Дапамагаюць пазітыў і гумар

- 12:37Адукацыйная прастора

Пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Любоў Сяргееўна Ваўкавыцкая пераехала ў незнаёмы ёй горад Узду, што ў Мінскай вобласці. У мясцовай гімназіі яна трэці год выкладае англійскую мову і імкнецца быць пазітыўным педагогам, які зараджае вучняў энергіяй, добрым настроем і крэатывам.

З дзяцінства ў Любові складваліся добрыя адносіны з настаўнікамі, сувязь са многімі з іх яна падтрымлівае і зараз. Ёй заўсёды было цікава пагаварыць з імі, даведацца штосьці новае і карыснае. У ліку любімых школьных прадметаў была беларуская мова. Любоў прымала ўдзел у алімпіядным руху і разнастайных конкурсах. Але пазней яе ўвагу прыцягнула англійская мова. Менавіта з ёй дзяўчына і вырашыла звязаць свой лёс.

— Мая настаўніца Надзея Валер’янаўна Дзямянчык параіла звярнуць увагу менавіта на Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. І я вельмі ўдзячна ёй за гэта, тут прайшлі пяць яркіх, цудоўных гадоў майго жыцця, — расказвае Л.С.Ваўкавыцкая. — Я рада, што атрымала вышэйшую адукацыю, звязаную менавіта з замежнымі мовамі. Я заўсёды думала, што ў будучыні з такім актуальным багажом ведаў у любым выпадку не прападу. Сёння ж з цікавасцю выкладаю ў гімназіі, назапашваю вопыт і стараюся быць дастойнай гэтай адказнай справы.

Педагагічная практыка ў канцы пятага курса праходзіла ў гімназіі № 1 Мінска. Весці ўрокі давялося ў 8 класе, і гэта выклікала хваляванне: як вядома, падлеткавы ўзрост — а­дзін з самых складаных. На справе ж асаблівых цяжкасцей не ўзнікла, вучні аказаліся адкрытымі, цікавымі, актыўнымі і разумнымі.

Да змен у жыцці пасля заканчэння УВА маладая настаўніца аднеслася з пазітыўным настроем. Менавіта ў гэтым а­дзін з сакрэтаў таго, што пачатак яе прафесійнай дзейнасці праходзіць роўна і гладка. Дзяўчына пераехала ва Узду, незнаёмы для яе горад, пра які раней нічога нават не чула. Ва Уздзен­скай раённай гімназіі яна сустрэла сваіх першых вучняў, добразычлівых калег, на падтрымку і прафесійныя парады якіх яна заўсёды можа разлічваць.

— Старалася адразу правільна паводзіць сябе з дзецьмі. Нездарма ж кажуць: як сябе спачатку пакажаш, так і далей пойдзе, — зазначае маладая настаўніца. — Каб працаваць з вучнямі розных класаў, трэба разумець іх, ведаць асаблівасці ўзросту і інтарэсы. Спачатку неабходна было пазнаёміцца з вучнямі, іх узроўнем ведаў, жаданнем вучыцца. Безумоўна, падчас першых урокаў я хвалявалася, але старалася, каб гэтага не было відаць. Спадзяюся, дзіцячыя сэрцы я заваявала.

Маладой настаўніцы англійскай мовы ўдалося хутка ўстанавіць кантакт з чацвёртакласнікамі і пяцікласнікамі. Парадавала, што ў іх вачах гарыць жаданне даведацца штосьці новае. З Любоўю Сяргееўнай ім сумаваць не прыходзіцца, на ўроках яна прапануе разнастайныя цікавыя гульні, часам яны нават спяваюць песні і танцуюць. Вучні 7-х класаў, як аказалася, ужо не такія даверлівыя, яны любяць праверыць настаўніка, задаць яму пытанне на засыпку. Аднак неўзабаве стала зразумела, што яны таксама аматары вучыцца цікава: гуляць, спрабаваць і прыдумваць штосьці новае, прапаноўваць ідэі. Да таго ж сямікласнікі ўжо больш ведаюць мову, у іх ёсць пэўная база, і гэта робіць урокі больш прадукцыйнымі.

— Працаваць у кожным класе па-свойму цікава, не бывае аднолькавых урокаў. На адну і тую ж інфармацыю, па­дзею ў дзяцей заўсёды розная рэакцыя. Таму настаўніку трэба быць падрыхтаваным да экспромтаў, — разважае Любоў Сяргееўна. — Сёлетнім маладым спецыялістам, якія толькі пачынаюц­ь свой прафесійны шлях, хачу параіць не замыкацца ў сабе, а вучыцца гаварыць і слухаць іншых — кіраўніка, калегу, вучня… Ад памылак ніхто не застрахаваны, асабліва пачынаючыя педагогі, таму не варта саромецца звяртацца па дапамогу, адкрыта гаварыць аб сваіх праблемах. Важна аналізаваць уласныя паводзіны, умець заўважаць і прызнаваць свае памылкі. Без гэта няма руху наперад!

Адным з прафесійных прыёмаў Любові Сяргееўны стаў гумар. Ён дапамагае і самой быць у добрым настроі, і іншых падтрымаць. Маленькі жарт да месца можа згладзіць канфлікт ці зняць напружанне. А ў сітуацыях, калі зусім не да жартаў, маладая настаўніца стараецца не пераходзіць на чыйсьці бок, а займаць нейтралітэт і шукаць кампраміс. Ёй важна навучыць дзяцей з павагай ставіцца адно да аднаго, спакойна размаўляць, нават калі ўзніклі непаразуменні.

Любоў Сяргееўна патрабавальная ў першую чаргу да самой сябе. Калі вучань робіць нешта не тое, чагосьці не разумее, настаўніку трэба задумацца, а не абвінавачваць дзіця. Хочацца прывіць любоў да свайго прадмета ўсім вучням, аднак такую задачу маладая настаўніца ставіць сабе на перспектыву. Сёння ж яе радуе, што ў яе ўжо ёсць вучні, якія ўдзельнічаюць у алімпіядах, конкурсах і паказваюць там добрыя вынікі. Разам са сваёй калегай Л.С.Ваўкавыцкая з цікавасцю прымае ўдзел у інавацыйным праекце “Падарожжа ў прафесіі…”.

З самага пачатку Любоў Сяргееўна шукала ідэі для ўрокаў ва ўсіх магчымых крыніцах: кнігах, інтэрнэце. Хацелася як мага хутчэй знайсці тое, што падыходзіць ёй і яе вучням, што дапамагае запамінаць новыя словы і граматычныя структуры, а таксама робіць урокі нясумнымі і разнастайнымі. Зараз педагогу падабаецца выкарыстоўваць розныя інтэрнэт-рэсурсы (Learning apps, Quizizz, Kahoot і інш.), а таксама цікавыя і прадукцыйныя гульні. Усё гэта можна падабраць для вучняў розных класаў. На курсах у Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі калегі дзяліліся сваімі фішкамі. У выніку Л.С.Ваўкавыцкая вярнулася дадому са спісам цікавых парад, многія з якіх прыжыліся на яе ўроках. Так, для цікавага пачатку добра падыходзяць гульні “Снежкі” ці “Гарачая бульба”. Акрамя таго, на курсах адбылося знаёмства з настаўніцай са Злучаных Штатаў Амерыкі Крысцін Хан. Яна прыязджала ва Узду, наведала гімназію і паказала некалькі цікавых спосабаў для развіцця гутарковага маўлення. У іх ліку, напрыклад, гульня Find someone who… ( у перакладзе “Знайдзі хто”) па тэме “Хобі”: кожны вучань атрымлівае картку, дзе ў табліцы напісаны 9 хобі. Неабходна задаць пытанні і знайсці вучня на кожны від хобі, запоўніць табліцу. Пасля па чарзе ўсе прадстаўляюць свае вынікі.

На ўроках Любові Сяргееўны і яе калегам з гімназіі падабаецца выкарыстоўваць Activator — набор картак і настольных гульняў, накіраваных на развіццё гутарковага маўлення, які ёй падарылі ў МАІРА. Дарэчы, пры жаданні яго можна знайсці ў інтэрнэце і раздрукаваць. Такія гульні і карткі падыходзяць для вучняў 8—11 класаў, бо трэба ўмець будавац­ь сказы і граматычна правільна адказваць на пытанні. Аднак у наборы ёсць і шаблоны, якія можна адаптаваць і выкарыстоўваць для дзяцей малодшага ўзросту.

Любоў Сяргееўна з’яўляецца класным кіраўніком 6 класа. Спачатку ёй было вельмі нязвыкла адчуваць, што цяпер яна адказвае не толькі за свае ўчынкі і паводзіны. Безумоўна, не ўсё заўсёды атрымліваецца бездакорна. Аднак удалося знайсці агульную мову і з вучнямі, і з іх бацькамі, дзякуючы чаму ўсе пытанні вырашаюцца даволі хутка.

Самым важным сваім дасягненнем за час працы маладая настаўніца лічыць менавіта добрыя адносіны з гімназістамі, якія склаліся, нягледзячы на яе строгасць і патрабавальнасц­ь. Немагчыма не ўсміхацца, калі дзеці бягуць абняць сваю настаўніцу, гавораць ёй кампліменты і па дзесяць разоў на дзень вітаюцца. Ну як не любіць такую работу?

Таццяна ШЫМКО.