БРСМ пры падтрымцы Штаба патрыятычных сіл Беларусі праводзіць збор сродкаў на будаўніцтва Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі ў Брэсцкай крэпасці, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
— Вельмі важна, калі такую ініцыятыву падтрымліваюць не асобныя арганізацыі або грамадзяне, а ўся беларуская грамадскасць. Будаўніцтва цэнтра — гэта будаўніцтва будучыні нашай краіны, — адзначыў першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў.
Маладзёжны патрыятычны цэнтр, створаны 5 гадоў назад на тэрыторыі Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці, атрымаў сёлета статус рэспубліканскага.
Цэнтр размяшчаецца ў рэканструяванай пабудове першай паловы 30-х гадоў. Пасля Вялікай Айчыннай вайны тут знаходзіўся 111-ы гвардзейскі артылерыйскі полк.
— Арганізаваць у гераічнай цытадэлі базу для патрыятычнай работы з моладдзю прапанавалі ўдзельнікі ваенна-гістарычнага клуба “Гарнізон” пры гаркаме БРСМ, — расказаў дырэктар Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці Віктар Іваноў. — Праект разгледзелі на чарговым з’ездзе БРСМ. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў прапанову. Частка сродкаў, заробленых на рэспубліканскім суботніку, была накіравана на будаўніцтва цэнтра, абвешчанага абласной маладзёжнай будоўляй. За 3 гады на ім папрацавалі больш за 2 тысячы юнакоў і дзяўчат. Работы па рэканструкцыі праводзіліся надзвычай акуратна, з максімальным захаваннем аўтэнтычных элементаў.
Па словах Віктара Іванова, праект Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі прадугледжвае рэканструкцыю іншых будынкаў і збудаванняў на Кобрынскім умацаванні. Сярод іх — былая казарма для размяшчэння асабовага складу плошчай 2,6 тысячы м2, казематы з вучэбнымі класамі, цірам і сталовай, стадыён з футбольнымі, тэніснымі і іншымі пляцоўкамі. Будуць узведзены спартыўны і палатачны гарадкі на 200 чалавек.
У цэлым плануецца добраўпарадкаваць тэрыторыю плошчай каля 3 га. Паводле папярэдніх ацэнак, рэалізацыя першай чаргі праекта патрабуе не менш за 45 млн рублёў. Для іх збору адкрыты дабрачынны рахунак, які актыўна папаўняецца ахвяраваннямі.
— Сёння цэнтр прымае штогод каля 450 чалавек, а з развіццём інфраструктуры зможа прымаць да 500 чалавек штомесяц. Атрымаецца паўнацэнная адукацыйна-спартыўна-аздараўленчая ўстанова, дзе будзе арганізавана круглагадовае ваенна-патрыятычнае выхаванне па спецыяльных вучэбных праграмах, — адзначыў Віктар Іваноў.
Штотыдзень на базе цэнтра праходзяць 5-дзённыя вучэбна-трэніровачныя зборы “Пераможца” па ваенна-патрыятычнай падрыхтоўцы моладзі і метадычным суправаджэнні настаўнікаў, якія займаюцца ёй у школах. Курс маладога байца ўключае фізічныя і стралковыя практыкаванні, знаёмства з ваеннай гісторыяй і ўмовамі службы вайскоўцаў.
Па суботах працуюць аб’яднанні па інтарэсах “Юны разведчык”, “Ваенная гісторыя”, “Турызм і краязнаўства” і “Лабараторыя жывой гісторыі”. Летам арганізуецца лагер “Патрыёт”, куды імкнуцца трапіць многія.
З нагоды розных дат на тэрыторыі цэнтра ладзяцца ваенна-гістарычныя рэканструкцыі, сустрэчы з ветэранамі вайны і працы, спаборніцтвы па ваенна-прыкладных відах спорту, ваенна-тактычныя вучэбныя гульні, майстар-класы па тактычнай, стралковай і пагранічнай падрыхтоўцы, выжыванні ў экстрэмальных сітуацыях, а таксама тэматычныя лекцыі і экскурсіі.
— Наш дэвіз — “Памятаць тое, што было, цаніць тое, што ёсць, ствараць і абараняць будучыню”, што вельмі важна для захавання гістарычнай праўды, — гаворыць кіраўнік цэнтра гвардыі палкоўнік запасу Віктар Радамскі.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ