Далучае да роднай мовы

Выбіраючы прафесійны шлях, многія доўга разважаюць, думаюць, з якой сферай звязаць жыццё. Аднак настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ялізаўскай сярэдняй школы Асіповіцкага раёна Галіна Быкава ў свой час над гэтым ніколькі не вагалася. Яна яшчэ з дзяцінства з упэўненасцю казала ўсім, што будзе педагогам.

— Для мяне пытанне “Кім стаць?” ніколі не паўставала. Выхоўваючыся ў сям’і педагогаў, я кожны дзень у асобе бацькоў бачыла прыклад адданасці і любові да гэтай цяжкай працы, таму і сама марыла, што ў будучыні абавязкова буду настаўнічаць. Напэўна, лёсам мне было наканавана выкладаць менавіта родную мову. На гэта паўплываў педагагічны профіль матулі. Яна сорак гадоў працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, аддавала дзецям не толькі веды, але і сваю душу. А яшчэ мне пашанцавала вучыцца ў сапраўднага майстра педагагічнай справы Вольгі Міронаўны Шырокай, якую я таксама заўсёды ўспамінаю з вялікай удзячнасцю і цеплынёю, — кажа Галіна Вячаславаўна.

Да ажыццяўлення дзіцячай мары яна ішла мэтанакіравана. Паспяхова здала ўступныя іспыты і стала студэнткай Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта імя І.Шамякіна. Педагагічнае майстэрства асвойвала старанна, таму і гады студэнцтва праляцелі хутка. Атрымаўшы запаветны дыплом, маладая настаўніца Галіна Быкава паехала па размеркаванні ў невялікі пасёлак Ялізава Асіповіцкага раёна. Там і засталася назаўсёды.

Зараз за плячыма гэтай настаўніцы вельмі салідны педагагічны стаж. За трыццаць пяць гадоў выкладання ў Галіны Вячаславаўны склаліся свая методыка і падыходы да навучання.

— Для таго каб дасягнуць высокай паспяховасці навучэнцаў, захапіць іх прадметам, педагогу трэба любіць сваю справу, імкнуцца да пастаяннага прафесійнага самаразвіцця, а яшчэ быць шчырым і адкрытым з дзецьмі. Яшчэ Паскаль казаў: “Вучань — гэта не сасуд, які трэба напоўніць ведамі, а факел, які трэба запаліць”. Гэтыя словы таксама арыенцір у маёй педагагічнай дзейнасці, — адзначае Галіна Быкава.

Па яе меркаванні, для кожнага вучня ўрок павінен пачынацца з цікавасці, здзіўлення, з адчування недахопу ведаў па прадмеце і жадання іх атрымаць і папоўніць, таму на сваіх занятках Галіна Вячаславаўна вялікую ўвагу ўдзяляе развіццю пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, іх лагічнага і крытычнага мыслення, творчых уменняў і навыкаў. Урок мовы і ўрок літаратуры маюць розныя мэты, таму і праводзіць іх педагог па-рознаму.

— Для сучаснага ўрока мовы вельмі важным фактарам з’яўляецца яго камунікатыўная накіраванасць. Каб зрабіць заняткі такімі, імкнуся рацыянальна спалучаць розныя адукацыйныя методыкі. Актыўна выкарыстоўваю тэхналогіі праблемнага і рознаўзроўневага навучання, метад поўнага засваення ведаў, элементы тэхналогіі стварэння педагагічных майстэрань. Практыкую і розныя формы дзейнасці. На ўроках мае дзеці працуюць у парах і групах, атрымліваюць індывідуальныя творчыя заданні, выконваюць самастойныя работы з падручнікам і дадатковай літаратурай, рашаюць рознабаковыя заданні, віктарыны, крыжаванкі. Для таго каб дапамагчы дзецям у вывучэнні шматлікіх правіл, прапаноўваю ім спецыяльна распрацаваныя алгарытмы, схемы. Такі падыход матывуе вучняў на ўласныя адкрыцці, дапамагае ім вынікова засвойваць вучэбны матэрыял, — падкрэслівае педагог.

Не менш значным складнікам паспяховых урокаў яна лічыць іх практыка-арыентаванасць, бо мова — гэта сродак фарміравання і фармулявання нашых думак. Адсюль Галіна Вячаславаўна зрабіла і метадычныя высновы пра тое, што навучыць гаварыць можна гаворачы, слухаць — слухаючы, чытаць — чытаючы. Педагог стараецца выкарыстоўваць любую магчымасць, каб стварыць на ўроку ўмовы для праяўлення і задавальнення пазнавальных і камунікатыўных патрэб вучняў, стварыць сваю сітуацыю поспеху для кожнага дзіцяці.

Урокі літаратуры настаўніца будуе інакш, а ўсё таму, што прытрымліваецца меркавання: гэтыя заняткі не толькі даюць веды, але і спрыяюць выхаванню вучняў. У сваёй сістэме выкладання літаратуры на першае месца яна ставіць не пазнавальныя, а выхаваўчыя задачы. Падчас гэтых урокаў Галіна Вячаславаўна шырока прымяняе інтэрактыўныя метады і інфармацыйныя тэхналогіі, бо яны дазваляюць падтрымліваць і развіваць цікавасць вучняў да прадмета, стымулююць на разважанне і абмеркаванне прачытанага.

— Пасіўныя метады вывучэння літаратуры лічу непрымальнымі. Прачытанае вучнямі не павінна зводзіцца да банальнага пераказу. Галоўны інструмент на ўроку літаратуры — эмоцыі дзяцей. Пасля заканчэння заняткаў важна не пакінуць навучэнцаў раўнадушнымі. Больш за тое, кожны з іх павінен зрабіць для сябе з твора нейкую выснову, — упэўнена педагог.

Адметна, што са сваімі навучэнцамі Галіна Быкава сустракаецца не толькі на занятках, але і ў пазаўрочны час. Разам яны ладзяць вечарыны, конкурсы, святы, прысвечаныя нацыянальным традыцыям, мастацкім творам беларускіх класікаў. На думку настаўніцы, такія мерапрыемствы далучаюць дзяцей да беларускасці, родных вытокаў, выхоўваюць патрыятызм, пашыраюць веды пра свой народ і дзяржаву.

Асабліва адказна Галіна Вячаславаўна ставіцца да работы з адоранымі дзецьмі. Працуючы з імі ў індывідуальным парадку, педагог прыкладае ўсе намаганні, каб развіць іх творчыя здольнасці. Пасля заканчэння чарговага навучальнага года яна сустракаецца з вучнямі на летніх алімпіядных зборах. А ўжо з верасня зноў пачынаецца сістэмная карпатлівая работа над паглыбленым вывучэннем прадмета. Дзякуючы ўласнай захопленасці роднай мовай і літаратурай і ўменню захапіць імі вучняў, у Галіны Быкавай выдатна атрымліваецца раскрываць дзіцячыя таленты. Яе навучэнцы паспяхова праяўляюць сябе ў алімпіядным руху, інтэлектуальных конкурсах.

Плённая педагагічная дзейнасць Галіны Вячаславаўны неаднаразова была адзначана на розных узроўнях. Уласныя дасягненні, як і дасягненні вучняў, вядома, радуюць настаўніцу. Выдатным вынікам сваёй шматгадовай працы яна лічыць удзячных выпускнікоў, якія памятаюць родную школу і любімую настаўніцу.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Галіны Быкавай.