Далучыць да вытокаў

- 10:40Навіны рэгіёнаў

Навучэнцы павінны дасканала ведаць гісторыю беларускай культуры, народных традыцый, каб праз вытокі, абапіраючыся на мінулае, берагчы і прымнажаць сваю спадчыну. Такога меркавання прытрымліваецца педагагічны калектыў Любоніцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Кіраўскага раёна.

Фарміраваць у вучняў высокія маральныя якасці, прывіваць ім любоў да радзімы педагогам дапамагае школьны этнаграфічны музей “Спадчына”. Ён функцыянуе ў навучальнай установе ўжо звыш 30 гадоў. Прычым ён быў адкрыты менавіта па ініцыятыве навучэнцаў.

— Дзеці прыносілі ў школу старадаўнія рэчы, якімі карысталіся яшчэ іх бабулі. Калі іх назбіралася вельмі многа, у адным з вучэбных кабінетаў і быў аформлены музей. Сёння ў ім 3 тэматычна звязаныя паміж сабой экспазіцыі і больш як 300 разнастайных экспанатаў, якія дазваляюць навучэнцам дэталёва азнаёміцца з асаблівасцямі нацыянальнага фальклору, даведацца пра тое, як жылі нашы продкі, — расказала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Любоніцкага ВПК Наталля Аўсянік.

Школьны музей актыўна выкарыстоўваецца ў адукацыйным працэсе. Акрамя экскурсій, ужо стала традыцыяй правядзенне ў музейным памяшканні рэканструкцыі фальклорных свят. Так, нядаўна вучні пад кіраўніцтвам педагогаў зладзілі ў музеі Піліпаўскія вячоркі. Хлопчыкі і дзяўчынкі з цікавасцю акунуліся ў самабытную культуру вёскі: ткалі, гатавалі стравы нацыянальнай кухні, бавілі час за народнымі гульнямі.

— Фальклорныя святы — важная частка духоўнай культуры беларусаў. Іх адраджэнне дазваляе павышаць узровень адукаванасці вучняў, пашыраць іх кругагляд, развіваць пазнавальны інтарэс, фарміраваць актыўную жыццёвую пазіцыю і высокія маральныя якасці. Музей дае дзецям магчымасць пазнаць сваю радзіму, традыцыі свайго народа і сваіх продкаў. Асабліва важна, што функцыянаванне школьнага музея спрыяе фарміраванню ў дзяцей сістэмы жыццёвых каштоўнасцей, заснаванай на павазе да сваёй гісторыі, — падкрэсліла Наталля Віктараўна.

Вучні Любоніцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы шчыра цікавяцца рознымі аспектамі гістарычнага і культурнага мінулага краіны і роднага краю, імкнуцца быць карыснымі грамадству. Педагагічны калектыў установы ўпэўнены: значную ролю ў гэтым адыгрывае менавіта дзейнасць школьнага музея.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.