пасля заканчэння школы паступіла на геаграфічны факультэт тагачаснага Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна. Вучылася з радасцю і задавальненнем.

Па размеркаванні трапіла ў Дарапее­віцкую сярэднюю школу, але папрацаваць там не ўдалося з-за нараджэння дзіцяці. Пасля выхаду з дэкрэтнага водпуску выкладала біялогію і хімію ў Ланской сярэдняй школе. Неўзабаве пераехала з сям’ёй у Маларыту. Але там работы па спецыяльнасці не знайшлося.

— Ішоў час, а вакансіі ўсё не было, — расказвае Т.В.Лышчык. — А так хацелася стаяць з указкай і крэйдай у руках ля дошкі! Дапамог выпадак. Якраз адкрываўся новы дзіцячы сад, які належаў мясцоваму саўгасу. Быў абвешчаны набор педкадраў. Вырашыла паспрабаваць. Адбылося нечаканае: адразу была прызначана загадчыцай установы. Праз некалькі гадоў па жыццёвых акалічнасцях прыйшла працаваць выхавальніцай у яслі-сад № 3, а потым — у яслі-сад № 6.

У інтэграванай групе, дзе сёння шчыруе Таццяна Васільеўна, 13 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 4 да 5 гадоў. У вялікае сэрца выхавальніцы ўмяшчаецца любоў да ўсіх. Педагог умее далікатна дакрануцца да дзіцячай душы, каб паспачуваць, суцешыць, сказаць ласкавае слова.

— Не ўяўляю жыцця без няўседлівых жэўжыкаў, якія прыносяць адчуванне сапраўднага шчасця, — усміхаецца Т.В.Лышчык. — Часта ўспамінаю словы мамы, якая не раз казала, што жыццёвы поспех прыходзіць да тых, хто хоча і ўмее працаваць, любіць сваю справу. Да сённяшняга часу памятаю матчыны парады: “Які б у цябе ні быў настрой, запомні: ты павінна знаходзіць у сабе сілы ўсміхацца, рабіць сваю справу адказна і старанна, не думаючы пра ўзнагароды. Заўсёды імкніся да вяршынь прафесійнага майстэрства”.

Менавіта так і робіць Таццяна Васільеўна. Штораніцы яна з усмешкай і ў добрым настроі сустракае сваіх хлопчыкаў і дзяўчынак, з любоўю і цеплынёй адносіцца да кожнага з іх.

— Мае выхаванцы вельмі розныя і непаўторныя, — гаворыць Т.В.Лышчык. — Кожны з іх — асоба, якую неабходна паважаць, да думкі якой трэба прыслухоўвацца. Імкнуся знайсці індывідуальны падыход да дзяцей. Стараюся нават думаць так, як яны. Хочацца стаць для іх надзейным сябрам і дарадчыкам, які ніколі не падвядзе, не здрадзіць, не адштурхне. У мяне і дзяцей ёсць свае маленькія сакрэты, пра якія, безумоўна, мы нікому не расказваем.

У сваёй рабоце Таццяна Васільеўна ўдасканальвае традыцыйныя метады і актыўна выкарыстоўвае новыя тэхналогіі. На занятках рознай тэматыкі не дае гатовых ведаў і не абмяжоўвае пошуку практычных і гульнявых дзеянняў.

Т.В.Лышчык — педагог творчы і ініцыятыўны. З ёй заўсёды цікава дзецям, бо яна ў пастаянным пошуку новага і незвычайнага.

Асаблівую ўвагу выхавальніца ўдзяляе развіццю пазнавальнай цікавасці ў дашкольнікаў. Па гэтай тэме яна абагульніла вопыт работы.

— Калі любіш сваю прафесію і жывеш ёй, то ўдаецца шмат чаго зрабіць, — лічыц­ь Таццяна Васільеўна. — Толькі неабходна ўсё рабіць з задавальненнем і радасцю.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.