Дапамагае прыгажосці выратаваць свет

- 12:09Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Місія жанчыны — несці ў гэты свет прыгажосць. Сваімі лагоднымі ўсмешкамі і добрымі вачамі. Вольга Уладзіміраўна Дворак нясе прыгажосць яшчэ і дзякуючы сваёй прафесіі. Яна вучыць цырульніцкаму мастацтву і напрамку “Дэкаратыўная касметыка” ў Барысаўскім дзяржаўным каледжы. Жанчыны ўпрыгожваюць гэты свет, а яна дапамагае ім падкрэсліць сваю прыгажосць. 

Думаю, кожнай жанчыне знаёма гэтае неверагоднае пачуццё, калі выходзіш з цырульні з новай прычоскай, якая табе пасуе. Калі адчуваеш сябе абноўленым чалавекам, калі здаецца, што разам з табой змяніўся і свет навокал. Такія маленькія цуды зд­ольныя кожны дзень здзяйсняць цырульнікі. Дзеля гэтых цудаў Вольга Ула­дзіміраўна Дворак і пайшла вучыцца ў Мінскі тэхналагічны тэхнікум, пасля чаго пачала працаваць — мяняць да лепшага людзей і гэты свет.

— Мне падабаецца ў рабоце тое, што ты не проста робіш прычоску — ты ствараеш настрой, дорыш радасць. Калі чалавек адчувае сябе прыгожым, то становіцца больш упэўненым, і гэта можа падштурхнуць яго да новых дасягненняў, нават змяніць яго жыццё, — разважае Вольга Уладзіміраўна.

9 гадоў яна працавала цырульнікам, выконвала розныя віды работ — жаночыя і мужчынскія прычоскі, стрыжкі, фарбаванне. За гэты час было шмат удзячных і шчаслівых кліентаў. Многія і сёння, сустракаючы яе на вуліцы, пазнаюць і дзякуюць за ўдала падабраны вобраз. Прызнаюцца, што шкадуюць, што яна больш не прымае кліентаў. Вольга Уладзіміраўна выбрала іншы шлях: яна вучыць маладых майстроў і такім чынам памнажае ўплыў свайго майстэрства на жыццё лю­дзей мнагакратна. Дасягнуўшы пэўных вышынь у справе, яна адчула патрэбу перадаваць свае веды і ўменні іншым. Зрабіла смелы крок і змяніла жыццёвы шлях — пайшла працаваць майстрам вытворчага навучання ў Барысаўскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны прафесійны каледж, які прайшоў шэраг трансфармацый і сёння з’яўляецца Барысаўскім дзяржаўным каледжам.

— Калі я акунулася ў работу ў каледжы, то адчула сябе абсалютна шчаслівай. Сказаць па праўдзе, атрымлівала такое задавальненне ад работы, што не магла паверыць, што за гэтае задавальненне мне яшчэ і плацяць грошы! Была вельмі акрыленая і натхнёная, — дзеліцца ўспамінамі майстар вытворчага навучання. — Безумоўна, сёння эмоцый менш, аднак я, як і раней, радуюся сваёй рабоце. Мне падабаецца працаваць з маладымі людзьмі, назіраць, як яны адкрываюць для сябе штосьці новае, усведамляць, што я адыгрываю ролю ў іх развіцці і станаўленні, магу мяняць іх светапогляд.

Разумеючы сваю ролю ў якасці педагога, Вольга Уладзіміраўна лічыць неабходным шмат працаваць над сабой, бо, што ні гавары, каб быць аўтарытэтам для моладзі, трэба быць асобай. Можна шмат разоў паўтараць нейкую думку, але, калі ўласным прыкладам ты яе не пацвярджаеш, табе не павераць. А ёй вераць. Асабліва калі спрабуюць паўтарыць складаныя тэхнікі, якія з такой лёгкасцю дэманструе на занятках майстар.

Мая гераіня не спыняе і сваё ўласнае навучанне. Каб ведаць пра навінкі, наведвае семінары і курсы вядучых майстроў. А яшчэ вучыцца завочна ў педуніверсітэце.

— На пэўным этапе адчула, што мне патрэбны гэтыя веды, каб працаваць яшчэ лепш. Я выбрала псіхалагічны факультэт. І разумею, што зрабіла правільны выбар, — расказвае Вольга Уладзіміраўна. — Ужо зараз прымяняю атрыманыя веды на занятках. Стала лепш разумець навучэнцаў, іх узроставыя асаблівасці, па-іншаму ацэньваю многія ўчынкі. Стала лягчэй знаходзіць падыход да кожнага. На новым узроўні арганізоўваю прафарыентацыйную работу, якую мы праводзім у школах.

Вольга Уладзіміраўна ніколі не заставалася абыякавай да праблем навучэнцаў, якія не тычацца навучання, і задаволена, што, дзякуючы адукацыі, зможа яшчэ больш дапамагаць сваім выхаванцам і аказваць ім падтрымку.

На занятках майстар вучыць не толькі стрыгчы і фарбаваць. Вучыць быць сапраўдным прафесіяналам, а гэта значыць, адказна ставіцца да сваёй работы. Чалавек можа выйсці з цырульні абноўленым і шчаслівым, а можа — раззлаваным і нават са слёзамі на вачах. Трэба быць крытычным да сябе, умець не толькі трымаць у руках нажніцы і пэндзлі, але і чуць і разумець кліента, наладжваць з ім кантакт. Для гэтага трэба быць ветлівым, выхаваным і адукаваным. І, канечне, максімальна ўдасканальваць сваё майстэрства.

Пад кіраўніцтвам Вольгі Ула­дзіміраўны навучэнцы каледжа рыхтуюцца да прафесійных конкурсаў. У Барысаўскім дзяржаўным кале­джы будучыя цырульнікі атрымліваюць прафесійна-тэхнічную адукацыю, таму вучацца ўсяго год. Аднак за гэты час майстар вытворчага навучання паспявае вылучыць лепшых і прывесці іх да перамог.  Яе навучэнкі паспяхова выступалі на Міжнародным фестывалі творчых прафесій “Мінскі вернісаж”, заваёўвалі дыпломы І ступені на Міжнародным фестывалі прыгажосці “Ружа вятроў”. У абласных этапах конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills дзяўчаты з Барысаўскага каледжа заўсёды ў лідарах. У розныя гады перамогі святкавалі Алена Ягорава, Ірына Мільчэўская, Караліна Гаранкова, Эсміра Гусейнава. Зараз майстар рыхтуе да рэспубліканскага этапу конкурсу Марыю Казыра, якая стала лепшай у вобласці.

— Лічу, што для поспеху — як у конкурсах, так і ў прафесіі наогул — вельмі важныя ўласныя якасці: працавітасць, настойлівасць, уменне трымаць сябе ў руках і спакойна рэагаваць на розныя падзеі.

Кажуць, прыгажосць выратуе свет. Калі так, то Вольга Ула­дзіміраўна Дворак прыгажосці абавязкова дапаможа.

Дар’я РЭВА.