Даніна павагі

- 14:40Выхаванне, Выхаваўчая работа

Яшчэ адзін дзень, яшчэ адзін горад, яшчэ адна магчымасць ушанаваць памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны…

У тры гадзіны ночы 22 чэр­веня ўдзельнікі праекта прыбылі ў Брэсцкую крэпасць-герой для ўдзелу ў мітынгу-рэквіеме, прысвечаным Дню памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. Школьнікі паслухалі канцэрт-рэквіем Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь, а таксама наведалі ваенна-гістарычную рэканструкцыю “22 чэр­веня. Брэсцкая крэпасць” на Кобрынскім умацаванні. У рэ­канструкцыі была задзейнічана піратэхніка, артылерыйскія прылады, конныя раз’езды пагранічнікаў, матацыклы, бранявік, легкавыя і грузавыя аўтамабілі, цяжкая тэхніка.

У другой палове дня дэлегацыя Цягніка Памяці накіравалася на пешую экскурсію ў Нацыянальны парк “Белавежская пушча”. Удзельнікі па­дзяліліся на групы, каб па чарзе пагуляць па музеі прыроды, зазірнуць у экскурсійныя вальеры, дзе ўбачылі лань, ваўка, зуброў і іншых жывёл. Пасля паўтары гадзіны прагулкі па запаведніку групы перамясціліся на Царскую паляну. Там ваеннаслужачыя пагранічнай заставы імя Р.І.Кофанава прадэманстравалі затрыманне парушальніка дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь. А ў канцы школьнікаў пачаставалі смачнай салдацкай кашай.

На трэці дзень лакаматыў прыбыў у Гродна. Падчас урачыстай сустрэчы памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь інспектар па Гро­дзенскай вобласці Юрый Караеў адзначыў, што ў гэтыя дні два брацкія народы адзначаюць сумную дату — пачатак Вялікай Айчыннай вайны, а мэтай праекта “Цягнік Памяці” з’яўляецца захаванне гістарычнай памяці пра той час.

З горада ў горад разам з падлеткамі падарожнічае знак праекта, на які нанесены лагатып цягніка і ўсе пункты маршруту. У кожным пункце падарожжа школьнікі ставяць своеасаблівую птушачку і запаўняюць квадрацік горада яго выявай, якую ім урачыста ўручае кіраўніцтва рэгіёна. Так паступова збіраецца пазл Цягніка Памяці.

У горадзе над Нёманам хлопцы і дзяўчаты азнаёміліся з унікальнай перасовачнай экспазіцыяй — “Цягнік Перамогі”, прагуляліся па горадзе з экскурсаводам, праслухаўшы гісторыю Гродна. Пасля пешай прагулкі групы сустрэліся ў парку Жылібера, для таго каб ля помніка воінам і партызанам правесці мітынг і ўскласці кветкі. Запомнілася дзецям і цікавая праграма на базе адпачынку “Прывал”. Яны паў­дзельнічалі ў гульнях, з дапамогай якіх пазнаёміліся бліжэй і з’ядналіся як калектыў. Канец вечара завяршыла дыскатэ­ка з інтэрактыўнымі элемен-
тамі.

Учора Цягнік Памяці прыбыў у маладзёжную сталіцу — Віцебск.

— У гады Вялікай Айчыннай вайны на Віцебшчыне вяліся жорсткія баі. Тут было шмат знішчаных вёсак і мацнейшы партызанскі і падпольны рух. Вялікі дзякуй за тое, што наведваеце гэтыя мясціны і аддаяце даніну павагі продкам, — адзначыў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў. 

Сёння Цягнік Памяці сустракае расійскі горад Смаленск. Потым падарожнікаў чакаюць Ржэў і Вязьма. Падрабязнасці чытайце ў наступным нумары.

— Гэтае падарожжа — не толькі добрая магчымасць адпачыць, але і лепш даведацца пра гісторыю сваёй краіны. Таксама мы зможам ушанаваць памяць нашых продкаў. Мой пра­дзядуля па мамінай лініі ваяваў і быў узнагароджаны некалькімі медалямі і ордэнам. Галоўныя ўрокі, якія мы зможам вынесці з гэтай паездкі, — не паўтарыць памылак мінулых гадоў і заха­ваць мірнае неба, — выказаў думку ўдзельнік ваенна-патрыятычнага праекта Дзмітрый Волкаў з Віцебска.

— Я яшчэ не была ў многіх гарадах Беларусі, таму першыя ўражанні ў мяне цудоўныя. Для нас вельмі важныя такія паездкі, бо ў наш час застаецца ўсё менш ветэранаў, ад якіх мы можам пачуць праўдзівую гісторыю пра Вялікую Айчынную вайну, — падзялілася Ганна Парфенцьева з Гомеля.

Настасся ЧАРКАНАВА.
Фота аўтара.