Дапамагаюць птушкам перазімаваць

- 11:30Навіны рэгіёнаў

Штогод вучні Відамлянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна ўдзельнічаюць у экалагічнай акцыі “Дапаможам птушкам перазімаваць”, якая выхоўвае ў дзяцей любоў да прыроды і фарміруе беражлівыя адносіны да яе.

— Акцыя праводзіцца пад дэвізам “Цяжка птушкам зімаваць, трэба птушкам дапамагаць”, — расказвае педагог-арганізатар школы А.М.Росляк. — Спачатку дзеці вывучаюць віды кармушак і рацыён птушак, пасля чаго запрашаюць крылатых сяброў на тэрыторыю школы. Вельмі прыемна, што ў акцыі актыўна ўдзельнічаюць бацькі, якія майструюць шпакоўні і кармушкі, рыхтуюць корм для птушак. У выніку сумеснай работы атрымаліся цудоўныя птушыныя сталовыя!

Першакласнікі-блізняты Мацвей і Мікіта Ночкіны прынялі актыўны ўдзел у акцыі і былі вельмі рады, што тата дапамог ім зрабіць кармушку. “Цяпер птушкі не застануцца галоднымі”, — упэўнены хлопчыкі, якія ўпрыгожылі птушыную сталовую гірляндай, каб крылатым сябрам было весялей.

Кірыл Бязносік і Таццяна Хвесік таксама шчыравалі над кармушкамі разам з татамі. У іх атрымаліся арыгінальныя рознакаляровыя птушыныя гасцёўні. А вынікам работы Дар’і Шалонік разам з мамай стала прасторная кармушка з пяцілітровай пластыкавай бутлі. Трэцякласніку Дзмітрыю Смалюку вырабіць домік з бляхі дапамог дзядуля. Для стварэння сваёй кармушкі чацвёртакласніца Настасся Ночкіна выкарыстала бярозавыя галінкі і яловыя лапкі. Марыя Барысава вырашыла, што птушкам вельмі спадабаецца яркая кармушка, вырабленая з пакета з-пад соку. Не адставалі ад малодшых школьнікаў і старэйшыя вучні. Так, пяцікласніца Ульяна Антончык разам з татам старанна пакрыла кожную дошчачку птушыных апартаментаў лакам. Сямікласнік Дзяніс Ялкоўскі зрабіў кармушку на ўроку працоўнага навучання.

— Дзеці ганарацца вынікамі сваёй працы і разумеюць яе важнасць, — гаворыць А.М.Росляк. — Штодзень вучні назіраюць, як птушкі наведваюць іх кармушкі, і радуюцца гэтаму. Акцыя прывучае дзяцей любіць навакольны свет, развівае працоўныя ўменні і навыкі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.