Далонь як новая зямля

* * *

Сёлета Якубу Коласу — 135 гадоў.

Думаеш пра гэта, і не хочацца верыць. Я нарадзіўся, калі Коласу не было і ста гадоў. А цяпер яму 135, а мне 44. Але па-ранейшаму маю душу цешаць яго словы найперш з “Новай зямлі”. І перадусім з раздзела “Дзядзька-кухар”:

“А хлопцы проста збілісь з тропу

І ў нейкім страсе і ў захопу

На дзядзьку-кухара глядзелі,

Як бы яны аслупянелі.

Быў смешны дзядзька

той часінай

З пустою лыжкаю, з тычынай,

Якою трэскі ён варочаў.

А тут Алесь як зарагоча!

За ім адзін, другі паехаў.

Такіх было тут жартаў, смехаў,

Што ўсіх трасло і калаціла

І дзядзьку смехам захваціла.

— Ну, дзядзька, як на смак,

прызнайся?

— Паскудства, брат,

і не пытайся!”

Няхай на мяне не крыўдуе мая жонка. Такое бывае вельмі-вельмі рэдка. Але калі мне нешта вельмі не падабалася з прыгатаванага ёй, я так і казаў па-коласаўску: “Паскудства, брат, і не пытайся”.

Колас быў маім братам.

* * *

Юбілеі Купалы і Коласа ў мяне нараджалі розныя асацыяцыі. Пра нейкую я ўжо згадваў у культуралагічным дадатку “Рэй” зусім нядаўна.

Яшчэ адна нарадзілася толькі што — калі пісаў гэтыя радкі. І, здаецца, такой метафары не было ў нашым літаратуразнаўстве. Янка і Якуб… Два нашы “Я”. У кожным жа з нас няма аднаго “Я”, пагадзіцеся. У некім з нас бывае і дзесяць “Я”. А мне дык хапае і гэтых двух “Я” — Янкі і Якуба.

Адзін стаіць. Недалёка ад галоўнага сталічнага праспекта. Але як быццам схаваны ад яго. У скверы побач. Як быццам схаваны ад усіх… Тут, на лавачках побач, можна заўважыць толькі закаханыя пары, якія ціха мілуюцца, якія пад нашым беларускім небам цешацца сваім беларускім каханнем.

Гэта — наша неба. Гэта Купала.

Другі сядзіць на плошчы, на галоўным праспекце сталіцы. І тут ніколі не сціхае жыццё: клапатлівыя гаспадыні бягуць на Камароўскі рынак, каб па сходных коштах купіць ежу для сваіх сем’яў, праз кожныя 5 хвілін спыняецца аўтобус пад нумарам 100, які вязе ўсіх, мінчан і гасцей сталіцы, да вакзала, тут жа бясконца катаюцца і вырабляюць немагчымыя трукі падлеткі на скейтбордах…

Гэта — наша зямля. Гэта Колас.

Гэта нашы два “Я” — Янка і Якуб.

* * *

А надоечы, падчас вандроўкі разам з супрацоўнікамі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа з нагоды
50-годдзя філіяла “Мікалаеў­шчына”, нарадзілася новая асацыяцыя.

Я проста зірнуў на сваю далонь. Потым — на неба. Потым — на зямлю.

Купала і Колас — абодва — былі на маёй далоні. І далонь — як спярэшчаная Купалам ды Коласам зямля.

Купала ляцеў некуды на паўночны ўсход уздоўж маёй лініі жыцця, Колас сядзеў нерухома і нечага чакаў…

* * *

Філіял Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа “Мікалаеўшчына” — адназначна культурна-гістарычны феномен. Акінчыцы, Ласток, Альбуць, Смольня… Кожны крок малога, юнага і маладога Коласа сёння мемарыялізаваны. Я не ўяўляю, што дзе-небудзь у свеце штось падобнае ёсць. “Мікалаеўшчына” — феномен сусветнага ўзроўню.

Часам мы любім кідацца ня­ўдзячнымі словамі ў бок нашай савецкай гісторыі, у бок тагачасных кіраўнікоў. Але вось факты. У жніўні 1956 года, пасля смерці народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, была прынята пастанова Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Беларусі і Савета Міністраў БССР “Аб увекавечанні памяці народнага паэта БССР Якуба Коласа (Міцкевіча Канстанціна Міхайлавіча)”, згодна з якой мемарыяльныя сядзібы набылі статус музейных аб’ектаў.

Нагадаю нашым чытачам, што такое канкрэтна Акінчыцы, Ласток, Альбуць і Смольня, якія ўваходзяць у філіял “Мікалаеўшчына”.

Акінчыцы — тое месца, дзе нарадзіўся Якуб Колас на сядзібе лесніка-каморніка Міхаіла Казіміравіча.

Ласток — трэцяе месца жыхарства бацькоў Якуба Коласа. Сярод усіх мемарыяльных сядзіб Ласток (пабудова 1885 года) мае найбольшую каштоўнасць, бо захавала свой першапачатковы выгляд з невялікімі рэстаўрацыйнымі зменамі (сядзібы ў Акінчыцах, Альбуці і Смольні ўзноўлены па архіўных матэрыялах). У Ластку адкрыты два пакоі экспазіцыі па матывах паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка”.

Альбуць… Тут сям’я Якуба Коласа пражыла самы працяглы ў параўнанні з іншымі леснічоўкамі час. У адноўленай хаце створана літаратурна-мемарыяльная экспазіцыя па матывах паэмы “Новая зямля”. У гумне працуюць выстава “Пчалярства і рыбалоўства”, інтэрактыўныя экспазіцыі “У хатцы бабкі-знахаркі”, дзе можна пазнаёміцца з раслінным светам Стаўбцоўскага раёна, а таксама атрымаць кансультацыю непасрэдна ад стаўбцоўскага траўніка наконт прыгатавання гарбаты з зёлак, “Прырода роднага краю”, дзе можна пабываць у інтэрактыўных зонах “Біяразнастайнасць роднага краю”, “Ядомае — неядомае”, “Жыццё насякомага” і інш.

Смольня — адзіная хата, якая была ўласнасцю сям’і Міцкевіч. Музейная плошча складаецца з дзвюх частак: мемарыяльнай і літаратурнай. Інтэр’ер мемарыяльнай хаты адноўлены па ўспамінах родных паэта. На сядзібе адноўлены хлеў, гумно, у пабудаваным двухпавяховым будынку змешчана літаратурная экспазіцыя, якая знаёміць з дзіцячымі і юнацкімі гадамі паэта, далейшым яго жыццёвым і творчым шляхам.

А, бадай, самы пяшчотны ў “Мікалаеўшчыне” мастацкі комплекс драўляных скульптур “Шлях Коласа”, выкананы народнымі ўмельцамі разьбярамі па дрэве С.Клешчуком, А.Маголіным, М.Корабавым, І.Канавалюком, В.Парашчанкам, Г.Дзялендзікам, І.Супрунчыкам. Ідзеш па “Мікалаеўшчыне” — і ўсюды вітаешся з Якубам Коласам, з яго незабыўнымі героямі.

* * *

Вандроўка ў “Мікалаеўшчыну” парадавала, акрамя ўсяго, тым, што да яе, акрамя, натуральна, дырэктара Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіды Камароўскай, далучыліся такія вядомыя ў краіне людзі, як дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пракапцоў, старшыня Саюза беларускіх мастакоў Рыгор Сітніца, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літатратура” Віктар Шніп і і інш.

Са слоў Рыгора Сітніцы: “Мы хочам, каб нашы нашчадкі пры­ходзілі сюды і ведалі волата нашай Бацькаўшчыны… Жыве наш Колас, жыве наша Беларусь!”

Са слоў Алены Стэльмах: “Літаральна днямі падводзіліся вынікі конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”. Гэта конкурс, які ўсхваляваў тысячы беларускіх дзяцей. Але сёння на гэтае свята я прыехала з асаблівай навіной — найбольш чытэльным сярод нашых дзяцей з’яўляецца якраз Якуб Колас. “Савось-распуснік” — самы любімы твор канкурсантаў. Я думаю: чаму ў нашым такім супярэчлівым сённяшнім свеце дзеці чытаюць Якуба Коласа? Таму што гэта наша, роднае, тое, што ў генах кожнага з нас, беларусаў…”

Дарэчы, сёлета можна адзначыць не толькі 135-гадовыя юбілеі Коласа і Купалы, 50-годдзе філіяла Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа “Мікалаеўшчына”, але і 105-годдзе першай сустрэчы Якуба Коласа з Янкам Купалам. Як сказала на свяце вучоны сакратар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Галіна Варонава, Іван Дамінікавіч вельмі хваляваўся, калі ехаў на Стаўбцоўшчыну, каб сустрэцца з Канстанцінам Міхайлавічам у 1912 годзе. Надзеў шыкоўны касцюм, абуў новыя чаравікі… і, ма­быць, з-за іх і заблукаў. Але менавіта Нёман у рэшце рэшт падказаў яму дарогу да Смольні, дзе яго чакаў Колас.

* * *

Некалькі разоў падчас урачыстых мерапрыемстваў з нагоды
50-годдзя філіяла “Мікалаеўшчына” я адыходзіў ад шаноўных гасцей свята… і проста глядзеў на зямлю Стаўбцоўшчыны. Нюхаў яе. І не мог наглядзецца, не мог нанюхацца. Гэта ж яна, стаўбцоўская зямля, натхніла Канстанціна Міхайлавіча на стварэнне шэдэўра пад назвай “Новая зямля”.

Калі вярталіся ў Мінск, у мяне на далоні сядзелі Купала і Колас. Гарэзілі, свавольнічалі. Потым неяк міжволі разышліся па двух розных баках далоні. Кожны глядзеў на сваё неба.

Я іх, засяроджаных на нашым беларускім небе, пальцам не крануў.

Хоць, магчыма, трэба было і крануць.

Каб даведацца, што яны думаюць пра Беларусь сённяшнюю, што яны думаюць пра нашу будучыню.

Гэта было б цікава…

* * *

Перад тым як адыходзіў аўтобус у Мінск, зірнуў спачатку на стаўбцоў­скую зямлю, а потым — на ўласную далонь.

Яны такія аднолькавыя.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *