Далучаем вучняў да даследчай дзейнасці

- 10:35Навіны рэгіёнаў

Інавацыйная дзейнасць — адзін з важных складнікаў сучаснага адукацыйнага працэсу. На працягу трох гадоў у нашай школе рэалізоўваўся інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі цьютарскага суправаджэння даследчай дзейнасці вучняў праз узаемадзеянне ўстаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі.

У рамках праекта быў створаны цьютарскі клуб з ліку педагогаў, аспірантаў, школьнікаў і студэнтаў. Яго мэта заключалася ў павышэнні матывацыі вучняў да даследчай дзейнасці, навучанні іх найпрасцейшым методыкам даследаванняў па розных тэмах, дыягностыцы вучэбных патрэб дзяцей і непасрэднай даследчай рабоце па выбраных напрамках.

Падчас рэалізацыі праекта былі складзены індывідуальныя адукацыйныя праграмы ўдзельнікаў інавацыйнай дзейнасці і сумесныя планы работы з УВА. У рамках супрацоўніцтва з універсітэтамі арганізоўваліся наведванні лабараторый, падбіралася лабараторнае абсталяванне для даследаванняў, праводзіліся адукацыйныя экскурсіі, наведваліся студэнцкія мерапрыемствы.

Вельмі добра сябе зарэкамендавалі такія тэхналогіі і методыкі адкрытай адукацыі, як “Кейс-навучанне” (разбор практычных сітуацый), “Партфоліа” (прэзентацыя адукацыйных вынікаў) і “Дэбаты” (арганізацыя публічнай дыскусіі на актуальныя тэмы).

Асноўныя формы работы цьютарскага клуба — індывідуальныя і групавыя кансультацыі, дзелавыя гульні, пастаянна дзеючыя семінары па асваенні тэхналогій цьютарскага суправаджэння і арганізацыі даследчай дзейнасці вучняў, трэнінгі з аналізам нестандартных сітуа­цый (“Ваша меркаванне”, “Не можа быць”, “Што? Адкуль? Як?”, “Чалавек з будучыні”), тэсты па выяўленні навыкаў зносін і інш.

Дзейнасць клуба была накіравана на вырашэнне практычных задач і праблем. Удзельнікі праекта ўзаемадзейнічалі з настаўнікамі пачатковых класаў і малодшымі школьнікамі: праводзілі сумесныя мерапрыемствы, назіранні, даследаванні і інтэрактыўныя перапынкі, рыхтавалі навуковыя работы.

За час рэалізацыі праекта педагогі сталі шырэй выкарыстоўваць даследчыя прыёмы і метады навучання на ўроках і факультатывах, у пазакласнай рабоце.

Маніторынг якасці выканання індывідуальных адукацыйных праграм паказаў станоўчую дынаміку ў матывацыі школьнікаў да даследчай дзейнасці, фарміраванні яе культуры, у вучэбных дасягненнях па розных прадметах, павышэнні кваліфікацыі педагогаў, задавальненні адукацыйных запытаў дзяцей. Дзякуючы праекту, вучні пашырылі кругагляд, атрымалі новыя веды і карысны вопыт. А гэта заўсёды спатрэбіцца ў далейшым жыцці.

Таццяна КРАЎЧУК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 Пінска.


Вельмі часта настаўнікі задумваюцца над тым, як выбраць адметную тэму для даследавання з вучнямі і зацікавіць іх эксперыментам. Мы распрацавалі шэраг заданняў, якія выяўляюць даследчыцкія памкненні дзяцей і далучаюць іх да даследчай дзейнасці ў хіміка-біялагічным кірунку.

Хімічны эксперымент — выдатная крыніца ведаў пра хімічныя рэчывы і іх пераўтварэнні, якая дазваляе захапіць вучняў навукай, актывізаваць пазнавальную дзейнасць, развіць практычныя навыкі і ўменні. Вялікую ўвагу ўдзяляем тэхніцы правядзення экс­перымента і правілам бяспечных паво­дзін падчас работы ў лабараторыі. Асаблівую цяжкасць выклікае выбар аб’екта і метадаў даследавання. Як правіла, многія навакольныя аб’екты вельмі складаныя для вывучэння і патрабуюць грувасткіх метадаў даследавання, спецыяльнага абсталявання і рэактываў. Таму ў якасці найбольш даступных і зразумелых аб’ектаў выбіраем харчо­выя прадукты. Так, эксперыменты па вырабе індыкатараў кіслотнасці з садавіны і агародніны, вырошчванні крышталяў, якасныя рэакцыі на рэчывы, якія выкарыстоўваюцца ў штодзённым жыцці, з’яўляюцца даступнымі, пачынаючы з 8 класа.

Прапаноўваем вучням прыгатаваць у дамашніх умовах лакмусавыя тэст-палоскі (індыкатар кіслотнасці з садавіны і агародніны), якія затым выкарыстоўваюцца на занятках для эксперыментальнага пацвярджэння рН-асяроддзя.

Дзеці з цікавасцю вырошчваюць ядомыя і неядомыя крышталі, право­дзяць якасныя рэакцыі на розныя рэчывы (крухмал, крэйду, соду, гіпс і інш.), вызначаюць колер полымя гарэлкі прапанаванымі рэчывамі (кухоннай соллю, каліевай і кальцыевай салетрай, медным купарвасам) і інш.

Па выніках работы вучні рыхтуюць справаздачы і робяць высновы.

Людміла КАЗАКОВА,
настаўніца біялогіі;
Аксана КУПРЫК,
настаўніца хіміі сярэдняй школы № 8 Пінска.