Далучае да родных вытокаў

Якая ж непрадбачаная штука — гэты лёс. Як бывае: марыць, імкнецца чалавек да аднаго, а атрымлівае ў выніку іншае, часта зусім не тое, што хацеў. Але бывае і так, што нечаканыя павароты лёсу аказваюцца шчаслівымі. Менавіта так здарылася ў жыцці настаўніцы беларускай мовы і літаратуры магілёўскай гімназіі № 1 Ганны Бандарэнка.

Сёння Ганна Уладзіміраўна — паспяховы педагог, прафесіянал сваёй справы. Аднак, будучы выпускніцай школы, яна не ўяўляла, што ў хуткім часе будзе выкладаць беларускую мову.

— Я імкнулася да настаўніцкай працы. Але ж схільнасці былі да рускай мовы і літаратуры. Школьніцай удзельнічала ў конкурсах у гэтым напрамку, таму і працягнула адукацыю ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф.Скарыны, — успамінае Ганна Бандарэнка.

Ва ўніверсітэце Ганна Уладзіміраўна вывучала менавіта рускую філалогію. І педагагічны дыплом атрымала па адпаведным профілі. У бок выкладання роднай мовы маладая настаўніца перакваліфікавалася па волі выпадку.

— Мая працоўная дзейнасць пачалася ў сярэдняй школе № 14 Бабруйска. У гэтай установе прайшло прафесійнае станаўленне. Там я адбылася як педагог, — адзначае настаўніца.

Даволі паспяхова выкладаючы рускую мову і літаратуру, Ганна Уладзіміраўна не думала, што ў прафесійным плане яе чакаюць нейкія перамены. А яны адбыліся, прычым даволі кардынальныя.

Па пэўных прычынах Ганна Бандарэнка перабралася жыць у абласны цэнтр. Праблем з работай у яе, даволі вопытнага педагога, не ўзнікла. Стала настаўнічаць у сярэдняй школе № 19 горада. У гэтай навучальнай установе і паспрабавала ўпершыню выкладаць беларускую мову і літаратуру.

— У школе быў недахоп педагогаў па гэтых вучэбных прадметах. У сувязі з вытворчай неабходнасцю я вымушана была праводзіць некаторыя заняткі. У падрыхтоўцы да ўрокаў мне істотна дапамагала мая калега — цудоўная настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Мікалаеўна Базылева. Менавіта яна і далучыла мяне да роднай мовы. У далейшым гэта вылілася ў перакваліфікацыю і змяненне педагагічнага профілю, — расказала Ганна Уладзіміраўна.

Зараз за плячыма гэтай настаўніцы — каля 35 гадоў педагагічнага стажу. З іх 25 яна выкладае беларускую мову і літаратуру ў першай гарадской гімназіі. Вядома, за гэты час у Ганны Бандарэнка склалася свая методыка і падыходы да навучання.

— У мяне ёсць асноўныя прынцыпы, якімі кіруюся ў сваёй педагагічнай дзейнасці. Для таго каб дасягнуць высокай паспяховасці навучэнцаў, захапіць іх прадметам, педагогу трэба любіць сваю справу, імкнуцца да пастаяннага прафесійнага самаразвіцця, а яшчэ быць шчырым і адкрытым з дзецьмі, — падкрэслівае Ганна Уладзіміраўна.Урок мовы і ўрок літаратуры маюць розныя мэты, таму і праводзіць іх педагог па-рознаму. Першае, да чаго імкнецца Ганна Бандарэнка, вывучаючы з вучнямі родную мову, — навучыць дзяцей гаварыць і думаць па-беларуску.

Імкнецца да гэтага настаўніца з самага пачатку заняткаў, займаючыся яшчэ з пяцікласнікамі. У яе створана свая сістэма вывучэння мовы, падзеленая на асобныя раздзелы. Асаблівасці беларускай фанетыкі, марфалогіі, сінтаксісу і стылістыкі вучні Ганны Уладзіміраўны засвойваюць праз тэматычныя тэсты, практычныя заданні, шляхам прапрацоўкі азнаямленчага матэрыялу і матэрыялу для замацавання атрыманых ведаў. Характэрна, што на сваіх занятках Ганна Бандарэнка стараецца не быць для дзяцей нейкім рэтранслятарам ведаў, а вучыць іх вучыцца самастойна, матывуе на ўласныя адкрыцці. А потым разам з навучэнцамі радуецца, калі раней складанае правіла стала для іх простым і зразумелым.

Урокі літаратуры настаўніца будуе інакш. А ўсё таму, што лічыць: гэтыя заняткі не толькі даюць вучням веды, але і спрыяюць выхаванню дзяцей. Асноўнае ў правядзенні ўрокаў літаратуры для Ганны Бандарэнка — гэта не пакінуць навучэнцаў раўнадушнымі. І трэба сказаць, што ў настаўніцы гэта атрымліваецца, бо нярэдка вучні выходзяць з класа са слязамі на вачах, устрывожаныя, заклапочаныя, уражаныя прачытаным і абмеркаваным да глыбіні душы.На занятках па літаратуры Ганна Уладзіміраўна прымяняе разнастайныя адукацыйныя метады і прыёмы. Даволі часта яна праводзіць урокі-роздумы, каб пачуць дзяцей, іх думкі, перажыванні, даць дзецям магчымасць выказацца аб тым, што карыснага яны для сябе адкрылі. Нярэдка заняткі ў гэтай настаўніцы праходзяць і ў форме даследаванняў. — Такія ўрокі накіраваны на вывучэнне невялікіх апавяданняў і будуюцца па методыцы чытання з перапынкамі. Я падзяляю твор на ключавыя ці кампазіцыйныя часткі, мы іх чытаем, а потым абмяркоўваем, звяртаючы ўвагу на тое, што стала чаканым, а што — нечаканым, — кажа Ганна Бандарэнка.

Па яе словах, падобныя заняткі дазваляюць праз мастацкае слова сканцэнтраваць вучняў на той вялікай думцы, якой пранізаны тэкст. Яны таксама дапамагаюць абудзіць у дзяцей цікавасць да чытання, навучыць іх не проста чытаць, а разумець ідэю твора, бачыць слова, тыя пачуцці і перажыванні герояў, якія за ім стаяць. Вучні Ганны Уладзіміраўны чытаюць з задавальненнем.

— Ды і як жа інакш! У вучэбнай праграме сёння ёсць пэўныя недапрацоўкі, але ў цэлым для навучэнцаў падабраны добрыя творы для чытання, творы, якія сапраўды ўражваюць, пакідаюць след у дзіцячых сэрцах. Вядома, здараецца і так, што трэба неяк захапіць вучняў. Я зацікаўліваю дзяцей жыццём пісьменніка, лёсам твора, бо лічу, што прымусам нічога добрага не даб’ешся, — лічыць суразмоўніца.

Са сваімі вучнямі Ганна Бандарэнка сустракаецца не толькі на занятках, але і ў пазаўрочны час. Разам яны ладзяць вечарыны, святы, прысвечаныя беларускім традыцыям, народным песням, нацыянальным прысмакам, мастацкім творам беларускіх класікаў, удзельнічаюць у арганізацыі і правядзенні ў гімназіі тыдняў беларускай мовы. На думку Ганны Уладзіміраўны, усё гэта далучае дзяцей да беларускасці, родных вытокаў, узбуджае іх патрыятызм, расшырае кругагляд ведаў пра свой народ і дзяржаву. Адметна, што і сама настаўніца пастаянна павышае свае веды аб роднай зямлі. Яна захапляецца вандроўкамі па Беларусі. За дваццаць гадоў такіх падарожжаў пабывала ў розных кутках краіны. Ведамі і ўражаннямі ад такіх паходаў яна актыўна дзеліцца з вучнямі, павялічваючы тым самым іх цікавасць да прадметаў.

Важнае месца ў педагагічнай дзейнасці Ганны Уладзіміраўны займае работа з адоранымі вучнямі. З такімі дзецьмі яна працуе індывідуальна на факультатывах і адпаведных занятках, стараючыся максімальна раскрыць іх таленты і здольнасці. Дзякуючы ўласнай захопленасці роднай мовай і літаратурай і ўменню захапіць імі вучняў, у яе гэта атрымліваецца. За час работы Ганны Бандарэнка ў першай гарадской гімназіі 15 яе навучэнцаў сталі пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Выдатныя вынікі яе вучні дэманструюць і на цэнтралізаваным тэсціраванні. Двое з яе выпускнікоў у свой час паказалі на гэтым іспыце стабальныя вынікі.

Плённая праца Ганны Уладзіміраўны неаднаразова была адзначана. Уласныя дасягненні, як і дасягненні вучняў, вядома, радуюць настаўніцу. Але галоўным вынікам сваёй шматгадовай працы яна лічыць удзячных выпускнікоў, якія памятаюць і падтрымліваюць пастаянную сувязь са сваёй любімай настаўніцай.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *