Далучэнне да прыгожага

- 14:39Нам пішуць

Вучні 5-6 класаў Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы накіраваліся на экскурсію ў карцінную галерэю Кастуся Качана ў Навагрудку.

Знаёмства з асобай мастака, яго жыццём і творчасцю праходзіла ў цёплай, утульнай атмасферы: гучала класічная музыка, вучні былі не проста гледачамі, а і ўдзельнікамі. Была магчымасць задаць пытанні, праявіць свае творчыя здольнасці. Так, Валерыя Яфрэменка і Дар’я Маліноўская ігралі на фартэпіяна. Вучні пераходзілі ад аднаго палатна да другога, пагглыбляліся ў гісторыю іх стварэння. Экскурсавод паказала прылады, якімі карыстаецца мастак, і расказала, як нараджаецца новая карціна. Найбольш спадабаліся вучням работы “Другая палова лета”, “Бэз”, “На замчышчы”. Не ўтрымаліся, каб не набыць паштоўкі з рэпрадукцыямі гэтых карцін, а самым актыўным паштоўкі падарылі.

Акрамя карцін, у галерэі працуе выстаўка незвычайнага посуду, старажытная мэбля. Усё гэта можна было ўбачыць, а таксама даведацца, калі і як гэтыя прадметы трапілі ў карцінную галерыю.

Уладкаваўшыся за столікамі са святочнымі навагоднімі свечкамі, вучні паглядзелі, як раней заварвалі каву. Экскурсаводы павіншавалі дзяцей з надыходзячымі святамі і пажадалі спраўджвання жаданняў. Для гэтага па традыцыі задулі свечкі. Прыемна было глядзець, як дзеці натхніліся гэтым, шчыра верачы ў казку.

Аксана ЦЕРАХОВІЧ,
класны кіраўнік 6 класа
Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.