Дапамагаюць крылатым сябрам

Птушкі ў ваколіцах Магілёва знаходзяцца пад надзейнай аховай і наглядам. Пра іх старанна клапоцяцца навучэнцы абласнога цэнтра творчасці.

— Мы імкнёмся прывіваць навучэнцам любоў да прыроды, вучым берагчы навакольны свет. Тэматычныя гутаркі і заняткі прыносяць вынік. Нашы навучэнцы неабыякавыя да праблем прыроды, — расказала культарганізатар аддзела экалагічнага выхавання АЦТ Вікторыя Зарыўняк.

Паводле яе слоў, узімку навучэнцы актыўна далучаюцца да прыродаахоўнай акцыі “Дапаможам крылатаму сябру!”. У рамках традыцыйнага мерапрыемства праводзяцца конкурсы на лепшы дзіцячы малюнак, выраб, кармушку для птушак. Дзеці разам з педагогамі збіраюць корм і распрацоўваюць “птушынае меню” — складаюць рацыён харчавання для сваіх крылатых сяброў.

Педагогі Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці ўпэўнены: патрэбная акцыя прыносіць карысць не толькі птушкам. Яна дапамагае выхаванню ў падрастаючага пакалення спачування, дабрыні, клапатлівага стаўлення да навакольнага асяроддзя.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Магілёўскім абласным цэнтрам творчасці.