Далёкае блізкае

- 16:07Авторские колонки, Мнение

Таццяна БОНДАРАВА

 

 

 

 

 

 

 

 

Усё, дзе ўкладзена хаця б кропелька любові, не можа не крануць сэрца. Не ўсведамляючы яшчэ, што зачапіла, раптам прачынаешся ад бу­дзённасці і разумееш: вось ён, сапраўдны цуд, на які, нібы на камертон, імкнецца настроіцца душа. Сёлетні жнівень, мой любімы гарачы жнівень — мядовы, яблычны, арэхавы, непрадказальны і супярэчлівы, поўны млоснай сонечнай спякоты, праз якую дыхае льдзістая сцюдзёнасць, з сакавітым багаццем у кожным садзе і дымнай палыновай гарчынкай на вуснах — ён шчодры на ўраджай і добрыя знаёмствы. Так складваецца, што большасць герояў маіх цяперашніх і запланаваных на найбліжэйшы час публікацый шчыру­юць на вёсцы. 

Маладыя людзі, хто на практыцы, у студэнцкім атрадзе ці проста ўладкаваўшыся на работу на канікулах, дапамага­юць на жніве або ва ўборцы садавіны-агарод­ніны. Прак­тыка ў навучэнцаў устаноў прафадукацыі сельска­гаспадарчага профілю доўжыцца каля шасці месяцаў, ад пасяўной да ўборачнай кампаніі: пачаты па ініцыятыве Віцебскай вобласці эксперымент даказаў эфектыўнасць і актуальнасць такога падыходу. Майстры вытворчага навучання, работнікі ўстаноў адукацыі, вадзіцелі школьных аўтобусаў, чые рукі сёння ляжаць на штурвалах камбайнаў, кіруюць машынамі на адвозцы збожжа. На іх двайная нагрузка, бо трэба яшчэ і падрыхтавацца да новага навучальнага года… 

Пятнаццацігадовая дзяўчына — самы юны ў раёне памочнік камбайнера, якая хоча вывучыцца на ветэрынарнага ўрача, а першую зарплату не збіраецца траціць на модную рэч з вядомым брэндам ці мабільны тэлефон папулярнай мадэлі: марыць купіць прыгожага каня, каб даглядаць і катацца на ім па роднай вёсцы. Дарэчы, на малой радзіме ў будучага прафесіянала прывабныя перспектывы. У прыватнасці, толькі на Віцебшчыне маладым спецыялістам — выпускнікам вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў па спецыяльнасцях “Ветэрынарная медыцына” і “Заатэхнія”, прынятым на работу ў арганізацыі аграпрамысловага комплексу, устаноўлены дадатковыя выплаты да зарплаты з абласнога бюджэту ў памеры 1000 рублёў — істотная падтрымка і матывацыя… 

Ветэран педагагічнай працы — прадстаўніца настаўніцкай дынастыі, якая кожную раніцу спяшаецца ў сталоўку сельгаспрадпрыемства: каторы год запар яна гатуе смачныя абеды і падвячоркі ўдзельнікам жніва. Між тым паспявае і ў школу заглянуць, абмяняцца навінамі-меркаваннямі з калегамі, і з гаспадаркай справіцца — а яна, як належыць, з прысядзібным участкам і кароўкай… 

Быццам залатыя зярняты, імгненне за імгненнем беражліва збіраеш новыя сустрэчы ў сваю жытніцу: атрымаецца з іх далей смачны каравай ці прарастуць новыя каласы, час пакажа. Для маіх герояў вёска — неад’емная частка жыцця. Мне гэта блізка, бо таксама нарадзілася ў вёсцы і, падобна многім маім равеснікам, ужо ў сярэднія школьныя гады ведала, з якога боку за матыку ўзяцца або да касы падступіцца. Зусім малечай з бабуляй — калгасным брыгадзірам на кані аб’ездзіла ўсе ваколіцы за дзясяткі кіламетраў, потым вывучала пешшу самастойна, у гутарках са старажыламі паглыбля­лася ў іх мінуўшчыну — не было тады найцікавейшага занятку. Непазбежна, але ўсё ж сумна, калі на карце патроху знікаюць вёсачкі, а з імі не старонкі — цэлыя асобнікі мясцовай гісторыі. Радасна, што не ўсе прадстаўнікі маладога пакалення рвуцца пераехаць на жыхарства ў горад — і ў гэтым немалая заслуга школьных настаўнікаў, іх выхавання. Хаця распаўсюджанае “можна вывезці дзяўчыну з вёскі, але нельга вывесці вёску з дзяўчыны” ў нас раз-пораз, здараецца, пачуеш. Слухаю такое са шкадаваннем да пераймальнікаў гучных чужых выслоўяў… а пасля пагаджаюся. Бо і для мяне вёска — як хлеб і сонца, шчасце хадзіць па зямлі і дыхаць небам. Сапраўды не вывесці. Не дачакаецеся.