Далучаем да праваслаўнай культуры на ўроках гісторыі

Урокі гісторыі не толькі расказваюць пра падзеі мінулага і вучаць бачыць прычынна-выніковыя сувязі паміж імі, але і далучаюць да традыцый праваслаўнай культуры, пабуджаюць да духоўнага самаразвіцця і маральнага самаўдасканалення. 

Гісторыя валодае вялікім выхаваўчым патэнцыялам, найперш праз вывучэнне праваслаўнай культуры, заснаванай на духоўных пошуках чалавека. З улікам гэтага і будую сваю работу, якая ўключае вывучэнне праваслаўных традыцый і магчымых напрамкаў іх прымянення ў рэалізацыі выхаваўчых задач на ўроках гісторыі, маральнае і патрыятычнае выхаванне дзяцей на аснове духоўных і культурных традыцый беларускага народа, папулярызацыю традыцыйных сямейных каштоўнасцей, фарміраванне навыкаў адказных паводзін і пазітыўных адносін да жыцця, сістэмы духоўна-маральных каштоўнасцей і ўмення ацэньваць з іх пазіцый гістарычныя падзеі і з’явы, прафілактыку негатыўнага ўплыву дэструктыўных культаў і недапушчэнне ўдзелу ў дзейнасці дэструктыўных рэлігійных арганізацый і радыкальных маладзёжных груповак.

Парадак работы над пэўнай тэмай уяўляе сабой аналіз вучэбнай праграмы па прадмеце, вызначэнне ў кожным класе тэм, дзе магчыма рэалізацыя выхаваўчай задачы з апорай на праваслаўныя традыцыі, збор і сістэматызацыю матэрыялаў, іх апрабацыю на ўроках, папярэдняе падвядзенне вынікаў работы, вывучэнне меркаванняў школьнікаў і выніковую сіс­тэматызацыю матэрыялаў і вынікаў работы. 

Выхаваўчыя задачы, якія грунтуюцца на праваслаўных традыцыях, можна ажыццяўляць пры вывучэнні розных тэм. Так, пры вывучэнні тэмы “Утварэнне Старажытнарускай дзяржавы і яе першыя кіраўнікі” ў 6 класе акцэнтую ўвагу на значэнні прыняцця хрысціянства на Русі, царкоўнай арганізацыі ўсходніх славян, сувязі паміж прыняццем хрысціянства ва ўсходніх славян і развіццём культуры, значэнні дзейнасці князя Уладзіміра. Пры вывучэнні тэмы “Узмацненне Маскоўскага княства” ў 6 класе расказваю пра ролю Праваслаўнай царквы ў арганізацыі адпору знешнім ворагам, месца манахаў Аслябі і Перасвета ў барацьбе з імі, асобу Сергія Раданежскага. Пры вывучэнні тэмы “Праваслаўная царква і культура ўсходніх славян” у 6 класе паказваю ролю Праваслаўнай царквы ў грамадска-палітычным жыцці краіны, аб’яднанні Русі і развіцці культуры (архітэктуры, пісьменства, жывапісу), знаёмлю з постацямі мітрапаліта Алексія, Андрэя Рублёва і Феафана Грэка, Сафійскімі саборамі ў Ноўгарадзе, Кіеве і Полацку, іканапісам. Пры вывучэнні тэмы “Зараджэнне дзяржаўнасці” ў 6 класе расказваю пра прыняцце хрысціянства на беларускіх землях, знаёмлю з легендай пра Рагнеду і яе сына Ізяслава (першых беларускіх праваслаўных). Пры вывучэнні тэмы “Хрысціянізацыя беларускіх зямель” у 6 класе расказваю пра рэлігійна-асветніцкіх дзеячаў Ефрасінню Полацкую і Кірыла Тураўскага, вынікі і значэнне распаўсю­джання хрысціянства. Пры вывучэнні тэмы “Культура беларускіх зямель” у 6 класе раскрываю ролю праваслаўя ў распаўсюджанні культуры (Сафійскі храм, Спаская царква ў Полацку, Барысаглебская царква ў Гродне, Крыж Ефрасінні Полацкай, кнігі і берасцяныя граматы), адпраўляюся з вучнямі ў віртуальную экскурсію па месцах архітэктурных помнікаў, прапаную скласці тэматычныя сінквейны, апавяданні, эсэ і крыжаванкі, стварыць малюнкі. Пры вывучэнні тэмы “Культура і рэлігійнае жыццё” ў 6 класе паказваю ролю Праваслаўнай царквы ў ВКЛ, расказваю пра асаблівасці рэлігійнага жыцця ў ВКЛ, прапаную пабудаваць ментальную карту “Канфесіі ў ВКЛ у канцы XIV ст.”. Пры вывучэнні тэмы “Этнічнае развіццё” ў 6 класе знаёмлю са становішчам праваслаўя ў ВКЛ.

Пры вывучэнні тэмы “Расія ў Смутны час” у 7 класе паказваю ролю праваслаўя ў складаныя перыяды гісторыі, арганізацыі адпору знешнім ворагам. Пры вывучэнні тэмы “Царква і рэлігія” ў 7 класе расказваю пра становішча праваслаўя на беларускіх землях у першай палове XIV ст., даю характарыстыку тагачаснай царквы, апісваю ўзаемаадносіны паміж прадстаўнікамі розных канфесій, скіроўваю ўвагу на неабходнасць верацярпімасці, прапаную пабудаваць схему “Становішча Праваслаўнай царквы”, вызначыць на карце месцы распаўсюджання праваслаўя на тэрыторыі Беларусі. Пры вывучэнні тэмы “Культура” ў 7 класе знаёмлю з культавым (праваслаўным) будаўніцтвам і іканапісам, прапаную запоўніць картасхему “Месцы праваслаўных культавых пабудоў”, стварыць каталог “Праваслаўныя архітэктурныя помнікі ў першай палове XVI ст.”.

Пры вывучэнні тэмы “Расія ў гады рэвалюцыйных узрушэнняў” у 8 класе закранаю ўзаемаадносіны Праваслаўнай царквы і царскай сям’і, прапаную азнаёміцца з тэматычнай літаратурай.

Вопыт паказвае, што выніковасць навучання з “праваслаўным ухілам” залежыць ад розных фактараў. Некаторыя вучні ахвотна ўдзельнічаюць у абмеркаванні рэлігійных пытанняў, а некаторыя — не вельмі. Але раўнадушных няма ў любым выпадку. Закранутыя тэмы прымушаюць задумацца над важнымі праблемамі жыцця, звярнуцца да ўнутранага свету.

Важную ролю ў далучэнні да праваслаўнай культуры адыгрываюць факультатыўныя заняткі “Біблія як крыніца сусветнай культуры” ў 6 класе і “Асновы праваслаўнай культуры” ў 9 класе. Калі шасцікласнікі знаёмяцца з Бібліяй, яе раздзеламі, асноўным зместам і сюжэтамі, то дзевяцікласнікі абмяркоўваюць прынцыпы хрысціянскай маралі, правілы маральнасці як рэгулятары сацыяльных адносін, асноўныя царкоўныя святы.

Сабраныя матэрыялы выкарыстоўваю ў выхаваўчай рабоце на класных і інфармацыйных га­дзінах. Гэта важна, бо прынцыпы хрысціянскай маралі закладва­юць асновы характару і важных чалавечых якасцей.

Наталля ТЫНКОВІЧ,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Равінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Драгічынскага раёна.