Першы ў Беларусі інтэрактыўны Музей рэтракамп’ютараў BYTESPACE адкрыўся днямі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Чырвоную стужку ўрачыста перарэзалі міністр адукацыі І.В.Карпенка, міністр сувязі і інфарматызацыі С.П.Папкоў і рэктар БДУІР М.П.Батура.
— У калекцыі музея больш за пяцьсот унікальных экспанатаў, якія зроблены ў другой палове ХХ стагоддзя. “Карветы”, “Ескі”, “Нямігі” — гэтыя словы былі вядомы далёка за межамі нашай краіны. Мы хочам даць магчымасць студэнтам, жыхарам і гасцям Мінска пазнаёміцца з гісторыяй гэтых і шэрага іншых вядомых камп’ютараў як савецкай, так і замежнай зборкі, — расказаў арганізатар і ўладальнік калекцыі музея Аляксандр Аляксандраў.
Жамчужына калекцыі — кіруючы вылічальны комплекс ВА “Электронмаш” 1989 года выпуску “СМ-1420”. “Гэта сапраўдны монстр, які важыць амаль тону. Мы ўратавалі машыну ад утылізацыі ў Акадэміі навук. Як і належыць “крутым” штукам, яна заводзіцца з ключа, гудзе, шуміць і грэецца. Машына падтрымлівае шэраг розных носьбітаў: васьміцалёвыя дыскеты, бабіны з лентай, жорсткія дыскі са зменнымі пласцінамі і перфастужкі. Толькі шаманы ведаюць, як прымусіць гэтую машыну загрузіцца з патрэбнага носьбіта”, — заўважыў Аляксандр.
Большасць экспанатаў музея знаходзіцца ў рабочым стане — за імі можна працаваць ці гуляць. Дакрануцца да гісторыі камп’ютара і даведацца падрабязней аб экспанатах музея ўсе жадаючыя змогуць, папярэдне запісаўшыся на экскурсію.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.