Дапамагаючы іншым, дапамагчы сабе

- 12:30Сацыяльны ракурс

Гаворачы пра валанцёра, мы ўяўляем чалавека актыўнага, адказнага. Калі гэта школьнік, навучэнец або студэнт — таго, хто добра вучыцца, карацей, асобу, станоўчую з усіх бакоў. Гаворачы пра падлеткаў, якія стаяць на розных відах улікаў, думаем пра іх як пра людзей, у якіх ёсць праблемы і з вучобай, і з паводзінамі, і нават з законам. Здаецца, што валанцёры сустракаюцца з такімі падлеткамі толькі дзеля таго, каб дапамагчы ім вырашыць іх праблемы. А што бывае, калі самі падлеткі, якія знаходзяцца на тым або іншым відзе ўліку, становяцца валанцёрамі? Думаеце, над гэтым пытаннем можна разважаць толькі тэарэтычна? Гэта не так. Адзін з прыкладаў прыцягнення да добраахвотнай працы складаных падлеткаў можна ўбачыць у СПЦ Партызанскага раёна Мінска.

Валанцёры ў доме-інтэрнаце.

Будучыня без залежнасцей

 — 1 чэрвеня 2018 года ў нашым сацыяльна-педагагічным цэнтры адкрыўся аддзел прафілактыкі і комплекснай рэабілітацыі, які цяпер з’яўляецца сектарам. Тады я і прыйшла на пасаду яго загадчыцы, — расказвае Ганна Сяргееўна Гірэнь. — Трэба было з чагосьці пачынаць работу па комплекс­най рэабілітацыі непаўналетніх — менавіта гэтую задачу мы павінны вырашаць. Супрацоўнікі аддзела шукалі ідэю, а калі знайшлі, увасобілі яе ў праекце “Наша будучыня без залежнасцей!”. Праект заснаваны на пошуку ўсіх магчымых эфектыўных метадаў і спосабаў арганізацыі вольнага часу падлеткаў, іх дзейнасці для папярэджвання росту правапарушэнняў і злачынстваў. 

— Спецыялісты, у тым ліку Ганна Сяргееў­на, у нас ініцыятыўныя, крэатыўныя, дзякуючы ім цэнтр заўсёды наперадзе ў новых справах, — заўважае дырэктар СПЦ Наталля Уладзіміраўна Станкевіч. — Вялікая работа вядзецца і са школамі, і з каледжамі, і з ліцэямі, якія ахвотна супрацоўнічаюць з цэнтрам.

Што да праекта, то яго аўтары распрацавалі стратэгію і тактыку, размеркавалі функ­цыянальныя абавязкі сярод спецыялістаў аддзела, на сайце ўстановы размясцілі інфармацыю аб праектнай дзейнасці, пачалі фарміраваць электронны партфель, накіраваны на прафілактыку злоўжывання паверхнева-актыўных рэчываў (ПАР). Пазней узяліся за правядзенне вучэбных заняткаў школы спецыялістаў СППС устаноў адукацыі, напрыклад, прысвечаных рабоце з падлеткамі ў новым фармаце, выступалі на раённых семінарах.

Адначасова пачалі шукаць аднадумцаў, з якімі можна было б пашырыць і паглыбіць работу з падлеткамі. Наладзілі супрацоўніцтва з мясцовым фондам “Цэнтр здаровай мола­дзі”, крэатыўным інавацыйным цэнтрам Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. На мерапрыемствы з цэнтрам здаровай моладзі ў СПЦ, дарэчы, прыходзяць навучэнцы з усіх устаноў раёна, а не толькі падапечныя сектара прафілактыкі і комплекс­най рэабілітацыі.

На гутаркі з падлеткамі прыходзілі і прадстаўнікі арганізацыі “Пазітыўны рух”, якая дапамагае хворым на ВІЧ. Выступалі тут і адвакаты, якія кансультавалі падлеткаў, папярэджвалі аб адміністратыўных і крымінальных правапарушэннях, адказвалі на розныя пытанні, напрыклад, аб сацыяльным жыллі для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, і інш. А з законнымі прадстаўнікамі непаўналетніх працуе грамадская арганізацыя “Наш каўчэг” — цэнтр цвярозага жыцця, створаны пры РНПЦ псіхічнага здароўя, біржа сацыяльных праектаў. І, канечне, дзейнасць сектара ўключае супрацоўніцтва з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях, Рэспубліканскім валанцёрскім цэнтрам, іншымі зацікаўленымі арганізацыямі.

Кіраўнік сектара прафілактыкі і комп­лекснай рэабілітацыі Г.С.Гірэнь.

Так, падлеткі падчас летніх канікул уключаюцца ў акцыю “Бяспечнае лета”, мерапрыемствы ў рамках Міжнароднага дня бараць­бы з наркаманіяй і незаконным абаротам наркотыкаў, Міжнароднага дня без тытуню і г.д. Напрыклад, падчас дэкады па прафілактыцы злоўжывання ПАР, наркатычных рэчываў, алкаголю на базе Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Вікторыя” быў арганізаваны канцэрт “Наша будучыня без залежнасцей!” для непаўналетніх Партызанскага раёна. Канцэрт падтрымала група “Свае побач”, выступіў святар, прадстаўнікі арганізацый, з якімі супрацоўнічае сацыяльна-педагагічны цэнтр.  

У камісіі па справах непаўналетніх раёна, ды і ва ўсім горадзе добра ведаюць аб праекце і высока ацэньваюць яго рэалізацыю — нядаўна праект стаў пераможцам гарадскога конкурсу на лепшы сацыяльны праект, накіраваны на прафілактыку правапарушэнняў у маладзёжным асяроддзі ў сваёй намінацыі. Таксама супрацоўнікі сацыяльна-педагагічнага цэнтра Партызанскага раёна атрымалі за гэты праект падзяку ад гарадской пракуратуры. Таксама праект мае падзякі ад Палаца дзяцей і моладзі, Мінскага заапарка і інш.

Як важна быць патрэбным

Адна з самых цікавых і дзейсных частак праекта — работа валанцёрскага атрада. Дарэчы, хоць праект і завершаны, атрад працягвае працаваць. Называецца ён гэтак жа, як і праект, з якога пачынаўся атрад, — “Наша будучыня без залежнасцей!”.

— У валанцёрскія атрады ў навучальных установах звычайна ўключаюць высокаматываваных хлопцаў і дзяўчат, у нас жа атрад складаецца з падлеткаў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы або стаяць на індывідуальным прафілактычным уліку. Гэта так званыя цяжкія падлеткі, падлеткі з рознымі залежнасцямі, — тлумачыць Г.С.Гірэнь. — Не сакрэт, што такія дзеці нярэдка выкліка­юць адмоўнае стаўленне ў грамадстве, іх не прымаюць ні равеснікі, ні дарослыя. Такім падлеткам самім неабходна дапамога, а тут ім трэба знайсці час, жаданне, адчуц­ь душэўную па­трэбу ў тым, каб дапамагчы камусьці іншаму. Не ўсе могуць гэта зрабіць, але нямала і тых, хто ўцягваецца ў работу на пастаяннай аснове. Да таго ж, нашы падапечныя знахо­дзяць у атрадзе сяброў, і гэта таксама для іх вельмі важна, як і ўвага да сябе, якой яны часта не адчуваюць у сваіх сем’ях.

Прэзентацыя атрада адбылася ў свой час на цырымоніі ўручэння прэмій гарадскога конкурсу на лепшы сацыяльны праект і валанцёрскую ініцыятыву “Дзякуй”. Цяпер у атрада ёсць падзяка гэтага конкурсу за актыўны ўдзел і ўклад у валанцёрскі рух, а літаральна днямі ён атрымаў дыплом ІІ ступені ў конкурсе “Дзякуй”. Зараз аснову атрада складаюць 16 чалавек, да якіх перыядычна далучаюцца ўсе жадаючыя школьнікі і навучэнцы раёна. Здараецца нават так, што ў атрад прыхо­дзяць падлеткі, якія не стаяць ні на якіх відах уліку, не праходзяць комплексную рэабілітацыю, а проста далучаюцца за кампанію. І — застаюцца. Зараз у атрадзе адзін такі хлопец, які даўно стаў адным з вядучых байцоў атрада.

Інтарэсы ў атрадаўцаў самыя розныя, прычым працуюць валанцёры як падчас навучальнага года, так і на канікулах, калі пытанне аб занятасці падлеткаў становіцца асабліва важным. Адзін з кірункаў работы — зааваланцёрства: удзельнікі атрада збіралі і перадавалі дабрачыннай арганізацыі заатавары, каб дапамагчы бяздомным жывёлам; у парку імя Максіма Горкага рабілі кармушкі, у чым ім актыўна дапамагалі вучні сярэдняй школы № 10.

У псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для пенсіянераў і інвалідаў № 2 валанцёры саджалі дрэвы, перадавалі ў прытулак сацыяльна-педагагічнага цэнтра Заводскага раёна (у СПЦ Партызанскага раёна прытулку няма) канцылярскія і іншыя тавары, якія былі сабраны ў розных навучальных установах раёна. Падлеткі таксама працуюць у саміх СПЦ, дапамагаюць добраўпарадкоўваць цэнтр і прылеглую тэрыторыю. А пасля работы разам п’юць чай і размаўляюць.

Заняткі ў рамках праекта “Наша будучыня без залежнасцей!

— Нашы хлопцы вельмі ўсхваляваліся, наведаўшы прытулак, — прыгадвае Ганна Сяргееўна. — Выйшлі і гаварылі пра дзяцей з прытулку, перажывалі, каб іх ніхто не крыўдзіў, а я супакойвала падлеткаў, гаварыла, што малым абавязкова дапамогуц­ь. Амаль дарослыя хлопцы, у саміх шмат праблем, а так пранікліся лёсам маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак, якія часова адабраны ў бацькоў. А быў выпадак, калі адзін наш хлопец атрымаў матэрыяльную дапамогу, доўга думаў, што на яе набыць, і ўрэшце вырашыў перадаць сродкі ў прытулак. Вось такое вялікае жаданне дапамагаць і быць карысным.

Сказаць, што ўсе падлеткі — удзельнікі праекта і валанцёры — цалкам выправілі свае паводзіны, шчыра кажучы, нельга, але на частку з іх работа паўплывала, безумоўна, станоўча, дапамагла ўзяцца за розум. Пра гэта ў цэнтры ведаюць, не адмаўляюць у дапамозе, у рэалізацыі жадання займацца валанцёрствам нават сваім выпускнікам — тым, каму ўжо споўнілася 18 гадоў.


Праект-пераможца, як я ўжо гаварыла, завяршыўся, але праектная дзейнасц­ь працягваецца. Сектар прафілактыкі і комп­лекснай рэабілітацыі атрымаў прапанову паўдзельнічаць у маштабным праекце дабрачыннага аб’яднання “Свет без меж”, што дапамагае дзецям, якія трапілі ў цяжкія жыццёвыя сітуацыі. Дакладней, СПЦ запрасілі стаць удзельнікам конкурснага адбору, бо заявак на ўдзел у праекце было шмат. Усяго ў праект “Падлетак у канфлікце з законам: ад канфлікту да інклюзіі” ўключаны 25 ініцыятыўных груп, 2 з якіх з Мінска — з Партызанскага і Ленінскага раёнаў.

Спецыялісты цэнтра прайшлі навучанне, у мерапрыемствах удзельнічае адзін з падапечных СПЦ. Праект разлічаны на 3 гады і ўключае работу не толькі з падлеткамі, якія стаяць на ўліку, але і з тымі, хто трапіў ва ўстановы закрытага тыпу, вярнуўся з іх, так што, напэўна, і работа СПЦ у гэтым кірунку паступова будзе пашырацца. Тут будуць укараняць новыя метады прафілактыкі супрацьпраўных паводзін непаўналетніх, іх рэабілітацыі і рэсацыялізацыі, а таксама пашырэння ўзаемадзеяння дзяржаўных і недзяржаўных суб’ектаў прафілактычнай дзейнасці — усё гэта і прадугледжвае праект.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара і з архіва СПЦ.