Дапамагаюць убіраць ураджай

- 9:10Адукацыйная прастора

У сельгаспрадпрыемствах Магілёўскай вобласці зараз гарачая пара — ідзе ўборка ўраджаю збожжавых. Уборачная кампанія ў самым разгары, механізатары і камбайнеры шчыруюць на палетках з ранку да позняга вечара. Каб сабраць вялікі каравай, трэба зжаць збожжавыя своечасова. А калі важная кожная гадзіна, аграрыі вітаюць любую дапамогу звонку. Адметна, што ўбіраць хлеб калгасам актыўна дапамагаюць педагогі і навучэнцы рэгіёна. 

Уборачная на палях Магілёўскага дзяр­жаўнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П.Арлоўскага.

Аб тым, што ў час уборачнай у гаспадарках рабочыя рукі ніколі не бываюць лішнімі, добра ведаюць у Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. У навучальнай установе ўжо стала традыцыяй у гэты перыяд аказваць пасільную дапамогу сельгаскааператывам. 

— Каб дапамагчы вяскоўцам, на час уборачнай было створана 10 механізаваных атрадаў, у склад якіх увайшлі 74 студэнты. Адметна, што маладыя людзі самі цікавіліся працай на лета. У атрады імкнуліся трапіць нават першакурснікі. Мы ўсім пайшлі насустрач. На працягу шасці тыдняў студэнты будуць працаваць у сельгаспрадпрыемствах Магілёўшчыны і Віцебшчыны. Прычым у гэтым годзе яны дапамагаюць ва ўборцы не толькі збожжавых, але і такой культуры, як лён. Пяць атрадаў працуюць на льнозаводах. Адзін атрад накіраваўся ў фірму “Тэхналогія земляробства” і займаецца ўстаноўкай сучаснага абсталявання на трактары і камбайны. Калі калгасам спатрэбіцца працоўная дапамога на больш працяглы час, нашы студатрады гатовы там затрымацца звыш агавораных тэрмінаў, — расказаў дэкан факультэта механізацыі сельскай гаспадаркі БДСГА Ула­дзімір Гусараў.

Паводле яго слоў, у арганізацыях студэнтаў заўсёды чакаюць. Для іх ствараюцца належныя бытавыя ўмовы: якаснае пражыванне, гарачае харчаванне. Акрамя таго, студэнты маюць магчымасць атрымаць добрую заработную плату.

— Але самае галоўнае ў тым, што праца ў складзе механізаваных атрадаў — выдатная працоўная школа. Маладыя людзі на практыцы адпрацоўваюць тэарэтычныя веды і ўменні. А яшчэ студэнты атрымліваюць неацэнны вопыт. Будучыя інжынеры ў рэальных умовах выконваюць працу рабочых. Яны вучацца кіра­ваць трактарам і камбайнам, даведваюцца, як аператыўна ліквідаваць паломкі тэхнікі. Такое вывучэнне працы знутры вельмі спатрэбіцца хлопцам праз пару гадоў, калі ім неабходна будзе прыступаць да прафесійнай дзейнасці, — падкрэсліў Уладзімір Уладзіміравіч.

Дарэчы, у БДСГА зараз не только дапамагаюць ва ўборцы збожжа сельгаспрадпрыемствам. Тут убіраюць і свае ўласныя палі. У акадэміі 259 га доследных участкаў зямлі. У севазвароце на іх 28 разнастайных збожжавых і агародных культур. Канкрэтна збожжавымі засеяна 120 га. Яшчэ 50 га адведзена пад рапс. Некаторыя культуры — элітных гатункаў. Элітнае насенне тут размнажаюць, праводзяць селекцыю, убіраюць, а пасля рэалізуюць.

Свая міні-ўборачная традыцыйна зараз праходзіць і ў Магілёўскім дзяржаўным агралесатэхнічным каледжы імя К.П.Арлоўскага. Педагагічныя работнікі і навучэнцы гэтай уста­новы таксама не па чутках знаёмы з працоўнымі буднямі аграрыяў.

— У нас даволі вялікія плошчы сельгасугоддзяў. Большая іх частка штогод засяваецца збожжавымі культурамі. Сёлета мы ўбіраем 120 га палёў з аўсом, пшаніцай і ячменем. Сабраны ўраджай у асноўным выкарыстоўваецца ў якасці кармоў для жывёл вучэбнай лабараторыі “Заасад”. Калі застаюцца лішкі збожжа, мы рэалізуем яго прадпрыемствам, — расказала намеснік дырэктара каледжа Алена Лунгіс.

На ўборцы збожжавых на ўласных палях у агралесатэхнічным каледжы задзейнічаны тры майстры вытворчага навучання — У.П.Барашко, А.Л.Сцяпанаў і А.П.Мунзікаў, слесар А.В.Барабаш, а таксама валанцёрскі атрад навучэнцаў. Усе работы ва ўстанове выконваюць сваёй тэхнікай.

— У каледжы ёсць камбайн, грузавы аўтамабіль для перавозкі збожжа і зернаток з неабходным абсталяваннем для яго сушкі. Убраць свае палі плануем за пару тыдняў. Пасля акажам неабходную дапамогу жыхарам усіх навакольных вёсак ва ўборцы ўраджаю на іх прысядзібных участках, — адзна­чыла Алена Анатольеўна.

Наогул, па вобласці на ўборцы збожжа зараз працуе вялікая колькасць педагогаў, студэнтаў, навучэнцаў. Яны шчыруюць на зернатаках, дапамагаюць гаспадаркам на адвозцы зерня, працуюць памочнікамі камбайнераў.

Менавіта на такой пасадзе ў ААТ “Гавяды-агра” Шклоў­скага раёна працуе Ангеліна Андрэйкавец. Ангеліна — маладая настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Па размеркаванні далучае да роднага слова навучэнцаў гімназіі гарадскога пасёлка Карма Гомельскай вобласці.

— Сама я — магілёўская. Шклоўшчына — мая малая ра­дзіма. Тут пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Яўген — механізатар у “Гавядах-агра”. Падчас уборачнай садзіцца за руль камбайна. Разам мы ўбіраем хлеб ужо трэці сезон. Але толькі першы раз працуем як сямейны экіпаж. Зусім нядаўна згулялі вяселле, — паведаміла Ангеліна Андрэйкавец.

Мядовы месяц пары праходзіць у палях, у бітве за ўра­джай. Але гэта быў свядомы выбар маладой сям’і. Для іх гэта — не толькі магчымасць добра зарабіць. Праца на ўборцы збожжа прыносіць сямейнаму экіпажу і вялікае маральнае задавальненне. Бо яны выразна разумеюць, што робяць вельмі важную для грамадства справу. Напэўна, як і ўсе іншыя людзі, якія зараз увесь светлавы дзень у палях, забяспечваюць краіне важкі хлебны каравай.      

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва аўтара.